/ / Общественно-политические
17.08.2017

Эксперымент: карэспандэнт газеты пад выглядам работніка «Белэнерга» змог без цяжкасцяў трапiць у кватэры даверлівых мiнчан

Вясной гэтага года ў «Белэнерга» сталі паступаць першыя паведамленні з Віцебска і Полацка пра тое, што, маўляў, іх супрацоўнікі навязваюць праверку і наступную замену электрычных лічыльнікаў. Але ў арганізацыі грамадзян папярэдзілі: такіх планавых пакватэрных праверак іх работнікі не праводзяць. Ужо ў пачатку жніўня няхітрыя прадпрымальныя асобы засвяціліся ў Гомелі і Мінску: напрыклад, яны завіталі да мінскай пенсіянеркі, хуценька аформілі паперы – яна нават не паспела апамятацца, як засталася з выстаўленым рахункам у 220 рублёў.

Махлярства

– «Белэнерга», каб пазбегнуць пашырэння маштабаў ашуканскай сеткі, на сваім афіцыйным сайце паведамiла пра такія выпадкі махлярства, – расказаў Аляксандр Малькоў, начальнік інфармацыйна-аналітычнага аддзела ДВА «Белэнерга». 

Карэспандэнт «Р» высвятляў, ці лёгка ўвесці ў зман нашых спажыўцоў: ён прадстаўляўся гаспадарам кватэр супрацоўнікам «Белэнерга» і прапаноўваў ім замяніць лічыльнікі.

Дом на Захарава. Каб пазбегнуць непрыемнасцей, мяне суправаджае ўчастковы інспектар міліцыі лейтэнант Яўген Хоміч. Варта адразу адзначыць, што апрануты я цалкам у цывільнае адзенне, без спецвопраткі, пасведчання пры мне няма, а гэта, між іншым, абавязковыя атрыбуты супрацоўніка «Белэнерга». За плячыма ў мяне сумка, у руках – нататнік для паважнасці.

Званю ў першыя дзверы. Адчыняе з густам апранутая пажылая жанчына. Прадстаўляюся супрацоўнікам «Белэнерга». Пенсіянерка адразу ж з парога запрашае зайсці ў кватэру і прапануе пачаставаць гарбатай – ад такой гасціннасці я спачатку трохі губляюся. Праходзім у залу. У кватэры мы не адны, але астатнія члены сям’і чымсьці занятыя на кухні, нават не ўнікаюць, што за госць з'явіўся.

Пажылыя людзi больш ахвотна адчыняюць дзверы незнаёмцамГаспадыня ўважліва мяне выслухоўвае і, калі я настойваю на замене лічыльніка, ахвотна згаджаецца. Сумненняў у маёй кампетэнтнасці ў яе чамусьці няма. Больш не ў сілах уводзіць у зман лагодную бабульку, «здымаю маску» і клічу Яўгена, які чакае на лесвічнай клетцы. Ён знаёмы з бабуляй: 

– Аляўціна Васільеўна, ну нельга ж быць такой даверлівай, – звяртаецца да гаспадыні лейтэнант.

– У мяне адчынены дзверы для ўсіх, – апраўдваецца тая. – Вось у савецкі час людзі больш адзін аднаму давяралі. 

Цікаўлюся ўзростам пенсіянеркі – 92 гады, адразу і не скажаш! Жадаем Аляўціне Васільеўне моцнага здароўя і заклікаем быць больш пільнай.

Падымаемся на наступны паверх. Званю, на парозе кватэры з’яўляецца сонны малады чалавек. Выдаю як з кулямёта завучаную легенду. Хлопец пад маім ціскам нават не паспявае ўставіць слова. Я працягваю імправізаваць: прыкмеціў, што ў доме лічыльнікі ўстаноўлены нядаўна, на падставе гэтага завязваю дыялог:

– Бачу, новыя лічыльнікі.

– Так, ім год.

– А суседзі скардзяцца, што яны барахляць.

Тут малады чалавек нечакана падхоплівае: 

– Ведаю пра гэта, скардзіліся. 

– Мне неабходна забраць лічыльнік на праверку, замест яго іншы паставім на час. 

Хлопец не мае нічога супраць, гатовы падпісаць, дзе трэба, абы хутчэй ад мяне пазбавіцца…

У наступнай кватэры мяне сустракае жанчына сярэдніх гадоў, у зале гучна працуе тэлевізар, на кухні сквірчыць мяса. Пачынаю дыялог, да якога падключаецца і гаспадар кватэры. Сямейная пара больш азадачана тым, каб паставілі спраўныя лічыльнікі, а што іх збіраецца ставіць «засланы казачок», упарта не заўважае. Запэўніваю суразмоўцаў: «Зараз дэманціруем лічыльнік, а паказанні занясём у пашпарт, але бланкаў, праўда, з сабой няма». І толькі пасля гэтага мужчына пытаецца пра маё пасведчанне.

Не ўсе ведаюць, як павiнен выглядаць сапраўдны работнiк «Белэнерга»

Падчас эксперымента я натыкнуўся толькі на адну кватэру, дзе мяне адразу паставілі на месца. Жанчына вяла дыялог з-за прычыненых дзвярэй, за якiмi падаваў голас, як высветлілася, бультэр'ер. Яна з парога заявіла: «Нас ніхто не папярэджваў, лічыльнік у вольным доступе, ідзіце глядзіце». Махляр адразу б зразумеў, што тут яму лавіць няма чаго. А яна пасля растлумачыла:

– Выпрацаваўся імунітэт – часта даймаюць «фiльтршчыкі» ды «аконшчыкi».

Наш эксперымент паказаў, што мінчане без цяжкасцей адкрываюць доступ у сваё жыллё незнаёмцам. Зразумела, што пры такім раскладзе махлярам – раздолле. Чым яны і карыстаюцца.

Кацярына ВяршыцкаяАфiцыйны прадстаўнiк ГУУС Мiнгарвыканкама Кацярына Вяршыцкая

– Махлярства – гэта складаная катэгорыя злачынстваў, таму што даказваць тут неабходна не дзеянне, а намер. Таму грамадзянам, каб засцерагчы сябе, варта заўсёды правяраць дакументы людзей, якія прадстаўляюцца супрацоўнікамі розных дзяржарганізацый, і тым больш прыватных кампаній. У выпадку калі такі супрацоўнік падаўся вам падазроным, варта паведаміць пра яго ў міліцыю – будзе праведзена праверка.

Ілья КРАСОЎСКІ, «Рэспубліка», 17 жніўня 2017 г.
(фота – Уладзімір ШЛАПАК)