/ / Общественно-политические и в области права
07.08.2017

Кансультацыя спецыяліста: Чаргу сіраты па патрэбе ў жыллі можна перанесці па месцы яго размеркавання

Бацькі майго падапечнага загінулі ў ДТЗ. Як сірата ён знаходзіцца на ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у населеным пункце Магілёўскай вобласці, дзе раней жыў з бацькамі. Цяпер ён жыве з намі ў населеным пункце Мінскай вобласці. Як паставіць яго на ўлік па месцы нашага жыхарства? Ірына, Мінская вобласць.

На пытанне адказвае Святлана ПАЎЛЮЧЭНКАВА, кансультант упраўлення прававога рэгулявання сацыяльнай дзейнасці дзяржавы галоўнага ўпраўлення норматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі.

У населеным пункце Мінскай вобласці ваш падапечны можа быць прыняты на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пры наяўнасці падстаў для прызнання яго такой асобай: па катэгорыі дзяцей-сірот або на агульных падставах.

Пытанні пастаноўкі на ўлік прадугледжаны Палажэннем аб уліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, і аб парадку давання жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду (Палажэнне), якое зацверджана Указам Прэзідэнта Беларусі ад 16 снежня 2013 года № 563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін».

Згодна з Палажэннем, грамадзяне маюць права знаходзіцца на ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з дня наступлення паўналецця, а ў выпадку эмансіпацыі або ўзяцця шлюбу да дасягнення паўналетняга ўзросту – з даты рашэння аб эмансіпацыі ці ўзяцця шлюбу. Права на пастаноўку на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, можна рэалізаваць па месцы жыхарства або работы (службы).

У дачыненні да дзяцей-сірот Палажэнне вызначае асаблівы падыход пры пастаноўцы на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Яны маюць права знаходзіцца на ўліку грамадзян, якім патрабуецца паляпшэнне жыллёвых умоў, з даты першапачатковага набыцця імі статусу дзяцей-сірот. У выпадку смерці бацькоў, якія стаялі на такім уліку, – з даты іх пастаноўкі на ўлік у складзе сям'і бацькоў пры наяўнасці падстаў, прадугледжаных Палажэннем.

На ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, дзяцей-сірот прымае мясцовы выканаўчы і распарадчы орган па месцы першапачатковага набыцця статусу дзяцей-сірот або мясцовы выканаўчы і распарадчы орган па месцы іх работы (службы), якое дадзена па размеркаванні, накіраванні на работу адпаведна з дагаворам мэтавай падрыхтоўкі спецыяліста (рабочага, служачага).

Калі грамадзянін стаіць на ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па катэгорыі дзяцей-сірот у мясцовым выканаўчым і распарадчым органе па месцы першапачатковага набыцця статусу дзяцей-сірот, то да спаўнення яму 23 гадоў ён можа скарыстацца правам пастаноўкі на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у мясцовым выканаўчым і распарадчым органе па месцы работы (службы), калі яно дадзена па размеркаванні, накіраванні на работу адпаведна з дагаворам мэтавай падрыхтоўкі спецыяліста (рабочага, служачага) пры ўмове зняцця з уліку па месцы першапачатковага набыцця статусу дзяцей-сірот.

Ваш падапечны можа быць пастаўлены на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у населеным пункце Мінскай вобласці наступным чынам:;

  • па катэгорыі дзяцей-сірот – калі пасля навучання і да спаўнення яму 23 гадоў у гэтым населеным пункце яму будзе прадастаўлена работа (служба) па размеркаванні, накіраванні на работу адпаведна з дагаворам аб мэтавай падрыхтоўцы спецыяліста (рабочага, служачага);
  • на агульных падставах з моманту дасягнення паўналецця ваш падапечны мае права звярнуцца з заявай аб пастаноўцы на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, калі ён зарэгістраваны па месцы жыхарства ў гэтым населеным пункце і мае падставу быць прызнаным асобай, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 7 жніўня 2017 г.