/ / Общественно-политические
02.08.2017

Мясцовыя ўлады змогуць уводзіць новыя віды сацыяльных паслуг: адбыўся круглы стол па праблемных пытаннях сацыяльнай абароны інвалідаў

Пастаянная камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, якую ўзначальвае Ірына Старавойтава, правяла круглы стол на тэму «Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь»: правапрымяняльная практыка, праблемы і напрамкі ўдасканалення».

Заканадаўства чакае змен

Зацікаўленасць у абмеркаванні тэматыкі аб сацыяльнай абароне інвалідаў паказала вялікае кола ўдзельнікаў: парламентарыі, дэпутаты, прадстаўнікі міністэрстваў працы і сацыяльнай абароны, інфармацыі, аховы здароўя, адукацыі, архітэктуры і будаўніцтва, культуры, спорту і турызму, транспарту і камунікацый, дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб'яднанняў. Мерапрыемства праходзіла ў дзяржаўнай установе «Дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў».

Ірына Старавойтава абазначыла, што мэта правядзення круглага стала – выяўленне праблемных пытанняў сацыяльнай абароны інвалідаў, якія патрабуюць рэгулявання не толькі заканадаўчымі, але і іншымі нарматыўнымі прававымі актамі. Парламентарый расказала аб маніторынгу практыкі прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне інвалідаў у Рэспубліцы Беларусь», які праводзіцца Пастаяннай камісіяй, адпаведнасці нормаў закона сучасным сацыяльна-эканамічным умовам, агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права. Ужо ў гэтым годзе шэраг нормаў у заканадаўстве быў зменены і падтрыманы пастаяннай камісіяй па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці і Саветам Рэспублікі. Як прыклад, у снежні ўступіць у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльным абслугоўванні». Дзякуючы яму ў мясцовай улады будзе магчымасць уводзіць новыя віды сацыяльных паслуг у залежнасці ад патрэбнасцяў канкрэтнага рэгіёна. У чэрвені гэтага года ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу разгледзелі праект закона, які скіроўваецца на ўдасканаленне нормаў Закона аб дзяржаўнай дапамозе сем'ям з дзецьмі. Пытанні павышэння ўзроўню і якасці жыцця інвалідаў, дзяцей-інвалідаў, пажылых грамадзян вырашаюцца таксама ў межах дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона і садзейнічанне занятасці насельніцтва на 2016–2020 гады».

Зніжаць бар'еры ў жыцці і свядомасці

– Трэба прызнаць, што за апошнія гады ў Беларусі адбыліся кардынальныя змены ў разуменні грамадствам праблем людзей з інваліднасцю, – вынес сваю адзнаку Аляксандр Румак, намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны. – Рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў кірунку, які сёння мы абмяркоўваем, мела вынікі ў мінулых гадах таму, што яна ажыццяўляецца шляхам планавання. І праграмы, якія былі прынятыя ў мінулыя пяцігоддзі, дазволілі многа што зрабіць.

Колькасць людзей з інваліднасцю расце як у свеце, так і ў Беларусі. На 1 мая 2017 года людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў нашай краіне было больш чым 558 тысяч чалавек – гэта 5,8 працэнта ў агульнай структуры насельніцтва. У мінулым годзе ўпершыню інвалідамі было прызнана 58 271 чалавек, з іх 3 821 дзіця.

– Хацелася б звярнуць увагу на тое, што адна з падпраграм дзяржаўнай праграмы распрацавана, каб вырашыць праблемы працаўладкавання людзей з інваліднасцю, – дадаў Аляксандр Румак. – Ідзе праца над безбар'ерным асяроддзем. За 2007–2016 гады работы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя выкананы на 21,8 тыс. аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры рэспубліканскай і камунальнай формаў уласнасці, закуплена больш за 3,3 тыс. адзінак нізкападлогавага пасажырскага транспарту. Акрамя забеспячэння доступу для людзей з парушэннямі апорна-рухальнага апарату ствараецца свабодны доступ да інфармацыі і пазітыўнае меркаванне грамадства ў адносінах да інвалідаў. Так што сёння галоўны кірунак далейшай дзейнасці – развіццё сацыяльных паслуг, якія дазволяць суправаджаць людзей з інваліднасцю ў іх хатнім асяроддзі.

На круглым стале не абышлося і без абмеркавання спрэчных момантаў. Удзельнікі разгледзелі праблему нядобрасумленнага будаўніцтва, якое парушае нормы безбар'ернага асяроддзя, звярнулі ўвагу на магчымасць падрыхтоўкі спецыялістаў – перакладчыкаў мовы жэстаў. Адзначылі неабходнасць распрацоўкі індывідуальнай праграмы рэабілітацыі для дзяцей. Закранулі пытанне забеспячэння і зручнасці тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, большасць якіх вырабляе Беларускі пратэзна-артапедычны аднаўленчы цэнтр.

