/ / Общественно-политические и в области права
06.09.2016

Як паляваць і рыбачыць, але не парушаць правілы

Сярод аматараў актыўнага адпачынку ў нашай краіне нямала тых, хто любіць бавіць свой вольны час найперш з вудай на беразе вадаёма або са стрэльбай у лясных угоддзях. Выбіраючыся на прыроду ад гарадской мітусні, некаторыя з іх пакідаюць дома не толькі будзённыя жыццёвыя праблемы, але, на жаль, часам і культуру паводзін. Я ж на адпачынку! Я здабытчык! Такая пазіцыя нярэдка вядзе да парушэнняў правілаў палявання і рыбалоўства, што, у сваю чаргу, можа стаць прычынай адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Спецыялісты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь папярэджваюць аб недапушчальнасці такіх паводзін.

Што, калі замест выдры – бабёр?

У адпаведнасці з Правіламі вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання, у краіне з пачатку месяца дазволена здабыча бабра і выдры. Нагадаем, што паляваць на гэтых жывёл можна ў светлы час сутак як зброевым (з засады, з падыходу), так і бяззброевым спосабам. Спецыялісты Дзяржінспекцыі прааналізавалі пытанні, якія найбольш часта задаюць паляўнічыя ў сувязі з гэтым, і найперш звяртаюць увагу, што паляванне на бабра і выдру, як і на іншыя нармаваныя віды, дазволена ва ўсе дні тыдня.

Разам з тым, згодна з часткай 4 пункта 117 Правілаў палявання, карыстальнікі паляўнічых угоддзяў могуць скарачаць устаноўленыя імі тэрміны (у тым ліку дні тыдня, дазволеныя для правядзення палявання), а таксама абмяжоўваць або забараняць прымяненне прылад і (або) спосабаў палявання. Пра падобныя абмежаванні або забароны карыстальнік паляўнічых угоддзяў абавязаны праінфармаваць паляўнічага пры выдачы яму дазволаў на здабычу паляўнічай жывёлы і пуцёўкі да іх.

Падчас бяззбройнага палявання на бабра і выдру можна выкарыстоўваць прахадныя пасткі, прызначаныя па сваіх тэхнічных характарыстыках для лоўлі жывёл (напрыклад, КП-250 або КП-320). Такія прылады палявання адносяцца да так званых «гуманных» – яны забяспечваюць хуткую здабычу жывёлы без працяглых пакут, чаго нельга сказаць пра больш распаўсюджаныя ўшчамляльныя (якія захопліваюць ногі) пасткі.

Устаноўленыя паляўнічымі самаловы могуць знаходзіцца ў паляўнічых угоддзях у насцярожаным (узведзеным) стане на працягу ўсяго тэрміну дзеяння дазволу на здабычу паляўнічай жывёлы і пуцёўкі да яго. Пры гэтым устанаўліваць, здымаць і правяраць капканы і пасткі (у тым ліку даставаць з іх здабытых жывёл) паляўнічым можна толькі ў светлы час сутак. Таксама толькі ў светлы час дазволена паляванне з дапамогай пастак, прынцып дзеяння якіх патрабуе непасрэднай прысутнасці паляўнічага.

Калі паляўнічы выявіў ва ўстаноўленай ім прыладзе паляўнічую жывёлу нармаваных відаў, на здабычу якой у яго няма дазволу, ці жывёлу з Чырвонай кнігі, ён павінен, не дастаючы жывёлу, праінфармаваць пра гэта карыстальніка паляўнічых угоддзяў. Пры пападанні ў капкан альбо пастку выдры ў працэсе палявання на бабра (ці наадварот) дазвол закрываецца па фактычна здабытай жывёле.

Інстынкт самазахавання ці глупства?

У момант спынення правапарушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства работнікі Дзяржаўнай інспекцыі часта сутыкаюцца з непадпарадкаваннем з боку браканьераў законным патрабаванням пры выкананні сваіх службовых паўнамоцтваў. Яно праяўляецца ў спробе парушальніка знікнуць з месца здзяйснення правапарушэння, пазбавіцца ад незаконных прылад лоўлі або палявання, незаконна здабытай прадукцыі палявання або рыбалоўства, у адмове прад’явіць дакументы або транспартныя сродкі да агляду і г.д.

