/ / Общественно-политические и в области права
04.04.2017

Пра крэдыт, які «зарабляецца» дэпазітам: мінусы і плюсы сістэмы будаўнічых зберажэнняў

Менавіта ў час памяншэння стаўкі рэфінансавання ўдзельнікі сістэмы будзберажэнняў разумеюць, што ім пашанцавала.

Сістэма будаўнічых зберажэнняў

У мінулым аналітычным матэрыяле пра крэдыты мы наўмысна не згадалі пра такі комплексны банкаўскі прадукт ад Беларусбанка, як сістэму будаўнічых зберажэнняў. Пра яе трэба расказаць асобна. Сутнасць яе заключаецца ў падзеле на два этапы. Сістэма прадугледжвае інвеставанне грашовых сродкаў у будаўніцтва або набыццё жылля і складаецца з двух перыядаў – назапашвання ўласных зберажэнняў шляхам адкрыцця «Жыллёва-зберагальнага ўкладу» і перыяду крэдытавання.

Збіраем чвэрць ад неабходнай сумы

Пасля азнаямлення з умовамі праграмы кліент самастойна вызначае памер заяўленай сумы, якую будзе назапашваць на ўкладным рахунку да заканчэння дагаворнага тэрміну папаўнення. Потым выбірае адзін з трох прапанаваных планаў назапашвання (3, 5, 7 гадоў), а таксама вызначае дагаворны тэрмін зберагальнага этапу з улікам патрабаванняў. У межах дагавора жыллёвых зберажэнняў чалавеку адкрываецца ўкладны рахунак на ўмовах тэрміновага спецыяльнага банкаўскага ўкладу. Даходнасць па такім укладзе складае стаўку рэфінансавання Нацбанка, або 15% гадавых. Пакуль 15%.

Зыходзячы з заяўленай сумы ўдзельніку складаецца рэкамендаваны графік назапашвання на працягу базавага тэрміну зберагальнага этапу (згодна з выбраным планам) роўнымі штомесячнымі ўзносамі, пачынаючы з дня першапачатковага ўзносу на ўкладны рахунак.

Заўважу, што за гэты час удзельнік праграмы павінен назбіраць на ўкладзе сродкаў у суме не менш за 25% ад меркаванага кошту жылля. Тут ёсць нюансы. Мінімальна магчымы дагаворны тэрмін зберагальнага этапу можа складаць і 19 месяцаў. Праўда, для гэтага неабходна адразу пакласці на рахунак вялікую суму грошай (25%). І яшчэ. Уклад з'яўляецца адзыўным, але менавіта ў гэтыя першыя 19 месяцаў грошы з яго лепш не браць, бо абяцаных працэнтаў вам ужо не дадуць. Налічаць толькі мінімальныя, як па ўкладзе «Да запатрабавання».

Крэдыт на 20 гадоў

Пры назапашванні на рахунку не менш за 25% ад кошту жылля сума, якой нестае (да 75%), выдаецца ўдзельніку ў выглядзе крэдыту. Крэдыт выдаецца тэрмінам да 20 гадоў, а аплата працэнтаў і асноўнага доўгу па крэдыце ажыццяўляецца роўнымі долямі, што дае вам магчымасць размяркоўваць сямейны бюджэт. Права ўдзельніка на атрыманне крэдыту ўзнікае пасля выканання ім умоў дагавора жыллёвых зберажэнняў па заканчэнні ашчаднага этапу, на працягу якога ажыццяўлялася назапашванне і захоўванне грашовых сродкаў.

Працэнтная стаўка па крэдыце вызначаецца (па жаданні кліента) альбо ў памеры стаўкі рэфінансавання (з улікам яе змянення) плюс адзін працэнтны пункт, альбо ў памеры сярэдняўзважанай стаўкі рэфінансавання за перыяд з месяца заключэння дагавора жыллёвых зберажэнняў па месяц, папярэдні месяцу заключэння крэдытнага дагавора, павялічаная на адзін працэнтны пункт.

