/ / Общественно-политические и в области права
14.11.2016

Сучасны мiлiцыянер – гэтакi мадэрнiзаваны Дзядзька Сцёпа. Галоўнай мiлiцэйскай газеце – 85

Першы нумар газеты, якая тады называлася «На варце кастрычнiка», выйшаў у свет 12 лiстапада 1931 года. Асноўная мэта – «павышэнне ўзроўню iдэйна-палiтычнай, выхаваўчай i арганiзатарскай работы ў асяроддзi ахоўнiкаў правапарадку». Выпуск быў прымеркаваны да 14-й гадавiны стварэння Рабоча-Сялянскай мiлiцыi. Яго падрыхтоўкай займаўся палiтаддзел Галоўнага ўпраўлення мiлiцыi БССР. Газета выйшла на чатырох старонках тыражом у паўтары тысячы асобнiкаў. Мы прасачылi шлях i трансфармацыю выдання на працягу 85 гадоў.

Практычна не захавалiся нумары, якiя выходзiлi ў даваенны перыяд: у Нацыянальнай бiблiятэцы прадстаўлены адзiнкавыя асобнiкi. А вось азнаёмiцца з падшыўкамi за ўсе гады пасля 1945-га можна без праблем. Многiя з тэм, якiя асвятлялiся тады, актуальныя i дагэтуль, ключавое адрозненне ў тым, што ў той час акцэнт рабiўся на дысцыплiну асабiстага складу. У 1960-х пачаўся перыяд сапраўднага росквiту выдання. Пашырылася тэматыка публiкацый, прыкметна ўзрос лiтаратурны ўзровень выдання. На яго старонках з’яўлялiся матэрыялы такiх вядомых публiцыстаў, як Аляксандр Градзюшка, Мiхаiл Фашчылiн, Барыс Фралоў, Iван Шпадарук, Анатоль Сiвец. Менавiта тут паспрабаваў сябе ў прафесii цяперашнi рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовiч. У той перыяд тыраж ведамаснага выдання вырас да 40–60 тысяч, яно выходзiла двойчы на тыдзень.

У 1970-х з-за пастановы ЦК КПСС, якая пакiнула на ўсю краiну ўсяго два мiлiцэйскiя выданнi, газета часова перастала выходзiць. Пасля аднаўлення маштаб ахопу дасягнуў яшчэ большых размахаў, газета выходзiла тры разы на тыдзень, тыраж часам даходзiў да 480 тысяч асобнiкаў. З’явiлiся розныя дадаткi, у iх лiку «Пажар», кнiжная бiблiятэчка «Сышчык».
Цяпер газета выходзiць на 24 палосах кожны тыдзень. Напярэдаднi свята мы пагутарылi з галоўным рэдактарам газеты Наталляй ГАРЫНАЙ.

– Наталля Сяргееўна, якiя тэмы на парадку дня?

– У цэлым, сутнасць зместу выдання за 85 гадоў iстотна не змянiлася. Пытаннi барацьбы са злачыннасцю i гарантавання грамадскай бяспекi будуць актуальныя заўсёды. Мы адлюстроўваем дзейнасць усiх службаў. Аднак паколькi блiжэй за ўсё да народу ўчастковыя iнспектары, iнфармацыя аб iх рабоце заўсёды ў «топе». Пастаянна на слыху i тэма бяспекi на дарогах. Рэалii сучаснага жыцця звяртаюць увагу на такiя праблемы, як наркагандаль, кiберзлачыннасць, працоўнае рабства.

– Супрацоўнiк МУС – патрабавальны чытач?

– Шчыра скажу, вельмi. Любыя змены ў заканадаўстве, iнавацыйныя iдэi, вопыт калег выклiкаюць у яго жывую цiкавасць. Так што аператыўнасць, як i ў дзейнасцi мiлiцыi, – адна з найважнейшых характарыстык нашай работы.

Сучасны мiлiцыянер – гэтакi мадэрнiзаваны Дзядзька Сцёпа. Дасведчаны, сумленны, спагадлiвы, якi пры гэтым актыўна выкарыстоўвае новыя тэхналогii. Нам неабходна адпавядаць!

– У чым спецыфiка работы з людзьмi ў форме?

– Я вырасла ў мiлiцэйскай сям’i, так што з гэтай сферай знаёмая з самага дзяцiнства. Паколькi ўсе супрацоўнiкi МУС працуюць з людзьмi, яны лёгка iдуць на кантакт, валодаюць навыкамi публiчных выступленняў. Калi нейкiя моманты не раскрываюцца, то гэта робiцца выключна ў iнтарэсах следства. А так пра сваю работу, асаблiва пра станоўчыя вынiкi, яны расказваюць з задавальненнем. Вельмi любяць з намi супрацоўнiчаць ветэраны мiлiцэйскай службы. З прычыны выхаду тэрмiну даўнасцi ў сваiх успамiнах яны могуць дазволiць сабе быць больш адкрытымi.

– З якiм вынiкам газета прыйшла да 85-гадовага юбiлею?

– Тыраж нашага выдання складае больш за 55 тысяч асобнiкаў. Мы сочым за тэндэнцыямi ў палiграфiчнай справе, стараемся рабiць актуальную вёрстку, цалкам перайшлi на каляровы друк. У кожным нумары ёсць тэматычны ўкладыш, прысвечаны дзейнасцi асобнай службы, а таксама мiлiцыi ў цэлым у пэўным рэгiёне. Раз у месяц выходзяць рубрыкi аб дзейнасцi ДАI «Дарогам – парадак» i Дэпартамента аховы «Пад знакам савы».

Сярод нашых чытачоў не толькi супрацоўнiкi МУС, але i члены iх сем’яў i нават далёкiя ад гэтай сферы грамадзянскiя людзi. Мы падымаем пытаннi, якiя могуць быць цiкавыя жанчынам, робiм спецыяльныя старонкi для дзяцей, ахоплiваем культурна-пазнавальную тэматыку.

Газета выходзiць у друкаваным выглядзе, толькi самыя цiкавыя публiкацыi з’яўляюцца на сайце МУС. I пакуль мяняць фармат мы не збiраемся. Наша газета выконвае не толькi забаўляльную функцыю, у ёй змяшчаецца шмат матэрыялаў, якiя можна захаваць i выкарыстоўваць у працы.

Звяздоўцы вiншуюць калектыў газеты «На страже» з юбiлеем. Шчыра зычым натхнення, удачы i далейшых поспехаў!

Дар’я КАСКО, «Звязда», 12 лістапада 2016 г.