Што адпавядае міжнароднаму стандарту?

Яшчэ адной важнай тэмай абмеркавання стала далучэнне Беларусі ў 2015 годзе да Канвенцыі аб правах інвалідаў. Ірына Старавойтава адзначыла, что гэтае дзеянне запатрабавала сур'ёзных абавязацельстваў і карэкціроўкі заканадаўчай нарматыўна-прававой базы краіны, значных фінансавых укладанняў.

– Разам з грамадскімі арганізацыямі мы распрацавалі нацыянальны план па рэалізацыі Канвенцыі, – расказаў Аляксандр Румак. – Мэта Канвенцыі заключаецца ў заахвочванні, ахове і забеспячэнні поўнага ажыццяўлення інвалідамі на роўнай аснове ўсіх правоў чалавека. Яна ахоплівае такія параметры, як даступнасць, індывідуальная мабільнасць, здароўе, адукацыя, занятасць, рэабілітацыя, удзел у жыцці грамадства, а таксама роўнасць і адсутнасць дыскрымінацыі. Беларусь далучалася да Канвенцыі з пэўным багажом уласных напрацовак.

Змяненняў, каб адпавядаць міжнародным стандартам, запланавана многа, так, напрыклад, будзе ўведзены і растлумачаны новы тэрмін «дыскрымінацыя па прыкмеце інваліднасці», з'явяцца прапрацаваныя нормы, па якіх можна будзе ўводзіць чалавека ў паўнавартасную сацыяльную, працоўную і іншую дзейнасць. Мяркуецца ўвесці механізм сітуацыйнай дапамогі – гэта калі чалавек трапляе на які-небудзь аб'ект і побач знаходзіцца супрацоўнік, гатовы дапамагчы, падказаць, як той можа скарыстацца пэўнымі паслугамі, напрыклад, наведаць культурнае мерапрыемства, ажыццявіць паездку ў транспарце.

Дом без стэрэатыпаў

Удзельнікі круглага стала таксама азнаёміліся з умовамі пражывання ў доме-інтэрнаце. Мінскі дом-інтэрнат для пенсіянераў і інвалідаў дае жыллё, занятак і магчымасць стасункаў для падапечных рознага ўзросту, інвалідаў I і II груп і разлічаны на адначасовае пражыванне 405 чалавек. Сёння тут 390 жыхароў. Дырэктар установы Вера Ляўкоўская паказала, якім чынам арганізавана жыццё падапечных, правяла гасцей па жылых пакоях і спецыяльных кабінетах.

Акрамя медыцынскай дапамогі і рэабілітацыі ў доме-інтэрнаце дзейнічае кабінет працатэрапіі, дзе падапечныя ствараюць дэкаратыўныя кампазіцыі, паштоўкі, сувеніры. Асноўная задача – аднаўленне страчаных магчымасцяў. «Нават маленькая падзвіжка, калі чалавек самастойна можа паднесці лыжку да рота – гэта ўжо перамога», – кажа дырэктар. У кабінете эргатэрапіі спецыялісты дапамагаюць развіваць дробную маторыку, займаюцца з кожным індывідуальна, па спецыяльных праграмах рэабілітацыі.

Не выходзячы з установы можна трапіць у кінатэатр, актавую залу, дзе ладзяцца ў тым ліку канцэрты і дыскатэкі, бібліятэку, кабінет для фізічных заняткаў. Зусім нядаўна будаўнікі, якія праводзілі капітальны рамонт, падарылі дому-інтэрнату спеліякамеру – салявы пакой для лячэбных працэдур.

Падапечныя інтэрната маюць магчымасць і прафесійнай дзейнасці, 45 чалавек атрымалі працоўныя рэкамендацыі.

Здараліся і гісторыі, калі падапечны трапляў у дом-інтэрнат на калясцы, а потым ішоў жыць на кватэру ўласнымі нагамі. Работнікі інтэрната падтрымліваюць з такімі «выпускнікамі» сувязь, распытваюць, ці не патрэбна дапамога. Удзельнікі круглага стала адзначылі важнасць індывідуальнай работы з кожным чалавекам.

Членамі Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі падведзены папярэднія вынікі аб неабходнасці комплекснага падыходу пры рашэнні праблем і ўдасканальванні заканадаўства па пытаннях інвалідаў. Сёння патрабуюць карэкціроўкі не толькі закон аб сацыяльнай абароне інвалідаў, але і закон аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, закон аб папярэджанні інваліднасці і рэабілітацыі інвалідаў. Мэты нацыянальнага заканадаўства супадаюць з мэтамі Канвенцыі аб правах інвалідаў.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ, «Звязда», 2 жніўня 2017 г.