Таксама ў банку нам паведамілі, што выдача крэдыту ажыццяўляецца ў безнаяўным парадку. У межах аднаго дагавора жыллёвых зберажэнняў удзельнік можа пабудаваць (набыць) толькі адно жылое памяшканне. Крэдыты ўдзельнікам сістэмы будаўнічых зберажэнняў не выдаюцца на набыццё жылых памяшканняў у сваякоў (мужа і жонкі, дзяцей, бацькоў, родных братоў, сясцёр). Першы плацеж за кошт крэдытных сродкаў ажыццяўляецца пасля поўнага выкарыстання ўсіх уласных грашовых сродкаў з укладнога рахунку на мэты будаўніцтва або набыцця жылога памяшкання ці набыцця жыллёвых аблігацый.

Памер крэдыту вызначаецца зыходзячы з велічыні грашовых сродкаў, вызначаных па выніках зберагальнага этапу з улікам крэдытаздольнасці ўдзельніка. Пры змяненні стаўкі рэфінансавання Нацбанка будзе адпаведна падкарэктаваны і памер налічэння працэнтаў па крэдыце.

Мінусы і плюсы

Так, працэнтная стаўка па такім укладзе камусьці можа здацца не вельмі прывабнай, бо яна крыху ніжэйшая за даходнасць па іншых відах укладаў. «Важна разумець, дзеля чаго ўсё гэта робіцца. Неабходна ўлічваць важкія перавагі сістэмы пры атрыманні крэдыту. Невялікі памер працэнтнай стаўкі па ўкладзе – гэта свайго роду плата за такую ж невялікую стаўку па крэдыце», – растлумачылі нам у банку. Калі параўноўваць з традыцыйнымі крэдытамі на будаўніцтва і набыццё жылля, то выгада для спажыўца відавочная, бо цяпер звычайны крэдыт на фінансаванне нерухомасці выдаецца пад стаўку рэфінансавання плюс 3%.

У межах сістэмы будаўнічых зберажэнняў крэдыт выдаецца на тэрмін да 20 гадоў, тады як звычайны крэдыт на нерухомасць – на тэрмін да 15 гадоў. Прапановай па крэдытах на будаўніцтва або набыццё жылля па сістэме будаўнічых зберажэнняў можа скарыстацца любы ахвотны незалежна ад таго, стаіць ён на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ці не. Важнай перавагай пры разліку сумы крэдыту з'яўляецца магчымасць уключэння ў сукупны даход крэдытаатрымальніка даходаў паручыцеляў – блізкіх сваякоў (членаў сям'і). Дарэчы, вярнуць крэдыт можна датэрмінова і без штрафаў. Адным з прывабных фактараў з'яўляецца і тое, што ўдзельнік сістэмы можа пабудаваць або набыць жыллё ў любым рэгіёне краіны, а таксама мае магчымасць перавесці на бясплатнай аснове свой жыллёва-зберагальны ўзнос у любую ўстанову Беларусбанка з захаваннем гісторыі назапашвання, пры гэтым не трэба ўсё пачынаць з нуля. Удзельнікам сістэмы можа стаць любы ахвотны. Напрыклад, бабуля і дзядуля могуць назапашваць сродкі для ўнукаў, бацькі – для дзяцей, каб тым самым дапамагчы ім у будучыні вырашыць праблему з жыллём.

Паводле меркаванняў аналітыкаў фінансавага рынку, існуюць у сістэме і мінусы. Пры выдачы крэдыту банк абавязкова застрахуе сваю рызыку праз механізм паручыцельства і (ці) атрымання закладу. Заўважу, што за афармленне закладу банк возьме з кліента 45 рублёў і 20 рублёў за дакумент паручыцельства. Але самым вялікім мінусам заўсёды лічылася нефіксаваная стаўка па крэдыце, якая залежыць ад памеру стаўкі рэфінансавання. Праўда, у той час, калі стаўка рэфінансавання памяншаецца і вам хутка браць крэдыт, падобны мінус ператвараецца ў плюс. Заўважу, што з 19 красавіка стаўка рэфінансавання Нацбанка стане ўжо 14%.

Сяргей Куркач, «Звязда», 4 красавіка 2017 г.