/ / Общественно-политические и в области права
12.04.2017

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Леанід Брыч – аб рабоце над папраўкамі да некаторых законаў

Самае галоўнае пытанне, якое стаіць на парадку дня, – далейшае паступальнае развіццё эканомікі. Пойдзе ўверх эканоміка краіны – з'явіцца больш рабочых месцаў, стане меншым градус сацыяльнай напружанасці. Паспрыяць пералічанаму, паскорыць гэты працэс павінны шэраг законапраектаў, якія абмяркоўваюцца цяпер у парламенце. Аб гэтым і не толькі мы гаворым з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Брэсцкай-Заходняй выбарчай акругі №1 Леанідам БРЫЧОМ.

Леанід Брыч

– У краіне ёсць праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2020 года. Яе рэалізацыя ў многім залежыць ад заканадаўчай базы, – кажа Леанід Брыч. – Цяпер наша камісія працуе над удасканаленнем законаў аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве, прыватызацыі, інвестыцыях, банкруцтве, гаспадарчых таварыствах і дзяржзакупках. Усе яны накіраваныя на стымуляванне беларускай эканомікі, на разняволенне дзелавой ініцыятывы, адным словам, на развіццё. Настаў час прыняць цэлы комплекс мер для карэннага паляпшэння ў сферы бізнесу. Гэта датычыцца і кантрольна-рэвізійнай дзейнасці, і магчымасці інвестыцый у сферу будаўніцтва, і многага іншага.

Скажам, закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве быў прыняты ў 2015 годзе. Цяпер ён дапрацоўваецца. Гэта надзвычай актуальны закон. З аднаго боку, ім прадугледжаны гарантыі і абавязацельствы дзяржавы, а з другога – пэўная смеласць інвестара. Апошні, як чакаецца, укладзе свае сродкі на перыяд 10–15 гадоў, ці нават 20–25 гадоў у развіццё той ці іншай галіны эканомікі краіны.

Пілотны праект, які рэалізуецца дзякуючы гэтаму закону, – будаўніцтва ўчастка дарогі М10 (Кобрын – Гомель). Інвестарам выступіў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Але падчас яго рэалізацыі ўзніклі пытанні, якія запатрабавалі ўнесці папраўкі ў закон. Заканадаўчы акт будзе дапрацаваны. І мы спадзяёмся, што прыклад з названага банка возьмуць іншыя інвестары. Пляцоўкі для ўкладвання інвестыцый вызначаны. Сярод іх можна назваць будаўніцтва анкалагічнага дыспансера ў Гродне, узвядзенне дзіцячых садкоў у Мінскай вобласці і станцыі хуткай дапамогі ў Баранавічах. Кожны з абласных выканаўчых камітэтаў мае ў планах падобны праект.

– Тое, пра што вы расказалі, няхай і на пачатковай стадыі, але набывае рэальныя абрысы. Хацелася б даведацца пра новыя, хай сабе рэвалюцыйныя, ідэі, што разглядаюцца ці абмяркоўваюцца ў вашай камісіі.

– Ідэі бываюць даволі смелыя. Магчыма, некаторыя з іх з часам знойдуць сваё ўвасабленне, хоць пакуль гэта выражаецца на ўзроўні дыскусіі. Так было, напрыклад, падчас сумеснай нарады нашай камісіі з кіраўніцтвам Міністэрства эканомікі. Мы абмяркоўвалі магчымасць легалізацыі капіталаў, якія захоўваюцца ў нашых суайчыннікаў. Ніхто дакладна не ведае, але, супаставіўшы розныя крыніцы інфармацыі, можна меркаваць аб існаванні прыблізна 5–7 мільярдаў долараў, якія, вобразна кажучы, «захраслі» ў панчохах альбо «закатаныя» ў слоіках. Калі б неўзабаве паявіўся заканадаўчы акт, які гарантаваў бы недатыкальнасць гэтых сродкаў, людзі змаглі б укласці частку грошай у агульнакарысную справу.

Сёння прапануецца прапісаць і такую норму, у адпаведнасці з якой пры будаўніцтве жылля падатковыя органы не будуць патрабаваць дэкларацыю альбо пытацца, адкуль гаспадар узяў грошы на ўзвядзенне дома. Пакуль, праўда, гэты дакумент існуе як праект, але ёсць спадзяванне, што сёлета ён будзе зацверджаны. І гэта першы крок да той самай легалізацыі. Крок, прадыктаваны падзеямі апошніх гадоў. Менавіта рынкавая арыентацыя эканомікі выклікала пагалоўную аптымізацыю. За тры-чатыры гады ў адной толькі Брэсцкай вобласці было скарочана амаль 50 тысяч чалавек. Вядома, частка з іх уладкавалася на іншыя прадпрыемствы, у тым ліку новыя, напрыклад у СЭЗ. Але частка пайшла па шляху самазанятасці. Нехта здолеў зарабіць сродкі на будоўлях суседніх краін, іншыя кармілі сям'ю паездкамі ў Польшчу: гарэлка, цыгарэты, дызельнае паліва... Для таго каб ажывіць эканоміку, трэба пралічваць усе шляхі, задзейнічаць усе магчымасці.

– Якія папраўкі чакаюць закон аб прыватызацыі і як гэта можа паўплываць на стымуляванне эканомікі?

