/ / Общественно-политические и в области права
03.10.2016

Калі патрэбен медыятар? Перш чым судзіцца, трэба навучыцца размаўляць па-даросламу

Чатыры гадзіны спатрэбілася медыятару, каб скончыць судовую справу, якая доўжылася паміж дзвюма пенсіянеркамі 4 гады і налічвала 6 тамоў дакументаў. Спрэчка жанчын тычылася выдзялення частак у доме і прызнання несапраўдным акта аб дзяржрэгістрацыі зямельнага ўчастка. А дамовіліся яны... да зносу агароджы і высечкі кустоў. З гэтага выпадку, можна сказаць, і нарадзілася ў нашай краіне такая плынь, як медыяцыя – бессудовае вырашэнне канфлікту, і на практыцы было даказана, што гэта працуе.

Дакумент з пячаткай ці медыятыўнае пагадненне?

Доўгі час па справядлівасць грамадзяне звярталіся ў суд, аднак прынятыя рашэнні часта не задавальнялі нават выйграўшы бок. Каб людзі маглі цывілізавана вырашаць канфлікты, у 2013 годзе ў Беларусі быў прыняты Закон аб медыяцыі. Цяпер у краіне працуюць тры цэнтры, якія рыхтуюць медыятараў. Яны павінны дапамагчы грамадству перайсці да мірнага ўрэгулявання канфліктаў, таму развіццё медыяцыі – важная неабходнасць для дзяржавы, адзначыла Алена Шаўчонак, кансультант упраўлення адвакатуры і ліцэнзавання юрыдычнай дзейнасці Міністэрства юстыцыі Беларусі.

Ва ўсім свеце медыяцыя – дасудовы або пазасудовы працэс. Аднак, каб прыжыцца ў грамадстве, ён укараняецца праз судовую сістэму або праз змяненне нормаў заканадаўства. Спецыялісты Цэнтра медыяцыі і перагавораў ужо выпрацавалі шэраг прапаноў па змяненні некаторых нарматыўна-прававых актаў і прапісалі канкрэтныя катэгорыі асоб, справы якіх будуць прымацца ў судзе толькі пасля таго, як канфліктуючыя бакі пройдуць медыяцыю.

– На жаль, беларусы пакуль не вельмі ахвотна звяртаюцца да медыятараў, бо не ведаюць пра гэтую працэдуру. У дадатак існуе непераадольны разрыў паміж статусам медыяцыйнага пагаднення і рашэннем суда з пячаткай. Людзі прывыклі, што ёсць пячатка – значыць, яны абароненыя, – дадала спецыяліст Міністэрства.

Несумненны плюс медыяцыі – поўная канфідэнцыяльнасць. Уся інфармацыя застаецца ў медыятара. У медыяцыі няма прайграўшых і выйграўшых бакоў, бо пагадненне дасягаецца на добраахвотнай аснове і пры ўзаемнай згодзе. Калі людзі самі прымаюць рашэнне, чаго яны хочуць, то добраахвотна выконваюць яго. Па статыстыцы, да 90 % медыяцыйных пагадненняў былі выкананы.

Хай мяне навучаць

Медыятарам можа стаць любая асоба з вышэйшай адукацыяй, аднак практыкі і трэнеры, якія рыхтуюць медыятараў, укладваюць у гэтае паняцце значна больш і адсочваюць шмат крытэрыяў падчас вучобы і экзаменаў. Па выніках курсаў медыятараў выдаецца даведка, на падставе якой і па заяве выпускніка ў Мінюсце яны атрымліваюць пасведчанне медыятара. Аднак некаторыя выпускнікі не звяртаюцца па пасведчанне, бо разумеюць, што гэта не іх справа.

– Здараецца, мы самі не выдаём даведку, бо бачым, што пэўныя вучні не гатовыя да практычнай дзейнасці, – расказала Кацярына Гамзунова, адвакат, медыятар і трэнер Цэнтра медыяцыі і перагавораў. – Большасць тых, хто да нас прыходзіць, думаюць, што медыятар – гэта псіхолаг або юрыст. Гэта не так. У нас ёсць блок па рабоце з эмоцыямі, пачуццямі, якія даюць прафесійныя псіхолагі. Блок па структуры канфліктаў, каб разумець, як людзі да гэтага прыходзяць, і шмат іншага. Медыятар – той, хто прафесійна садзейнічае вырашэнню спрэчкі. Мы жартуем, што гэта чалавек, якога не хапае на кухні, калі сужэнцы лаюцца.

Медыятар не прымае рашэнні – ён пасярэднік, які дапамагае людзям пачуць адзін аднаго. Задача спецыяліста – у прыгожай, зручнай форме, без абраз данесці інфармацыю да канфліктуючых. Бакі прыходзяць да пагаднення, прымальнага для ўсіх, калі пачынаюць разумець інтарэсы адзін аднаго. Часам, аказваецца, што абодва хочуць аднаго і таго ж, толькі па-рознаму фармулююць гэтае жаданне, патлумачыла трэнер.

