/ / Общественно-политические и в области права
31.10.2016

Што рабіць, калі знік чалавек? Начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку расказаў, як варта дзейнічаць у такой сітуацыі

Галоўнае, што ў дадзеным выпадку варта запомніць усім грамадзянам нашай рэспублікі: супрацоўнікі міліцыі неадкладна шукаюць кожнага зніклага, незалежна ад яго ўзросту, сацыяльнага статусу таго, хто звярнуўся з заявай, і колькі прайшло часу з моманту знікнення. Пра тое, як, не паддаючыся серыяльным стэрэатыпам, варта дзейнічаць у такой сітуацыі, расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі МУС Анатоль САКОВІЧ.

– У гэтай справе ёсць два галоўныя правілы: аператыўнасць і пэўнасць. Нават у савецкі час не трэба было чакаць, пакуль пройдзе нейкі вызначаны перыяд для пачатку пошукаў, так што «славутыя» тры дні – гэта абсалютны міф. Калі ваш блізкі чалавек знік, не цягніце – звяртайцеся ў міліцыю. Да гэтага можна, на ўсялякі выпадак, патэлефанаваць у Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў, у якім ёсць інфармацыя аб усіх асобах, якія трапілі ў розныя медыцынскія ўстановы, – расказаў Анатоль Саковіч. – Супрацоўнікам міліцыі трэба паведаміць усю вядомую вам інфармацыю: тэлефонныя нумары, акаўнты ў сацыяльных сетках, адрасы, па якіх чалавек можа знаходзіцца, кантакты асоб, якія ўваходзяць у яго бліжэйшы круг. Тое, што вам здаецца нязначнай дэталлю, можа дапамагчы прафесіяналам напасці на след. І, калі вы ўсё ж такі звярнуліся па дапамогу, трэба расказаць усё як ёсць: і пра алкагольную залежнасць, і сумніўных знаёмых, і частату знікненняў. Гэта істотна паскорыць працэс пошукаў. Усё, што вы па тых ці іншых прычынах хацелі ўтаіць, усё роўна будзе раскрыта.

За 9 месяцаў гэтага года паступіла больш за 6 тысяч заяў аб знікненні чалавека, больш за дзве трэція з іх – мужчыны. Прычым некаторыя «сыходзяць з дому» не адзін раз, а аж да дзясятка. Такія паводзіны часта ўласцівыя падлеткам, іх у спісе – 14 %. У асноўным гэта дзеці з «цяжкіх» сем’яў, якія зноў адпраўляюцца ў «свабоднае плаванне» адразу пасля таго, як іх вернуць дадому. У пацвярджэнне таму – свежы прыклад: 16-гадовая вучаніца аднаго з бабруйскіх каледжаў за год сыходзіла з дому 5 разоў. Больш прывабным ёй здаваліся «кватэры з нядобрай рэпутацыяй», 19 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі вярнулі дзяўчыну бацькам і ў той жа дзень зноў атрымалі паведамленне пра яе знікненне. Цяпер яна зноў дома, але адкрытым застаецца пытанне: ці надоўга? «Перасягнула» бабруйчанку 14-гадовая жыхарка Мінска: сёлета яна збягала з дзіцячага дома цэлых 7 разоў. У апошні раз – адправілася ў госці да прыяцеля. На стук у дзверы ніхто не рэагаваў, таму супрацоўнікам міліцыі прыйшлося паўдня правесці ў засадзе, каб сустрэць яе на вуліцы і вярнуць па месцы жыхарства.

Асаблівую катэгорыю складаюць тыя, хто з’ехаў на заробкі. Пераважная большасць адпраўляецца ў пошуках «кавалка хлеба» ў Расію і часта трапляе ў рукі нядобрасумленных работадаўцаў. Перад тым, як з’ехаць у іншую краіну, абавязкова варта паведаміць сваякам дакладнае месца знаходжання, а лепш – яшчэ і назву арганізацыі-наймальніка і яе кантакты.

Нягледзячы на тое, што значная частка «прапажаў» тлумачыцца бестурботнасцю зніклага – не думаў, што будуць хвалявацца, забыўся патэлефанаваць, – ніколі нельга выключаць верагоднасць, што тут ёсць крымінальная аснова. Асаблівае падазрэнне гэта выклікае, калі ў чалавека ёсць сям’я, больш-менш стабільная праца, а пра свае намеры ён не паведамляе нікому з блізкіх. Такім чынам забойства можа быць замаскіравана пад знікненне. Калі родныя або сябры адразу ж звяртаюцца ў праваахоўныя органы, злачынства нярэдка раскрываецца па гарачых слядах.

