/ / Общественно-политические и в области права
26.04.2017

Ці патрэбны шлагбаумы на прыдамавых стаянках: парадак іх устаноўкі ў сталіцы спрошчаны яшчэ ў мінулым годзе

Восенню мінулага года ў сталіцы спрасцілі парадак устаноўкі шлагбаумаў у дварах жылых дамоў. Прадстаўнікі дзяржаўнага аб'яднання «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка» чакалі, што жыхары сталіцы пачнуць актыўна адгукацца на ініцыятыву ў вясновы перыяд. Аднак, як на красавіцкай прэс-канферэнцыі заявіла намеснік генеральнага дырэктара аб'яднання Галіна ГІЛЕВІЧ, заяўкі аб устаноўцы шлагбаумаў усё яшчэ адзінкавыя. Мы паспрабавалі даведацца, ці дапамагае шлагбаум вырашыць праблему з вострым недахопам парковачных месцаў, колькі каштуе гэта «задавальненне» і ці сапраўды ўсё так проста з яго ўстаноўкай.

Шлагбаум

І быццам не складана, але...

Рашэнне аб змяненні парадку ўстаноўкі шлагбаумаў было прынята ў сувязі з вялікай цікавасцю гараджан да гэтага пытання. Але, як аказалася, ад слоў да справы шлях не заўсёды кароткі. Хоць механізм дзеянняў цяпер і больш выразна сфармуляваны, назваць яго лёгкім не паварочваецца язык. Спачатку ініцыятыўная група жыхароў двара арганізоўвае абмеркаванне, падчас якога прымаецца агульнае рашэнне: усё сур'ёзна, прагаласаваць «за» павінны 50% плюс адзін чалавек. Праблема ў тым, што многія прытрымліваюцца прынцыпу «мая хата з краю – хай вырашаюць самі». А трэба ж не толькі вызначыцца «ставім!», але і выбраць пэўны тып і фірму, якая выканае работы.

Калі ўсё ж такі гэты этап паспяхова пераадолены, небходна з заявай (у якой будзе інфармацыя аб тым, дзе і якога тыпу шлагбаум плануецца ўсталяваць, як будзе забяспечвацца бесперашкодны заезд спецтэхнікі і якім чынам захаваюцца пешаходныя сувязі) звярнуцца ў раённую адміністрацыю. У выпадку адсутнасці падстаў для адмовы праект прымаецца. Але гэта яшчэ не ўсё.

Далей на чарзе КУП «Мінскі гарадскі цэнтр інжынірынгавых паслуг», дзе цягам месяца складуць архітэктурна-планіровачнае заданне, а таксама збяруць тэхумовы і заключэнні ад узгадняючых арганізацый: канструкцыя не павінна размяшчацца на інжынерных сетках водаправода, каналізацыі, ліўневых сцёкаў, электрычных і газавых сетках. Пасля гэтага ўстаноўку трэба ўзгадніць з камітэтам архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама і, нарэшце, можна прыступаць да саміх работ.

Ва ўсёй гэтай схеме радуе хіба што дакладны алгарытм дзеянняў, а вось прынцып «аднаго акна» ў гэтым выпадку нагадвае больш форму матрошкі: за першым «акном» увесь час ідзе наступнае...

Любы капрыз за вашы грошы

Праўда, знаходлівым фірмам гэта, наадварот, на руку: яны гатовыя ўзяць на сябе ўстаноўку шлагбаума «пад ключ». Хіба што арганізацыйны сход не праводзяць, а так – усё да вашых паслуг. Стартавы кошт на ўсё, акрамя самога абсталявання, ад 2500 рублёў. Але там, дзе кошт у рэкламных аб'явах пачынаецца «ад», яго трэба памножыць як мінімум на паўтара, а гэта прыблізна 3750 рублёў.

Што да самога шлагбаума, то ад яго розных відаў вочы разбягаюцца – практычна як у моднай краме жаночага адзення. Каб не згубіцца ў гэтай разнастайнасці, варта звяртаць увагу на галоўныя параметры. Па-першае, шырыня. Калі праезд досыць шырокі, то больш рацыянальна ўстанаўліваць шлагбаумы з двух бакоў дарогі: на ўезд і на выезд, а не адзін велізарны. Па-другое, гэта хуткасць узняцця. Вядома, можна аддаць перавагу і не самаму хуткаму механізму, але цалкам магчыма, што сэканомленая сума будзе ў выніку выдаткаваная на заспакаяльныя таблеткі для і без таго нервовых кіроўцаў. І па-трэцяе, інтэнсіўнасць выкарыстання. Тут варта адштурхоўвацца ад колькасці жыхароў двара: зразумела, чым яна вышэйшая, тым больш зносаўстойлівы шлагбаум лепш выбіраць. Цана на абсталяванне пачынаецца ад 1500 рублёў і можа ў залежнасці ад спалучэння розных параметраў павялічвацца ў некалькі разоў.

