/ / Общественно-политические и в области права
31.10.2016

Прыняты змяненні і дапаўненні ў Закон «Аб знешняй працоўнай міграцыі»: станоўчая ацэнка спецыялістаў

Цяпер замежныя кампаніі могуць прыцягваць нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь толькі для работы ў сваіх прадстаўніцтвах і колькасцю не больш за 5 чалавек. Асабліва адчувальна гэта можа закрануць кітайскія кампаніі, якія актыўна задзейнічаюць сваіх суайчыннікаў. Цяпер яны працягваюць працаваць у ранейшым рэжыме, аднак пасля заканчэння дзеяння спецыяльнага дазволу, згодна з Указам Прэзідэнта «Аб рэалізацыі інвестыцыйных праектаў», такое права захаваецца ў 6 кампаній.

Як адзначыў намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Аляксандр Татура, у цэлым прынятым змяненням і дапаўненням у Закон «Аб знешняй працоўнай міграцыі» варта даць станоўчую ацэнку, паколькі яны ліквідуюць шэраг недахопаў, закрываюць некаторыя спрэчныя пытанні, якія ўзнікалі на практыцы. Новаўвядзенні накіраваны на ахову айчыннага рынку працы, што павінна спрыяць займанню вольных працоўных месцаў грамадзянамі Беларусі, а таксама замежнікамі, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне.

Кожная вакансія павінна не менш за 15 дзён знаходзіцца на біржы працы, толькі пасля гэтага яе можна прапаноўваць замежнікам. Дэпартамент па грамадзянстве і міграцыі МУС пільна сочыць за гэтым працэсам і спыняе ўсе спробы схітраваць: некаторыя кампаніі свядома значна заніжалі заработную плату, каб беларускія спецыялісты адмаўляліся ад вакансіі, аднак, як толькі яны бралі на працу замежніка, сума адразу ж узрастала ў некалькі разоў.

Беларусь зацікаўлена ў прыцягненні высокакваліфікаваных спецыялістаў: ніякіх абмежаванняў па іх колькасці няма. Аднак для таго, каб адносіцца да гэтай катэгорыі, трэба адпавядаць пэўным крытэрыям: мець вышэйшую або сярэднюю спецыяльную адукацыю, стаж работы ад 5 гадоў, а таксама заработную плату не менш 3400 рублёў. Палегчаны працэс працаўладкавання для студэнтаў або маладых спецыялістаў з іншых дзяржаў, якія вучыліся ў Беларусі і плануюць развівацца ў сваёй прафесійнай сферы.

Новаўвядзенні дазволяць, з аднаго боку, стымуляваць прыцягненне асобных катэгорый работнікаў з ліку замежнікаў, у якіх зацікаўлена Беларусь, з другога боку, своечасова рэагаваць на змяненне міграцыйнай сітуацыі ў свеце і не дапусціць на беларускі рынак працы ўезду нелегальных мігрантаў.

Спецыяліст нагадаў, што для працаўладкавання ў Рэспубліцы Беларусь замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не маюць дазволу на пастаяннае пражыванне, наймальнік абавязаны атрымаць: дазвол на прыцягненне замежнай працоўнай сілы – пры выкарыстанні працы замежнікаў у колькасці, якая перавышае дзесяць чалавек, а таксама спецыяльны дазвол на права займацца працоўнай дзейнасцю на кожнага замежніка.

Пік актыўнасці замежных грамадзян прыйшоўся на 2014 год за кошт перасяленцаў з Украіны. Калі ў 2012 годзе агульная колькасць працоўных мігрантаў склала каля 9 тысяч чалавек, у 2013-м – крыху больш за 18 тысяч, то ў 2014-м – рэкордны лік у 38 тысяч. У мінулым годзе колькасць скарацілася да 32 тысяч, паказчыкі працягваюць зніжацца: за першыя 6 месяцаў гэтага года ў краіну ўехала каля 11 тысяч працоўных мігрантаў. Больш за 50 % з іх прадстаўнікі працоўных спецыяльнасцяў, якія задзейнічаны ў тым ліку і ў сельскай гаспадарцы. Па агульнай колькасці работнікаў лідзіруюць Кітай, Украіна і Расія. Аднак сустракаюцца і больш экзатычныя краіны: у пошуках лепшага жыцця ў Беларусь прыехала па адным работніку з Сэнт-Кітс і Нэвіса, Сьера-Леонэ і Кот-д'Івуара. Асаблівыя адносіны ўсталяваліся з краінамі – удзельніцамі ЕАЭС. Грамадзяне Расіі, Казахстана, Кіргізіі і Арменіі па-за залежнасцю ад кваліфікацыі могуць працаваць на тэрыторыі нашай дзяржавы без спецыяльнага дазволу.

Дар’я Каско,«Звязда», 29 кастрычніка 2016 г.