/ / Общественно-политические и в области права
16.08.2017

Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі распачынае акцыю «У цэнтры ўвагі – дзеці»

Летнія канікулы адлічваюць апошнія дзянькі. Зусім хутка сотні тысяч беларускіх школьнікаў перамесцяцца за школьныя парты. Менавіта з гэтай нагоды ратавальнікі праводзяць акцыю «У цэнтры ўвагі – дзеці». А расказаць аб тым, што чакае маленькіх беларусаў і іх бацькоў, карэспандэнт «Звязды» папрасіў афіцыйнага прадстаўніка Мінскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Вольгу Мельчанку.

Сёлета акцыя пройдзе ўжо пяты раз. Яна падзелена на тры этапы. Першы з іх пачнецца зусім хутка – 21 жніўня.

Акция МЧС

Экіпіроўка ратавальнікаў побач з формай

Падрыхтоўка да школы рэдка абыходзіцца без візіту ў буйны гандлёвы цэнтр. Столькі ўсяго трэба набыць – і канцылярскія прылады, і форму, і абутак, і заплечнік... Зразумела, што рабіць пакупкі зручней у адным месцы, чым ездзіць па вялікім горадзе. На гэта і зробяць акцэнт ратавальнікі. Тым больш што вельмі многа бацькоў адкладаюць падрыхтоўку да школы на апошнія дні лета...

– Напрыклад, у аддзелах дзіцячага адзення на манекенах або вешалках будуць выстаўлены камплекты баявога адзення ратавальніка, – кажа Вольга Мельчанка. – Сярод іх – і экіпіроўка дзіцячых памераў. А ў аддзелах, якія гандлююць канцылярскай прадукцыяй, з'явяцца вогнетушыцелі і аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Уся атрыбутыка суправаджаецца цэтлікамі, на якія нанесены адпаведныя слоганы.

Таксама ў гандлёвых цэнтрах высадзіцца дэсант актывістаў Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных. Яны будуць раздаваць пакупнікам брашуры «Што рабіць, калі...», дзе апісаны алгарытм дзеянняў пры разнастайных надзвычайных сітуацыях, буклеты, памяткі для бацькоў, каляндарыкі.

Вучэбная эвакуацыя

«Першы званок» у школах сёлета прагучыць 1 верасня. Гэтая дата і стане пачаткам другога этапу акцыі.

– Прычым ужо ў гэты дзень на школьных лінейках і класных гадзінах супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Таварыства ратавання на водах правядуць з вучнямі прафілактычныя гутаркі, – працягвае Вольга Мельчанка. – Яны раскажуць пра асноўныя прычыны пажараў, падкажуць, як папярэдзіць бяду і як дзейнічаць пры абстаноўцы, якая пагражае жыццю і здароўю. Вучням пакажуць тэматычныя стужкі, знятыя паводле рэальных фактаў. А для тых, хто пакуль што спасцігае навуку ў пачатковай школе, падрыхтаваны спецыяльныя мультфільмы. Ім жа раздадуць шмат нагляднай прадукцыі.

Акрамя таго, з 1 па 16 верасня ва ўсіх школах Беларусі ратавальнікі дадуць тэматычныя «Урокі бяспекі». Завітаюць яны і на бацькоўскія сходы.

Але на адной тэорыі навучанне не спыніцца. У кожнай школе абавязкова будзе арганізавана вучэбная эвакуацыя.

Пра бяспеку – праз інтэрактыўнасць

А 18 верасня ратавальнікі завітаюць у дзіцячыя садкі.

– Для нас гэтая катэгорыя дзяцей – бадай што самая спецыфічная, – разважае Вольга Мельчанка. – Кнігі і буклеты, якія можна падарыць першакласнікам, дашкалятам, якія не ўмеюць чытаць, дапамогуць мала. І таму застаецца толькі гуляць на блізкіх асацыяцыях, каб малыя вучыліся бачыць сувязь паміж нейкім дзеяннем і яго вынікам. Тут мы выкарыстоўваем тэатралізаваныя пастаноўкі і інтэрактыўныя гульні. Самае галоўнае для нас – навучыць выхаванцаў садкоў, як трэба сябе паводзіць у надзвычайнай сітуацыі і як клікаць на дапамогу. Не забудземся і пра бацькоў: з імі пагутараць ратавальнікі і правядуць навучальныя інструктажы, а таксама пакажуць тэматычныя відэастужкі.

Дарэчы, па стане на 15 жніўня ў Беларусі адбыліся 3264 пажары, на якіх загінулі 263 чалавекі. Сярод іх – чацвёра дзяцей.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 16 жніўня 2017 г.