/ / Общественно-политические и в области права
29.04.2017

У Беларусі па 30 мая ўстанаўліваецца забарона на вылаў судака ў мэтах аховы віду

Гэта рыба засяляе ўсе буйныя рэкі Беларусі, многія азёры і вадасховішчы, але ўсюды яна нешматлікая. А зараз сустрэцца з судаком на законных падставах і ўвогуле няма шанцаў: у мэтах аховы віду ў перыяд яго нерасту па 30 мая ў краіне ўстанаўліваецца забарона на вылаў драпежніка.

Судак

Большую частку года судак, як правіла, трымаецца каля дна, а падчас нерасту выходзіць на мелкаводдзе. Нерастуе пры добрым прагрэве вады – прыкладна да 15 градусаў. Пахаладанне здольна расцягнуць гэты працэс на два-тры тыдні і больш, расказалі ў Дзяржінспекцыі.

У рэках судак адкладае ікру на водныя расліны, у іншых вадаёмах – на пясок і камяні. Месцы для нераставання выбіраюць самцы. Яны ж клапоцяцца пра нашчадкаў: абараняюць ікру ад драпежных рыб і засцерагаюць яе ад заілення, змываючы бруд частымі і моцнымі рухамі грудных плаўнікоў. Хуткасць развіцця ікры таксама залежыць ад тэмпературы вады – чым яна ніжэйшая, тым больш часу неабходна. Увесь гэты тэрмін самцы нясуць сваю «вахту» і абсалютна абыякавыя да рыбы, якая сноўдае побач.

Сяргей РАСОЛЬКА, «Звязда», 29 красавіка 2017 г.