/ / Общественно-политические и в области права
26.09.2016

Калi вы пераходзiце дарогу на чырвоны, ваша дзiця зробiць тое самае. Парады для бацькоў, як навучыць дзіця правiлам бяспекi

Для бацькоў няма нiчога больш каштоўнага, чым жыццё iх дзяцей. Мамы i таты хвалююцца, калi не атрымлiваюць своечасовага званка нават ад сваiх дзяцей перадпенсiйнага ўзросту, што ўжо казаць пра тых, каму з-за працы даводзiцца пакiдаць без нагляду зусiм малых, якiя вучацца ў малодшых класах. Як даступна растлумачыць дзецям правiлы бяспекi, каб яны iх зразумелi i прымянялi на практыцы? З гэтым пытаннем мы накiравалiся да начальнiка арганiзацыйна-аналiтычнага ўпраўлення мiлiцыi грамадскай бяспекi МУС палкоўнiка Iгара ГАТАЛЬСКАГА. Ён даў вельмi карысныя для ўсiх бацькоў парады.

Бацьку можна, дык чаму мне нельга?

З-за адсутнасцi вопыту знаходжання ў адзiноце i самастойных перамяшчэнняў дзецi, як толькi аказваюцца без нагляду, адразу ж трапляюць у зону рызыкi. Задача бацькоў – не на словах, а на справе падрыхтаваць дзiця да сустрэчы з навакольным светам сам-насам. Першае i самае галоўнае правiла – гэта падаваць уласны станоўчы прыклад. Дзiця нiколi не будзе выбiраць крыху больш доўгi шлях па добра асветленай дарозе, калi з бацькамi яно заўсёды зразала праз цёмны парк. Словы пра тое, што такiм чынам паступаць можна толькi ў прысутнасцi дарослых, не дзейнiчаюць, бо кожны маленькi грамадзянiн iмкнецца пераймаць манеру паводзiн старэйшых. А раз бацьку – галоўнаму аўтарытэту – можна, дык чаму мне нельга? Так што адзiнае выйсце – знаходзячыся побач з дзiцем, сачыць за кожным сваiм учынкам.

Дарогу да школы трэба не проста апiсаць, неабходна некалькi разоў прайсцi яе разам з дзiцем. Асаблiвую ўвагу варта надаць правiлам дарожнага руху. На перакрыжаваннi задаць дзiцяцi пытанне: у якi бок спачатку глядзiм? Можна прыдумаць для яго якiя-небудзь цiкавыя асацыяцыi, каб прасцей было запомнiць. Паўтараць практыкаваннi трэба, пакуль iх выкананне не дойдзе да аўтаматызму. Пасля таго, як вы ўсё ж вырашыце адпусцiць дзiця адно, не лiшнiм будзе прасачыць, як яно выконвае вашы ўказаннi.

У наш час велiзарнай праблемай не толькi з пункту гледжання псiхалогii, але i з пункту гледжання бяспекi сталi гаджэты. Напрыклад, навушнiкi не раз станавiлiся прычынай дарожна-транспартных здарэнняў. Нават даросламу варта даставаць iх з вушэй на праезнай частцы – мала што, а дзiцяцi наогул лепш устрымацца ад праслухоўвання музыкi ў навушнiках на працягу ўсёй дарогi. Яшчэ адзiн момант, звязаны з дарагiмi прыладамi, – гэта крадзяжы. Калi ў аднакласнiкаў ёсць «наварочаныя» смартфоны, у большасцi бацькоў не хапае сiл адмовiць свайму дзiцяцi купiць гэткi самы. Але дзiцячая няўважлiвасць робiць сваю справу – i любiмы тэлефон з мноствам захапляльных гульняў бясследна знiкае. Прадумаць, дзе захоўваць тэлефон або планшэт, лепш загадзя. Пажадана, каб у заплечнiку быў адмысловы адсек з боку спiнкi, калi ж гэта вопратка, дык класцi гаджэт лепш ва ўнутраную кiшэню, якая надзейна зашпiляецца. Гэта простыя меры засцярогi, якiя дапамогуць зберагчы спакой дзiцяцi i ваш сямейны бюджэт ад непрадбачаных выдаткаў.

Сарамлiвасць – прэч!

Маршрут, па якiм дзiця будзе вяртацца дадому са школы, таксама лепш абгаварыць загадзя. Добра, калi дзецi перамяшчаюцца невялiкiмi групамi, хаця б па 2–3 чалавекi.

Калi ж дзiця вучыцца ў другую змену, то трэба ўсё ж пастарацца падладзiць свой графiк так, каб была магчымасць яго сустрэць. Аб’яднаўшыся з iншымi бацькамi-суседзямi, можна дамовiцца забiраць дзяцей са школы па чарзе. Калi ж з якiх-небудзь прычын дзiця ўсё ж дабiраецца да дома адно, не лiшнiм будзе папрасiць яго патэлефанаваць ужо з кватэры.

З самага ранняга дзяцiнства трэба вучыць разам з дзiцем адрас, яго iмя i прозвiшча, iмёны бацькоў. Неабходна растлумачыць, як сябе паводзiць, калi раптам яно згубiцца. Лепш за ўсё падыходзiць да людзей у форме, таму не варта палохаць дзяцей мiлiцыянерамi. У выпадку, калi побач няма прадстаўнiкоў праваахоўных органаў, можна звярнуцца да любога чалавека, якi знаходзiцца на працоўным месцы. А вось да незнаёмцаў на вулiцы з просьбай аб дапамозе маленькiм дзецям падыходзiць не трэба.

