/ / Общественно-политические и в области права
01.09.2016

Тыя, хто не бачыць, змогуць выбраць кандыдата з дапамогай трафарэтаў

Для людзей з абмежаванымі магчымасцямі на ўчастках для галасавання ствараюцца неабходныя ўмовы. Пра гэта паведаміў старшыня Гомельскай абласной выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання Мікалай Стош.

– У прыватнасці, для тых, хто не бачыць, будуць прапанаваны спецыяльныя трафарэты, якія дапамогуць такім людзям ажыццявіць свой выбар самастойна і без памылак. Для тых, хто дрэнна бачыць, прапануем павелічальнае шкло. Дарэчы, сітуацыі, як правільна дапамагчы людзям з абмежаванымі магчымасцямі, прайграюцца на спецыяльных трэнінгах, у якіх удзельнічаюць члены ўчастковых выбарчых камісій. Мадэліруюцца розныя варыянты паводзінаў. Напрыклад, што рабіць у дзень выбараў ці на датэрміновым галасавнні з людзьмі, якія не пражываюць на гэтай тэрыторыі ці паводзяць сябе неадэкватна. Абмяркоўваем сітуацыі, якія могуць узнікнуць пры стасунках з прадстаўнікамі СМІ ці міжнароднымі назіральнікамі. І, канешне, нагадваем пра выкананне выбарчага заканадаўства.

У Гомельскай вобласці створана 1038 участкаў для галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання. Участковыя выбарчыя камісіі ўжо прыступілі да дзяжурства. На кожным участку для галасавання знаходзяцца спісы выбаршчыкаў. Кожны загадзя можа праверыць, ці ёсць яго прозвішча ў гэтым спісе. Акрамя таго, на выбарчых участках змешчаны звесткі пра кандыдатаў у дэпутаты. З біяграфіямі патэнцыяльных народных выбраннікаў таксама можна азнаёміцца.

– Акруговыя камісіі завяршылі друкаванне бюлетэняў для галасавання і запрашэнняў на выбары, – адзначае Мікалай Стош. – Перыяд агітацыі працягваецца. Аднак не ўсе кандыдаты актыўна ўключыліся ў гэты працэс – 16 з 67 кандыдатаў увогуле не маюць давераных асоб. Толькі 39 стварылі ўласныя выбарчыя фонды. Частка прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат адмовілася ад бясплатнага выступлення ў эфіры па тэлебачанні і радыё. Вядома, улічваючы гэтыя факты, эфектыўнасць правядзення агітацыйных мерапрыемстваў змяншаецца. Празрыстых урнаў на гэтых выбарах стане больш (на папярэдніх выбарах на Гомельшчыне празрыстай была кожная дзясятая скрыня). Але ж гэта будзе залежаць ад фінансавых магчымасцяў на месцах.

Акрамя таго, Мікалай Стош акцэнтаваў увагу на грамадзянскім абавязку выбаршчыкаў, ад актыўнасці якіх на выбарах залежыць будучыня нашай краіны:

– Галоўная задача парламентарыяў – распрацоўка і прыняцце законаў, па якіх наша краіна будзе эфектыўна працаваць. Таму хацелася б, каб усе выбаршчыкі выявілі актыўную грамадзянскую пазіцыю і прагаласавалі на карысць таго ці іншага кандыдата. Аддайце свой голас за будучыню нашай краіны.

Дададзім, што на Гомельшчыне зараз права голасу на парламенцкіх выбарах маюць больш за 1 мільён 100 тысяч чалавек.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, «Звязда» ад 1 верасня 2016 г.