/ / Общественно-политические и в области права
18.04.2017

Да 28 красавіка 2017 года ў Беларусі праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя «Дом без гвалту»

Па выніках даследавання 2014 года, 77 працэнтаў беларускіх жанчын ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў з вопытам сямейнага жыцця сутыкаліся з праявамі дамашняга гвалту. Заўважана, што найчасцей гвалтаўнікі – гэта людзі, якія не працуюць, раней судзімыя, маюць нізкі сацыяльны статус і адукацыйны ўзровень, хоць вядомы і іншыя прыклады. Дастаткова сказаць, што ў сем'ях ад гвалту пакутуюць не толькі ўласна гаспадыні, але і дзеці, і састарэлыя бацькі.

– Сотні фактаў гвалту мы фіксуем штогод у дачыненні да дзяцей, – адзначае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення – начальнік упраўлення прафілактыкі галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Алег КАРАЗЕЙ. – Пры гэтым ёсць і злачынствы сексуальнага характару, якія здзяйсняюцца не толькі сужыцелямі, але нават бацькамі дзяцей. Па выніках мінулага года зафіксавана 66 фактаў гвалту сексуальнага характару ў дачыненні да дзяцей з боку бацькоў або асобаў, якія іх замяшчаюць. Пакутуюць і старыя людзі, пераважна на вёсцы. Там беспрацоўныя дзеці адбіраюць у іх пенсію...

Закона аб прафілактыцы гвалту ў сям'і ў нашай краіне пакуль няма, аднак паводле новай рэдакцыі Закона «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» замацаваны такія механізмы, як прафілактычная размова, афіцыйнае папярэджанне, прафілактычны ўлік, абарончае прадпісанне. Зараз на прафілактычным уліку – амаль 7 тысяч чалавек, з якімі праводзіцца штомесячная работа па месцы жыхарства, акрамя таго, яны запрашаюцца і ў органы ўнутраных спраў. За апошні год было вынесена каля 3 тысяч абарончых прадпісанняў. У 83 працэнтах выпадкаў агрэсар абавязаны быў пакінуць жылое памяшканне.

Колькасць пацярпелых у выніку сямейных канфліктаў зніжаецца ў краіне. Гадоў 10 таму размова ішла пра 300 чалавек, загінулых на працягу года ад рук сваіх блізкіх, летась было каля 100 чалавек.

«Але ёсць яшчэ больш шырокія перспектывы ў галіне ўдасканалення заканадаўства і карэкціроўкі нашай практычнай работы, – дадае Алег Каразей. – Тут мы ўскладаем надзеі на Стамбульскую канферэнцыю, якая з'яўляецца асноўным для Еўропы дакументам у галіне папярэджвання гвалту ў сям'і. Першае, з чаго трэба пачаць, – звярнуцца да самога паняцця «гвалт у сям'і». Сёння пад гэтым мы разумеем дзеянні фізічнага, сексуальнага і псіхалагічнага характару, якія ўчыняюцца супраць члена сям'і. Маецца на ўвазе сумеснае пражыванне і вядзенне сумеснай гаспадаркі. Але ў шэрагу выпадкаў шлюб можа быць скасаваны, і пры гэтым людзі працягваюць пражываць разам, хоць і не вядуць сумесную гаспадарку. Не распаўсюджваецца закон і на выпадкі, калі дарослыя дзеці пражываюць асобна, але наведваюцца да пажылых бацькоў, каб адбіраць грошы. З пункту гледжання Стамбульскай канвенцыі, заканадаўства павінна распаўсюджвацца і на былых членаў сям'і.

Вядома, што на сямейным бюджэце адбіваюцца не толькі штрафы (іх памер пачынаецца ад 0,1 базавай велічыні), але і адміністрацыйны арышт, які цягне за сабой аплату за адны суткі затрымання (вяртанне сумы за харчаванне ў памеры паловы базавай велічыні, або 11,5 рубля). У процівагу гэтаму нам патрабуецца ўвядзенне і такога механізму, як карэкцыйная праграма, якая працуе ў многіх краінах і сёння адпрацоўваецца ў нас».

– Законы самі па сабе не вырашаюць праблему, – адзначае краінавы дырэктар ЮНФПА для Беларусі Каспар ПІК. – Калі ахвяра не будзе ведаць, куды звярнуцца і дзе знайсці падтрымку, мы ёй не дапаможам, а калі не будзем працаваць з агрэсарамі і не навучым іх рабіць інакш, значыць, яны будуць паўтараць насілле. Гаворачы пра ахвяр, мы кажам пра нашых маці, сясцёр, сваячак, якія могуць стаць пацярпелымі. Калі б гэта датычылася хваробы, мы ўжо крычалі б: «эпідэмія». Насілле – гэта яшчэ і эканамічныя страты. Дзяржава губляе мільярды долараў, калі пацярпелая жанчына не можа нармальна працаваць і засяроджвацца на сваёй справе, а яе дзеці не здольныя паспяхова вучыцца.

Жанчыны, якія аказваюцца ў прытулках, часта не валодаюць ніякімі навыкамі, не могуць пачаць шукаць працу. У выніку яны вяртаюцца да агрэсараў, бо залежаць ад іх фінансава, значыць, праграмы па аказанні дапамогі пацярпелым павінны прадугледжваць прафесійную падрыхтоўку/перападрыхтоўку жанчын.

Фіёна Гіб, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі, прыводзіць прыклад уздзеяння на свядомасць людзей і іх успрыняцце гвалту праз драму, якая гучыць на радыё ВВС. Гэта выдуманая гісторыя пра неіснуючую вёску, жыхары якой падвяргаюць фізічнаму і псіхалагічнаму насіллю адно аднаго... Роб здзекуецца з жонкі Элен. Яму не падабаецца, як яна гатуе і апранаецца, яна добрая, толькі калі слухаецца яго. Жанчына трапляе ў аўтамабільную аварыю, і быццам бы клапатлівы Роб забараняе жонцы кіраваць. Элен трапляе ў поўную ізаляцыю, а мужчына расказвае, што жонка пакутуе ад лунацізму, пагражае іх сыну, якога ў выніку накіроўваюць у інтэрнат. Драма выклікае вельмі моцныя эмоцыі ў слухачоў. У той момант, калі жанчыны чуюць, што Элен ударыла мужа нажом, многія пачынаюць разумець, што таксама пакутуюць ад дамашняга гвалту, і колькасць званкоў на лініі для яго ахвяр узрастае.

Шведскае заканадаўства абавязвае школы і бальніцы заяўляць у муніцыпальныя службы нават пра падазрэнні пра гвалт у сям'і. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыя ў Беларусі Марцін Оберг заўважае, як важна пазбаўляцца неандэртальскіх стэрэатыпаў паводзін, вучыцца адкрыта гаварыць аб праблеме – менавіта гэта забяспечыла поспех у складанай справе самой Швецыі.

Да 28 красавіка ў краіне праводзіцца рэспубліканская прафілактычная акцыя «Дом без гвалту», у межах якой прадстаўнікі міністэрстваў унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны ўпершыню возьмуць удзел у рабоце агульнанацыянальнай гарачай лініі для пацярпелых ад дамашняга гвалту 8 801 100 8 801 (20 красавіка з 9.00 да 13.00).

Святлана БАРЫСЕНКА, Ірына СІДАРОК, «Звязда», 18 красавіка 2017 г.