За падобныя супрацьпраўныя дзеянні прадугледжана досыць сур’ёзная адказнасць. У адпаведнасці з артыкулам 23.4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы дзяржаўнага органа пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў цягне накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 50 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.

Такім чынам, парушальнікі замест аднаго пратакола непасрэдна за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства атрымліваюць яшчэ адзін – за аказанне непадпарадкавання. А гэта ўжо дзве штрафныя санкцыі, якія значна павялічваюць суму штрафу.

Практыка паказвае, што вялікая колькасць непадпарадкаванняў законным патрабаванням інспектараў здзяйсняецца асобамі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення і ў сілу свайго фізіялагічнага стану не могуць адэкватна ацэньваць сітуацыю, якая склалася. Асобныя браканьеры, наадварот, з халодным разлікам наўмысна не выконваюць патрабаванняў з мэтай пазбегнуць адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці. Хутчэй за ўсё, гэта праява запозненага інстынкту самазахавання, які, у прынцыпе, у людзей павінен спрацоўваць нашмат раней, яшчэ да здзяйснення факта браканьерства.

Неабходна разумець, што работнікі Дзяржаўнай інспекцыі, якія выявілі правапарушэнне, абавязаны яго спыніць і прыцягнуць парушальнікаў да адказнасці. Аказанне непадпарадкавання ніяк не можа паўплываць на зыход справы, і, больш за тое, інспектар будзе вымушаны прымяніць падчас затрымання фізічную сілу, спецыяльныя сродкі (пярцовы газ, наручнікі) і нават табельную зброю.

У асобных выпадках парушальнікі прыродаахоўнага заканадаўства, загуляўшыся ў «супергерояў», пераступаюць нябачную мяжу паміж адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасцю. Аказваючы грубае супраціўленне, з прычыненнем шкоды здароўю работнікам Дзяржаўнай інспекцыі пры выкананні імі службовых абавязкаў, парушальнікі рызыкуюць быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасці.

«За каўнер» – пасля палявання

Правілы бяспечнага абыходжання са зброяй, зацверджаныя МУС Рэспублікі Беларусь, забараняюць яе нашэнне, перавозку і выкарыстанне ў стане алкагольнага ап’янення, пад уздзеяннем наркатычных, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў, а таксама лекавых сродкаў, якія зніжаюць увагу і хуткасць рэакцыі, у хваравітым ці стомленым стане, які ставіць пад пагрозу бяспеку людзей і захаванасць зброі.

За парушэнне гэтай нормы артыкулам 23.48 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжаны штраф да 10 базавых велічынь, а за тое ж дзеянне, учыненае паўторна на працягу года, памер штрафу павялічваецца да 20 базавых. Зброя пры гэтым можа быць канфіскавана, акрамя таго, паляўнічага могуць пазбавіць і спецыяльнага права. Аднак меры адміністрацыйнага ўздзеяння за такога кшталту правапарушэнні ў Беларусі даволі лаяльныя ў параўнанні, напрыклад, з краінамі Балтыі.

Так, у Эстоніі ў выпадку падобнага парушэння паляўнічаму давядзецца заплаціць штраф да 800 еўра. У Латвіі – ад 30 да 350 еўра. Паляваць са зброяй у стане алкагольнага ап’янення (наяўнасць абсалютнага этылавага спірту ў крыві ці паветры выдыху ў канцэнтрацыі больш за 0,5 праміле) і (або) стане, выкліканым ужываннем наркатычных, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў, там забаронена.

У Літве штрафы яшчэ вышэйшыя – ад 579 да 1737 еўра. Але пры гэтым прыкметай алкагольнага ап’янення лічыцца канцэнтрацыя спірту ад 1,5 праміле. Чалавеку, які знаходзіцца пад уздзеяннем наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, паляваць забаронена. Штрафныя санкцыі прадугледжаны таксама і за адмову ад праходжання агляду ва ўстаноўленым парадку.

Сяргей РАСОЛЬКА, «Звязда», 6 верасня 2016 г. 

(фота – «Звязда»)