/ / Общественно-политические
16.08.2017

У Беларусі 6 з 10 мужчын падтрымліваюць ідэю «дэкрэтнага» водпуску для бацькаў

Каб вывучыць грамадскую думку наконт кароткатэрміновага водпуску для татаў, Цэнтр сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ ў красавіку – маі гэтага года правёў сацыялагічнае апытанне. Выбарка склала 1000 рэспандэнтаў, ахоплена 78 населеных пунктаў – ад абласных гарадоў да вёсак.

На пытанне «Як вы ставіцеся да магчымасці ўвядзення бацькаўскага водпуску пры нараджэнні дзіцяці?» 66,2 працэнта адказалі, што падтрымліваюць. Сярод мужчын станоўча адказалі 61,2 працэнта, сярод жанчын – 70,3. Пры гэтым 43,9 працэнта рэспандэнтаў запэўнілі, што іх сям'я скарысталася б такім «дэкрэтным», калі б ён быў прадугледжаны заканадаўствам. Найбольшая доля станоўчых адказаў (амаль палова) прыпадае на катэгорыю асоб ва ўзросце ад 30 да 44 гадоў.

Якім будзе бацькаўскі водпуск? Плануецца, што яго будуць даваць на тэрмін да 14 дзён. Узяць яго можна аднаразова, у першыя паўгода пасля нараджэння дзіцяці – у той жа час, калі маці знаходзіцца ў сацыяльным водпуску.

– Мы ведаем, што гэта найбольш складаны перыяд, калі жанчына мае патрэбу ў старонняй дапамозе. Не заўсёды дапамога ёсць з боку бабуль ці іншых сваякоў. І самы блізкі чалавек – тата – павінен мець магчымасць правесці гэты час з сям'ёй, – тлумачыць намеснік начальніка аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына АРЦЁМЕНКА.

Абавязковы бацькаўскі водпуск заканадаўча замацаваны ў 25 краінах. Абавязковы ён перш за ўсё для наймальнікаў: гэта імператыўнае права работніка скарыстацца дадзенай гарантыяй, і работадаўца мусіць яе забяспечыць. Але 14-дзённы «дэкрэт» для беларускіх татаў не будзе аплачвацца (па аналогіі з водпускамі па сямейных абставінах, на перыяд вучобы).

Трэба сказаць, што сем'ям з дзецьмі ўдзяляецца асаблівая ўвага. Больш за 553 тысячы малых ахоплены сістэмай дзяржаўных дапамог – гэта амаль кожнае трэцяе дзіця. Дзяцей ранняга ўзросту забяспечваюць бясплатнымі прадуктамі харчавання. У першым паўгоддзі такую падтрымку мелі восем працэнтаў малых да двух гадоў. Сярэдні кошт месячнага набору прадуктаў харчавання склаў каля 85 рублёў.

Вельмі запатрабаваная паслуга сацыяльнай нянькі. За студзень – чэрвень ёй скарысталася 1881 сям'я (з іх 152 – з дзецьмі-інвалідамі). Гэта амаль столькі ж, колькі за ўвесь мінулы год (у 2016-м нянькі прыходзілі ў 1985 сем'яў).

Працягваецца праграма сямейнага капіталу. На 1 жніўня ў «Беларусбанку» было адкрыта 40,3 тысячы дэпазітных рахункаў на агульную суму больш за 403 мільёны долараў. Марына Арцёменка адзначае, што ўсе гэтыя меры дазволілі павысіць колькасць трэціх і наступных дзяцей у сем'ях. Так, калі ў 2014-м такіх дзяцей нарадзілася 17,3 тысячы, то летась – 22 тысячы. А колькасць шматдзетных сем'яў павялічылася да 91,6 тысячы.

Грашовыя выплаты прадугледжаны таксама для сем'яў, што ўсынавілі малых. Маргарыта МАЦВЕЕНКА, начальнік аддзела сацыяльна-педагагічнай работы і аховы дзяцінства Міністэрства адукацыі, заўважае, што гэта дазваляе і падтрымаць сям'ю матэрыяльна, і адзначыць тую высакародную справу, якую яна зрабіла. Выплаты на ўтрыманне сёння забяспечаны больш як шасці тысячам непаўналетніх – каля 90 працэнтаў ад усіх усыноўленых хлопчыкаў і дзяўчатак.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, «Звязда», 16 жніўня 2017 г.