/ / Общественно-политические и в области права
10.11.2016

Страхавы стаж дае права на працоўную пенсiю, агульны стаж уплывае на памер пенсіі

Трапiлi ў цяжкую жыццёвую сiтуацыю i не ведаеце, куды звярнуцца? Хочаце даведацца, цi маеце права на дзяржаўную адрасную сацыяльную дапамогу? А можа, ёсць пытанне наконт дзiцячых дапамог? На гэтыя i iншыя пытаннi нашым чытачам давала адказы старшыня камiтэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мiнгарвыканкама Жанна Рамановiч падчас прамой лiнii, якая адбылася ў рэдакцыi «Звязды» ўчора.

– Добры дзень. Мяне завуць Таццяна, я з Мiнска тэлефаную. Жанна Аляксандраўна, скажыце, калi ласка, што такое страхавы стаж i якiя работы (вiды дзейнасцi) уключаюцца ў яго?

– Страхавы стаж – гэта перыяды работы, прадпрымальнiцкай, творчай i iншай дзейнасцi, на працягу якiх ажыццяўлялася выплата абавязковых страхавых унёскаў.

Наогул, у заканадаўстве ёсць два паняццi – страхавы i агульны стаж. Першы дае права на працоўную пенсiю, другi – уплывае на яе памер. Падчас вучобы на дзённых аддзяленнях навучальных устаноў, ваеннай службы, догляду дзяцей да трох гадоў страхавыя адлiчэннi ў Фонд сацыяльнай абароны насельнiцтва не робяцца. Адпаведна гэтыя перыяды не ўваходзяць у страхавы стаж. Але ў агульны стаж, якi ўплывае на памер пенсii, яны залiчваюцца.

Не ўключаюцца ў страхавы стаж таксама перыяды догляду iнвалiда I групы або састарэлага, якi дасягнуў 80-гадовага ўзросту i мае патрэбу (па заключэннi МРЭК (урачэбна-кансультацыйнай камiсii) або дзяржаўнай арганiзацыi аховы здароўя ў пастаянным доглядзе, а таксама перыяды догляду дзiцяцi-iнвалiда ва ўзросце да 18 гадоў. Не залiчваецца ў яго i перыяд атрымання дапамогi па беспрацоўi.

Такiм чынам, каб мець права на атрыманне працоўнай пенсii ў 2016 годзе, трэба, каб у вас было 15 гадоў i 6 месяцаў страхавога стажу. А пачынаючы з 1 студзеня 2017 года працягласць страхавога стажу будзе штогод павялiчвацца на паўгода – пакуль не дасягне 20 гадоў. Такiм чынам, у 2017 годзе працоўныя пенсii па ўзросце i за выслугу гадоў будуць прызначацца пры наяўнасцi страхавога стажу 16 гадоў, у 2018-м – 16 гадоў i 6 месяцаў i г.д.

– А як можна пацвердзiць свой страхавы стаж? I якiм чынам яго пацвердзiць пры адсутнасцi дакументаў аб працы?

– Справа ў тым, што ўмова выплаты абавязковых страхавых унёскаў прымяняецца ў дачыненнi да перыядаў работы пасля 1 ліпеня 1998 года. Дакументальна пацверджаныя перыяды работы (перш за ўсё з дапамогай працоўнай кнiжкi), якiя мелi месца да 1 ліпеня 1998 года, уключаюцца ў стаж, у тым лiку i ў страхавы, без дадатковага пацвярджэння факта выплаты абавязковых страхавых унёскаў.

Пры гэтым варта мець на ўвазе, што перыяды работы з 1 ліпеня 1998 года да 1 студзеня 2003 года павiнны пацвярджацца яшчэ i даведкай аб перыядзе выплаты абавязковых страхавых унёскаў i аб суме заработнай платы (даходу), з якой гэтыя ўнёскi выплачаны, якая выдаецца работадаўцам. Пасля 1 студзеня 2003 года – дастаткова звестак iндывiдуальнага (персанiфiкаванага) улiку, якiя атрымлiваюць органы па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў Фондзе сацыяльнай абароны насельнiцтва.

Такiм чынам, для ўключэння ў працоўны стаж перыяду работы, што мела месца пасля 1 ліпеня 1998 года, недастаткова прад'явiць працоўную кнiжку з запiсам аб прыёме i звальненнi. Неабходна пацвердзiць, што ў перыяд работы вы падлягалi дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню i за вас плацiлiся страхавыя ўнёскi.

Пры гэтым мае значэнне не толькi факт выплаты абавязковых страхавых узносаў, але i памер заробку, з якога яны выплачвалiся. Для ўключэння ў стаж у поўным аб'ёме тых цi iншых перыядаў работы ўнёскi павiнны быць выплачаны з даходу, якi перавышае мiнiмальна дапушчальны ўзровень аплаты працы. Iншымi словамi, памер заробку не павiнен быць нiжэйшы за мiнiмальную заработную плату. У адваротным выпадку ў стаж для прызначэння пенсii залiчваецца перыяд, вызначаны з прымяненнем паправачнага каэфiцыента.

Калi ж дакументы аб рабоце адсутнiчаюць i няма магчымасцi iх атрымаць, бо работадавец спынiў сваю дзейнасць i дакументы ў архiўныя ўстановы на захоўванне не здадзены, перыяды работы могуць быць устаноўлены камiсiямi па прызначэннi пенсiй, якiя ўтвараюцца раённымi (гарадскiмi) выканаўчымi i распарадчымi органамi на падставе паказанняў не менш за двух сведак, якiя ведаюць вас па сумеснай рабоце ў арганiзацыi або ў iндывiдуальнага прадпрымальнiка i маюць дакументы, што пацвярджаюць iх працу за ўвесь час, у дачыненнi да якога яны сведчаць.

Святлана Бусько, «Звязда»,№ 217 (28327), 10 лістапада 2016 г.
(фота – Яўген Пясецкі)