– Самая грунтоўная папраўка, якая чакае названы закон, датычыцца змянення тэрміну іскавай даўнасці з моманту прыватызацыі. Цяпер тэрмін даўнасці складае 10 гадоў. Гэта значыць, што пры вызначаных абставінах здзелка можа быць ануляваная і праз дзесяцігоддзе. Прапаноўваем скараціць названы тэрмін да 3 гадоў. Чаму? Эксперты кіраваліся найперш сусветным вопытам, такі адрэзак практыкуюць большасць дзяржаў. А, напрыклад, у Расіі прапаноўваюць скараціць тэрмін іскавай даўнасці наогул да аднаго года. Рабочая група хутка збярэцца і будзем усебакова абмяркоўваць і разглядаць усе прапановы.

Змяненне, якое мы прапануем, накіравана перш за ўсё на лібералізацыю адносін у эканоміцы. Мы спадзяёмся, што такая мера дазволіць актывізаваць інвестара.

– Цяпер многа і справядліва гаворыцца пра паляпшэнне бізнес-клімату, пра разняволенне прыватнай ініцыятывы... Але як, па-вашаму, пераадолець супраціўленне на месцах, якое ідзе ад боязі быць пакараным за ініцыятыву? У нашай газеце не так даўно быў надрукаваны матэрыял пра хаджэнне па пакутах прадпрымальніцы з вёскі Кобрынскага раёна. Яна не можа набыць памяшканне, якое пустуе 16 гадоў! Ёй выстаўляюць нерэальны кошт. І такіх прыкладаў колькі хочаш. Службовыя асобы баяцца, што іх абвінавацяць у карупцыі, і кіруюцца прынцыпам: лепей перасядзець. За гэта ж не пакараюць. А калі аддасі танна той жа пусты, нікому не патрэбны будынак, могуць прыйсці і спытаць.

– Пра гэта зараз актыўна загаварылі, у тым ліку і ў нас у парламенце. Рыхтуецца дакумент па ўпарадкаванні кантрольна-рэвізійнай дзейнасці, які прадугледжвае і права рызыкі для кіраўніка. Згодны з вамі, кіраўнік цяпер сядзіць і думае: не буду рабіць рэзкіх рухаў, каб не прыцягнуць да сябе лішнюю ўвагу. Нядаўна мой калега, дэпутат аднаго з сельскіх раёнаў, абурана расказваў пра зварот да яго мясцовага фермера. Сельскі гаспадар просіць перадаць яму некалькі гектараў закінутай зямлі і не можа нічога дабіцца. У райвыканкаме не бяруць на сябе адказнасць прыняць адпаведнае рашэнне. Здавалася б, калі ты баішся на месцы паставіць выніковы подпіс, звярніся ў аблвыканкам, заручыся падтрымкай, але зрабі на карысць справы. У любым выпадку пустуючыя будынкі, зямля, прыцягнутая ў гаспадарчы абарот, паслужаць не толькі асобнаму прадпрымальніку, яны пацягнуць за сабой стварэнне новых рабочых месцаў, павелічэнне падаткаў, паляпшэнне эканамічнай сітуацыі, хай сабе на мікраўзроўні. Але ж прагрэс краіны немагчымы без прагрэсу аднаго ўмоўнага прадпрыемства нават з самай малой вёсачкі. Таму, вядома, патрэбны нейкі дакумент заканадаўчага характару і з гэтай нагоды. Я думаю, дэпутаты прымуць самы актыўны ўдзел у яго распрацоўцы.

– У вас, Леанід Рыгоравіч, толькі што скончыўся прыём грамадзян. Не магу не спытаць: з якімі праблемамі і пытаннямі ідуць людзі да дэпутата?

– За час работы ў якасці дэпутата я правёў пяць прыёмаў выбаршчыкаў. Кожны раз прыходзіць ад пяці да дзесяці чалавек. У асноўным людзі звяртаюцца па пытаннях, звязаных з добраўпарадкаваннем і камунальнымі праблемамі, часам просяць паспрыяць з працаўладкаваннем. Двое грамадзян прынеслі свае прапановы па змяненні законаў. Адзін мае праект па ўдасканаленні артыкула жыллёвага кодэкса, другі лічыць патрэбным унесці змены ў закон аб жывёлах. У абодвух выпадках яны сутыкнуліся з праблемамі на асабістым прыкладзе і прыйшлі да высновы, што іх досвед можа стаць падставай для ўдасканалення законаў. Мяне як дэпутата такі падыход радуе.

А літаральна нядаўна звярнулася пенсіянерка з брэсцкага мікрараёна Бярозаўка, якая не можа дабіцца справядлівасці. Яна прынесла дакументы, з якіх вынікае, што пры ўзвядзенні ліўневай каналізацыі па чыімсьці недаглядзе абышлі яе дом. А цяпер жанчыне прапануюць правесці камунікацыі за ўласны кошт. Усім суседзям зрабілі бясплатна, адной прапануюць заплаціць. Сапраўды абсурдная сітуацыя. Буду накіроўваць дэпутацкія запыты з тым, каб дапамагчы жанчыне.

Святлана ЯСКЕВІЧ, «Звязда», 12 красавіка 2017 г.
(фота – Валерый КАРОЛЬ)