Дарэчы, калі шлагбаум будзе замінаць правядзенню работ па добраўпарадкаванні двара, будаўніцтву або капрамонту будынкаў, яго дэмантаж і паўторны мантаж павінны аплачваць самі жыхары.

Што датычыцца спосабаў узаемадзеяння са шлагбаумам, то пульт дыстанцыйнага кіравання хоць і самы звыклы, але яго паступова выцясняюць больш сучасныя тэхналогіі. Напрыклад, GSM-модулі. У гэтым выпадку шлагбаумам можна кіраваць пры дапамозе тэлефонных званкоў, sms або мабільных праграм. Адначасова ў базе могуць знаходзіцца да 2000 абанентаў, прычым можна задаваць параметры наведвання двара, напрыклад, аднаразова або толькі ў пэўныя гадзіны. Гэта важна, бо, акрамя жыхароў, на дваровую тэрыторыю можа заязджаць і службовы транспарт: ад смеццявозаў да машын хуткай дапамогі. Для службовага транспарту ёсць і іншыя спосабы атрымаць доступ да праезда – напрыклад, шлагбаумы могуць адкрываць кансьержкі, можа дзейнічаць сістэма распазнання спецыяльных нумарных знакаў ці сярод вадзіцеляў будуць распаўсюджаны адзіныя коды доступу.

«Лепш бы стаянку пашырылі»

Так выглядае «тэорыя», а вось пра яе рэалізацыю на практыцы нам расказалі самі мінчане. У двары дома, дзе жыве Дзяніс Сяргееў, шлагбаумы з'явіліся паўгода таму. Праўда, прызнаецца малады чалавек, сітуацыю яны істотным чынам не змянілі, бо ў дамах абсталяваны падземныя паркінгі, так што ад недахопу машынамесцаў ніхто не пакутаваў. «Гэта быў, хутчэй, капрыз старшыні таварыства ўласнікаў. Але большасць яго адразу падтрымала, працэс пайшоў даволі хутка, перыяд ад абмеркавання да ўстаноўкі заняў каля трох месяцаў. За саму ўстаноўку мы не плацілі, сума была ўзятая з агульных грошай, толькі за бірульку – па меры патрэбы, – якая каштавала 20 рублёў», – расказвае Дзяніс. Адзінае – цяпер у двор не могуць уехаць таксісты. У астатніх выпадках праблемныя сітуацыі вырашае дыспетчар.

А ў Кацярыны Ваўчок у двары толькі ідзе падрыхтоўчая работа да ўстаноўкі шлагбаума. «Нашаму дому, які знаходзіцца ў мікрараёне Ангарская, крыху больш за тры гады». У двары пабудавана свая стаянка, якую... аблюбавалі жыхары ўсіх навакольных дамоў! Іх не бянтэжыць папераджальны знак, што ўезд дазволены толькі для жыхароў нашага дома, якія ўваходзяць у ТУ. Асабліва востра паўстае гэтае пытанне зімой, калі пасля снегападу людзі чысцяць свае месцы, трацяць шмат сіл, а ўвечары стаянка ўжо нахабна занятая кімсьці іншым. Некалькі разоў мы заводзілі гэтую тэму, але канчаткова дамовіліся толькі пасля зімы, калі трэба было прыводзіць у парадак свае парковачныя месцы. Наша старшыня сама займаецца гэтым пытаннем, паведамляючы ўсім аб праведзенай рабоце праз дошку аб'яў. Пакуль прайшоў толькі месяц, так што яшчэ чакаем. Мяне пакуль хвалюе толькі тое, як у двор будзе заязджаць дастаўка прадуктаў, бо яна не ўваходзіць у спіс службовага транспарту, якому абавязкова трэба адкрыць доступ», – падвяла вынік Кацярына.

А вось Вольга Гладко ўстаноўкай шлагбаумаў катэгарычна незадаволеная. «Мы жывём на ўскраіне, паблізу няма ніякіх офісаў. Заўсёды занятыя парковачныя месцы – вынік таго, што іх не хапае нават самім жыхарам. Пасля гэтай бессэнсоўнай працэдуры – устаноўкі шлагбаума – нічога не змянілася. Хто паспеў, таго і тапкі, як кажуць. Лепш бы гэтыя сродкі выдаткавалі на абсталяванне яшчэ некалькіх машынамесцаў».

Усяго ў Мінску колькасць двароў, абсталяваных шлагбаумамі, якія знаходзяцца на абслугоўванні жыллёва-камунальных арганізацый, складае некалькі дзясяткаў. Што будзе далей? Пажывём-пабачым...

Дар'я КАСКО, «Звязда», 26 красавіка 2017 г.

(фота – Надзея БУЖАН)