/ / Общественно-политические и в области права
14.10.2016

Уступленне Беларусі ў Балонскі працэс. Якія перамены неабходны сістэме нацыянальнай адукацыі?

Толькі касметычным рэфармаваннем вышэйшай школы нам не абысціся, калі мы і сапраўды збіраемся ўліцца ў агульнаеўрапейскую адукацыйную прастору. Гэта галоўная думка, якая прагучала падчас рэспубліканскага круглага стала з удзелам кіраўнікоў Міністэрства адукацыі і прадстаўнікоў вышэйшых навучальных устаноў.

Нагадаем, што заяўка Беларусі на яе ўключэнне ў Балонскі працэс была ўхвалена ў маі 2015 года.

Гэта важны і адказны крок, які ставіць перад намі велізарныя задачы па развіцці і абнаўленні нацыянальнай сістэмы адукацыі, – упэўнены Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. – Умовай нашага ўваходжання ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі з'яўляецца выкананне дарожнай карты.

Мы ўсе баімся перамен, але хочам мы гэтага ці не – перамены ў сістэме адукацыі проста неабходныя. Балонскі працэс – якраз адзін з інструментаў такіх перамен, – падкрэслівае рэктар прыватнай установы адукацыі «БІП–Інстытут правазнаўства» Сяргей Раманюк. – Абмяркоўваць, што ў Балонскім працэсе добра, а што дрэнна, трэба было два, тры ці пяць гадоў таму, а калі мы ўжо далучыліся, то давайце разам думаць, як нам паспяхова пераадолець тыя цяжкасці, якія непазбежна цягнуць за сабой любыя перамены.

Балонскі працэс – гэта працэс гарманізацыі еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Ён уключае стварэнне сістэмы зразумелых усім і супастаўных ступеняў (кваліфікацый), агульнай сістэмы вымярэння заліковых адзінак навучання («крэдытаў»), садзейнічанне акадэмічнай мабільнасці і еўрапейскаму супрацоўніцтву ў забеспячэнні якасці адукацыі. Балонскі працэс стварае спрыяльныя ўмовы для максімальна спрошчанага перамяшчэння студэнтаў і ўладальнікаў дыпломаў у межах агульнай адукацыйнай прасторы, спрашчае ўзаемнае прызнанне кваліфікацый і адпаведных дакументаў аб вышэйшай адукацыі, спрыяе ўзаемадзеянню паміж ВНУ ў адукацыйнай і даследчай дзейнасці і іншае.

Адзін з асноўных выклікаў у сферы адукацыі, з якім сутыкнуліся ўсе краіны ў другой палове ХХ стагоддзя, – пераход да масавай вышэйшай адукацыі, лічыць Міхаіл Жураўкоў. За гэты адрэзак часу колькасць студэнтаў павялічылася ў свеце з 13 да 82 мільёнаў! З аднаго боку, гэта аб'ектыўны працэс, бо без вышэйшай адукацыі стабільнае развіццё ў сучасным грамадстве не ўяўляецца магчымым. Але, з іншага боку, такая масавасць стварыла мноства праблем: з фінансаваннем вышэйшай школы, якасцю адукацыі, працаўладкаваннем выпускнікоў і многія іншыя.

Дарожная карта ўяўляе сабой графік канкрэтных дзеянняў, якіх чакаюць ад Беларусі да 2018 года. Сярод іх – структурныя рэформы (стварэнне нацыянальнай рамкі кваліфікацый па стандартах ЕПВА, укараненне крэдытнай сістэмы вымярэння курсаў), забеспячэнне мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў і фундаментальных каштоўнасцяў ЕПВA: акадэмічнай свабоды і аўтаноміі ўніверсітэтаў.

Сёння студэнты ўсё часцей прыцягваюцца да абмеркавання якасці адукацыі, але не будзем хаваць: пакуль што далёка не ў кожнай ВНУ яны сталі сур'ёзнай сілай. Некаторыя ўніверсітэты яшчэ не выраслі «з кароткіх штонікаў», і іх кіраўніцтва не жадае бачыць у сваіх студэнтах сур'ёзных партнёраў у пытаннях арганізацыі навучальнага працэсу, – канстатаваў Міхаіл Жураўкоў.