Дзiця павiнна дакладна ведаць, што калi здалося, быццам нехта iдзе следам, то нi ў якiм разе нельга спрабаваць хутка забегчы ў пад’езд. Лепш пайсцi ў людную краму, пачакаць нейкi час i на ўсялякi выпадак пазванiць бацькам. Калi ж нiякага люднага месца паблiзу няма, а незнаёмы актыўна праяўляе ўвагу, то выйсце адно – крычаць, што хочаш, галоўнае – з усiх сiл. Абавязкова трэба растлумачыць дзiцяцi, што ў гэтым няма нiчога саромнага, i вы б зрабiлi гэтаксама.

Не варта ўнушаць дзiцяцi, што небяспеку можа прадстаўляць толькi дарослы «дзядзька». Злачынец можа паўстаць у любым аблiччы, таму правiла не размаўляць з незнаёмцамi i ўжо тым больш нiчога ў iх не браць павiнна распаўсюджвацца на ўсiх – на старых i маладых, на «дзядзечкаў» i «цётачак». Гэта ж адносiцца i да званкоў у дзверы: адчыняць, папярэдне паглядзеўшы ў вочка, можна толькi родным. У перамовы праз дзверы лепш не ўступаць. У дзiцяцi павiнен быць спiс тэлефонаў, на якiя яно ў выпадку небяспекi можа пазванiць. Пажадана, каб сярод iх быў i нумар добра знаёмых суседзяў, якiя хутка могуць прыйсцi на дапамогу.

Давярай, але правярай

Калi ж паўстала надзвычайная сiтуацыя, напрыклад пажар, трэба неадкладна пакiнуць дом. Для таго каб дзiця зрабiла менавiта так, яго нi ў якiм разе нельга запалохваць. Малое павiнна ведаць, што самая вялiкая каштоўнасць – гэта яго жыццё, таму не трэба спрабаваць самому змагацца з агнём, каб «бацькi, не дай бог, не даведалiся». Ужо апынуўшыся на вулiцы, можна патэлефанаваць у службу выратавання, але нiяк не раней. Зыходзячы з iмавернасцi непрадбачаных сiтуацый, дзiця нельга замыкаць у кватэры на ключ без магчымасцi самастойна выбрацца.

У тлумачальных гутарках трэба абапiрацца на спецыфiку мясцовасцi. Калi, напрыклад, вы жывяце ў вёсцы, ля якой у гады Вялiкай Айчыннай вайны iшлi жорсткiя баi, асаблiвую ўвагу трэба надаць боепрыпасам, якiя засталiся ў зямлi, падрабязна расказаць пра тое, што, знайшоўшы падазроны прадмет, нельга да яго нават блiзка падыходзiць, не тое што чапаць. У цэлым, у пытаннi бяспекi дробязяў не бывае, таму трэба старацца ахапiць тэму максiмальна шырока. Перыядычна варта пытацца, як дзiця павяло б сябе ў тым цi iншым выпадку, у гульнявой форме мадэляваць розныя сiтуацыi. Аднак iмкнуцца праверыць на справе, папрасiўшы сваiх знаёмых падыграць, лепш не трэба: гэта можа нанесцi шкоду псiхiцы малога.

Да пэўнага ўзросту (усё вызначаецца iндывiдуальна), пакуль у дзiцяцi нiзкi ўзровень усвядомленасцi сваiх дзеянняў, лепш перыядычна правяраць яго перапiскi ў сацыяльных сетках.

Трэба старацца ўсталяваць з дзiцем даверныя адносiны, каб яно без страху магло падзялiцца ўсiмi падазронымi гiсторыямi.

На ўсялякi выпадак дзiцяцi можна паказаць i адпрацаваць з iм некалькi простых прыёмаў самаабароны. Аднак трэба растлумачыць, што iх можна ўжываць толькi ў крайнiх выпадках. Калi ў дзiцяцi няма схiльнасцi да асацыяльных паводзiнаў, то яго для надання агульнай упэўненасцi ў сабе можна адправiць на курсы самаабароны. Аднак не варта перагiнаць: мы ўсё ж жывём у мiрны час у спакойнай краiне.

I галоўнае – бацькам самiм варта выконваць правiлы бяспекi, прыдуманыя не проста так. Напрыклад, нягледзячы на неабходнасць перавозкi дзяцей да 12 гадоў у спецыялiзаваным аўтакрэсле, многiя бацькi адмаўляюцца прытрымлiвацца гэтага правiла. Як вынiк – значна больш сур’ёзныя, чым маглi б быць, наступствы дарожна-транспартных здарэнняў. Усё ж слоган «Бяспека дзiцяцi – у руках бацькоў» быў прыдуманы нездарма!

Статыстыка

За кожнай навучальнай установай замацаваны спецыялiст, якi мiнiмум раз у месяц праводзiць прафiлактычныя заняткi з дзецьмi. Асаблiвая ўвага гэтым пытанням надаецца ў пачатку восенi, калi дзецi паступова адаптуюцца да школьнага рэжыму жыцця, i ў канцы вясны, калi яны перастаюць знаходзiцца пад пастаянным кантролем дарослых. Праводзяцца тэматычныя месячнiкi. I вынiкi даюць сябе адчуваць: колькасць злачынстваў, накiраваных супраць непаўналетнiх, за 8 гадоў скарацiлася амаль у 4 разы. Калi ў 2007 годзе iх было 5703, то ў 2015-м – 1589, у тым лiку ў 6 разоў менш стала злачынстваў супраць уласнасцi (крадзяжоў): 615 у параўнаннi з 3588.

Дар’я КАСКО, «Звязда», 25 верасня 2016 г.