Танней, хутчэй і па ўзаемнасці

Медыяцыя – не камерцыйны від дзейнасці, як і адвакацкая дапамога. Яе мэта – аказанне паслуг. У рамках пілотнага праекта гэтая працэдура была бясплатная. Цяпер работа па аказанні паслуг па медыяцыі ўзнагароджваецца. Па Мінску сістэма аплаты вар’іруецца. Яна можа быць ад 150 да 350 рублёў за сесію (сустрэчу). Складаныя выпадкі патрабуюць некалькіх сустрэч, а па Законе медыяцыя можа доўжыцца да паўгода.

– Мы не хочам, каб медыяцыя была юрыдычнай працэдурай. Каб дапамагчы людзям, трэба прапрацаваць іх эмоцыі, пачуцці, каб бакі пачалі гаварыць па-даросламу. Людзі ў стане канфлікту мысляць як 4-гадовыя дзеці, а з малымі немагчыма дамовіцца, – адзначыла Кацярына Гамзунова.

Самыя распаўсюджаныя выпадкі, калі лепш пайсці найперш да медыятара, – шлюбна-сямейныя канфлікты, з імі спецыялісты сутыкаюцца часцей за ўсё. Гэта і падзел маёмасці, і ўдзел бацькоў у выхаванні дзяцей (самая цяжкая катэгорыя, бо малых былыя сужэнцы дзеляць нароўні з маёмасцю). Сюды ж адносяцца спажывецкія, працоўныя і карпаратыўныя (паміж партнёрамі) спрэчкі.

– Ва ўсім свеце ўвогуле не прымаюць заяву на скасаванне шлюбу, пакуль муж з жонкай не прынясуць даведку, што былі ў медыятара. Вось у ЗША, напрыклад, такія патрабаванні па грашах, паперах і тэрмінах да скасавання, што людзі проста бягуць да медыятараў, і ім прасцей захаваць шлюб, чым разысціся, – расказала адвакат. – Калі б так рабілася і ў нас, упэўнена, шмат сем’яў можна было б захаваць. Каб зацікавіць людзей і расказаць ім, што магчымы іншы варыянт, акрамя суда, нашы выпускнікі дзяжураць у судах і прапаноўваюць свае паслугі. Акрамя таго, з судом Мінскага раёна мы распрацавалі крэатыўныя абвесткі па выкліку ў суд, на звароце якіх напісана інфармацыя з кантактамі цэнтраў медыяцыі.

Дарэчы, медыяцыя значна таннейшая, чым паслугі адвакатаў і аплата дзяржпошліны. За скасаванне шлюбу плаціцца няшмат, аднак дзяржпошліна за падзел маёмасці складае 5 % ад яе рыначнага кошту. Калі суддзя агучвае лічбы, здараецца, бакі сыходзяць дамаўляцца праз медыяцыю.

Актыўнае слуханне з кавай ці валяр’янкай

Аптымальны час для правядзення медыяцыі, калі ніхто не стамляецца, – 3–4 гадзіны. Але сустракаюцца выпадкі, калі можна сядзець і 8 гадзін, бо ідзе дыялог, які немагчыма перапыніць. Гэта называецца актыўнае слуханне, калі бакам адводзіцца колькі заўгодна часу, каб выказацца. У судзе ж гэта якраз і немагчыма, бо трэба дакладна і хутка сфармуляваць патрабаванні.

Праводзяць медыяцыю два медыятары разам. Для паспяховых перамоў трэба ствараць нейтральныя і зручныя ўмовы.

– Калі ў судзе ёсць вольны пакой, размаўляюць у ім. Калі ж няма – для медыяцыі звычайна выдзяляюць залу для разгляду спраў, дзе ледзьве не палову памяшкання займае клетка з кратамі. Такая карціна не спрыяе зручнасці, таму самы ідэальны варыянт – сустрэча ў офісе ці цэнтры медыяцыі. У сябе я магу і гарбатай папаіць, і валяр’янкай. У мяне ўжо ўсё ёсць, зыходзячы з вопыту, – смяецца медыятар. – Часцей за ўсё сустракаюся з людзьмі ўвечары ці ў выхадны, бо ім бывае немагчыма вызваліцца ў будні.

Існуе і такое паняцце, як шатл-медыяцыя. Яна прымяняецца, калі бакі проста фізічна не могуць знаходзіцца побач. Толькі пабачаць адзін аднаго – адразу пачынаецца сварка. Тады медыятары рассаджваюць іх у асобных пакоях і ходзяць паміж імі.

– У такіх выпадках кожны з канфліктуючых паасобку разважае і мысліць нармальна, гатовы абмяркоўваць варыянты, а разам яны губляюць галаву. Сустракаюцца такія людзі, толькі калі дамоўленасць дасягнута. Аднак здараецца, што нават пасля медыяцыі людзі не ў стане пабачыцца – тады пагадненне яны падпісваюць паасобку, – акрэсліла Кацярына Гамзунова.

Тым не менш не заўсёды можна дастукацца да людзей. Некаторыя пасля медыяцыі вяртаюцца ў суд і хочуць, каб суддзя прыняў рашэнне, тым самым зняўшы з іх адказнасць. Нярэдка тыя, хто не дамовіўся ў медыятараў, потым у судзе казалі, што гатовыя да пагаднення. А гэта ўжо вынік прапрацаваных са спецыялістам эмоцый.

Ірына СІДАРОК, «Звязда», 1 кастрычніка 2016 г.
(фота – «Звязда»)