Першы намеснік Міністра адукацыі Вадзім Богуш расказаў, што ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі будзе замацавана шматступеньчатасць вышэйшай школы, а таксама магчымасць для арганізацыі новых формаў адукацыйнага працэсу, такіх, як дыстанцыйнае навучанне і сеткавае ўзаемадзеянне.

Цяпер у беларускіх ВНУ – занадта шырокі спектр спецыяльнасцяў і спецыялізацый: на першай ступені – каля 400 і больш як тысяча спецыялізацый і каля 300 спецыяльнасцяў прапануюць у магістратуры. Натуральна, што структура вышэйшай адукацыі павінна быць аптымізаваная. І адно з галоўных патрабаванняў дарожнай карты – стварэнне Нацыянальнай рамкі кваліфікацый.

У новым агульнадзяржаўным класіфікатары «Спецыяльнасці і кваліфікацыі», работу над якім плануецца завяршыць да канца бягучага года, агульная колькасць спецыяльнасцяў вышэйшай адукацыі скарачаецца па асобных кірунках на 35–40%. Вылучаюцца 10 профіляў адукацыі, 26 кірункаў і 72 групы спецыяльнасцяў.

Вадзім Богуш расказаў, што прадугледжваюцца некалькі тыпаў праграм для бакалаўрыята. Іх працягласць будзе вар'іравацца ў залежнасці ад спецыяльнасці. Будуць дзейнічаць і трохгадовыя праграмы бакалаўрыята для выпускнікоў ССНУ (180 заліковых адзінак навучання), і чатырохгадовыя (240 заліковых адзінак), і праграмы з тэрмінам навучання 4,5 года (270 заліковых адзінак).

У магістратуры тэрмін навучання складзе ад года да двух (за магістарскія праграмы будуць налічвацца ад 60 да 120 заліковых адзінак). Але самае галоўнае, што прадугледжваецца істотнае пашырэнне акадэмічнай аўтаномнасці ВНУ за кошт пераходу ад тыпавой вучэбна-праграмнай дакументацыі да прыкладнай. Абавязковы кампанент, зафіксаваны на ўзроўні адукацыйнага стандарту, будзе складаць у адукацыйных праграмах бакалаўрыята да 50 працэнтаў. Астатнія 50 працэнтаў зместу будуць фарміраваць непасрэдна ВНУ з улікам тых задач, якія яны вырашаюць ва ўзаемадзеянні з заказчыкамі кадраў.

Гэта нетрывіяльная задача для ўніверсітэтаў, і нам яшчэ трэба будзе правесці з імі вялікую работу, – канстатуе Вадзім Богуш. – А ў магістарскіх адукацыйных праграмах на ўзроўні стандарту будзе фіксавацца і ўвогуле толькі 30 працэнтаў іх напаўнення, а 70% – аддаецца ВНУ.

Можа, камусьці падаецца, што мы рухаемся па дарожнай карце не так дынамічна, як бы многім хацелася, але я ўпэўнены, што ў такіх пытаннях трэба дзейнічаць перакананнямі і аргументамі, а не заклікамі і ціскам. Мы не павінны спяшацца, бо дапушчаныя ў сферы адукацыі памылкі могуць пацягнуць вельмі сур'ёзныя наступствы не толькі для тых, хто вучыцца, але і для ўсёй краіны, – упэўнены Міхаіл Жураўкоў. – Не павінны страціць тое лепшае, што маем. У аснову ўсяго трэба ставіць найперш інтарэсы нашай дзяржавы і нашай эканомікі, але арыентавацца пры гэтым на агульнаеўрапейскія і сусветныя тэндэнцыі развіцця адукацыі. З агульнай адукацыйнай прасторы нам нельга выпадаць.

Надзея Нікалаева, «Звязда», № 199 (28309),14 кастрычніка 2016 г.