У жніўні гэтага года ў Гродна таксіст не вярнуўся пасля начной змены дадому. Як аказалася, два хлопцы папрасілі адвезці іх за горад, дзе напалі на яго і забілі. Адзіная мэта – «лёгкі» заробак. Прычым цікавілі злачынцаў толькі грошы: аўтамабіль быў пакінуты каля абочыны. Непадалёку ў полі падчас вышуковых работ было знойдзена і цела забітага. Здзейснілі злачынства маладыя людзі ў стане алкагольнага ап’янення. Сквапнасць стала прычынай яшчэ аднаго страшнага злачынства, якое адбылося ў Магілёве ў маі гэтага года. На гэты раз два бізнес-партнёры не падзялілі выручку. Яны займаліся рамонтам аўто: у той час як адзін укладваў грошы ў развіццё бізнесу, другі – у свае асабістыя патрэбы. Агульную справу вырашылі падзяліць – і зноў не дамовіліся. Тады той, які, на яго думку, больш грошай уклаў у бізнес, прыйшоў ноччу разам з памочнікам да экс-партнёра і жорстка з ім расправіўся. Мужчына, які нічога не падазраваў, сам палегчыў злачынцам задачу: ён застаўся начаваць у гаражы, каб не турбаваць жонку, якая незадоўга да гэтага нарадзіла дзіця. Труп вывезлі на тэрыторыю аднаго з закінутых заводаў, дзе закапалі ў назіральнай яме, якую пасля залілі бетонам. Злачынства было раскрыта за некалькі дзён.

А вось даведацца, што адбылося з без вестак зніклай жыхаркай Пінска, пасля раскрыцця новых фактаў удалося толькі праз 8 гадоў. Аказалася, маці пазбавіў жыцця ўласны сын, а цела схаваў у гаспадарчай пабудове. Нягледзячы на ўнушальны тэрмін, лёс жанчыны не застаўся нявысветленым.

– Зараз працягваецца сезон знікнення людзей у лесе. З пачатку года аб гэтым паступіла 121 заява. Нават на дадзены момант у лясах па ўсёй рэспубліцы знаходзяцца 11 чалавек, якія згубіліся. У асноўным гэта пажылыя людзі, якія кіруюцца думкай «я гэты лес ведаю з дзяцінства», аднак не ўлічваюць узроставыя магчымасці. Многія з іх пакутуюць на старэчыя змены свядомасці, – адзначыў палкоўнік міліцыі. – Прачасаць лес – гэта досыць працаёмкі працэс. Нам часта дапамагаюць салдаты і валанцёры – збіраюцца дзясяткі і нават сотні чалавек. Калі ваш блізкі згубіўся ў лесе, не варта марнаваць час на самастойныя пошукі – такі масіў усё роўна не ахапіць, лепш адразу ж паведаміць у міліцыю, а ўжо пасля – далучыцца да працы прафесіяналаў.

Як правільна арганізаваць паход у лес

  • Паведаміце пра свае планы родным ці знаёмым, удакладніўшы, куды менавіта вы збіраецеся адправіцца.
  • Апынуўшыся на месцы, звярніце ўвагу на буйныя арыенціры: рака, дарога, чыгуначная станцыя.
  • Калі ёсць магчымасць, абавязкова вазьміце з сабой мабільны тэлефон, папярэдне цалкам яго зарадзіўшы і папоўніўшы баланс.
  • Не лішнім будзе свісток: ён можа аказацца значна больш дзейсным, чым тэлефон.
  • Лепш выбіраць вопратку яркіх тонаў, бо камуфляж можа істотна ўскладніць пошукі.
  • Пры сабе неабходна мець запас ежы, цёплыя рэчы, нож, компас, зручны абутак. У ідэале – мінімальны набор лекаў, у тым ліку бінт і ёд для апрацоўкі ран, воданепранікальныя запалкі, дажджавік, невялікі запас грошай.

Як дзейнічаць, калі вы заблудзілі ў лесе

  • Галоўнае – не паддавайцеся паніцы!
  • Калі вы былі не адзін, паспрабуйце вярнуцца на тое месца, дзе рассталіся з астатнімі.
  • Выберыце арыенцір – сцежку, прасеку або лініі электраперадачы – і рухайцеся ўздоўж яго. Ні ў якім разе не зварочвайце.
  • Ніколі не пераходзьце раку і тым больш балота. Заўсёды надзейней ісці ў процілеглы ад іх бок. 
  • Для начоўкі лепш выбраць месца на ўзвышшы, паблізу вялікага дрэва. Абавязкова варта распаліць вогнішча.
  • Ляжаць трэба тварам да вогнішча і ўсімі сіламі імкнуцца не заснуць: дапамога можа быць недзе побач.

Дар’я КАСКО, «Звязда», 29 кастрычніка 2016 г.