/ / Общественно-политические и в области права
15.11.2016

Што лічыць зброяй і калі яе неабходна рэгістраваць? Сакрэты балістычнай экспертызы

Заканадаўцы Беларусі прадугледзелі крымінальную адказнасць за незаконнае абыходжанне з агнястрэльнай зброяй ці яе кампанентамі. Менавіта таму для судовага эксперта-баліста вельмі важна вызначыць, які ж прадмет ляжыць перад ім: сапраўдная агнястрэльная прылада ці толькі выраб, які валодае пэўнымі яе ўласцівасцямі. Гэта ў далейшым можа вельмі істотна ўплываць на кваліфікацыю крымінальнай справы, у межах якой і праводзіцца экспертыза.

Завесу таямніцы над балістычнай экспертызай прыўзняў намеснік начальніка ўпраўлення крыміналістычных экспертыз і ўлікаў, начальнік аддзела крыміналістычных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінску Аляксандр Крывец.

Што лічыць зброяй?

– Кажучы па-навуковаму, агнястрэльнасць – гэта прынцып кідання снарада за кошт ціску, які ўтвараецца пры згаранні пораху. Гэта і ёсць асноўны прынцып класіфікацыі зброі. Таксама ў ёй мусяць прысутнічаць узброенасць, якая ўключае ствол, які накіроўвае палёт, затвор, які запірае канал ствала, і ўдарна-спускавы механізм, які запальвае порах у патроне. Усё гэта ў сукупнасці і вызначае, ці з'яўляецца зброя агнястрэльнай.

Хітрыкі злачынцаў, з-за якіх выкарыстаная зброя становіцца непрыдатнай, не ўплываюць на канчатковы вынік экспертызы.

Вось да нас нядаўна паступіў рэвальвер. У яго механізме адсутнічае ўдарнік. Зрабіць стрэл немагчыма. Але ў яго ёсць усе астатнія прыкметы агнястрэльнай зброі. Галоўнае пытанне, якое трэба вырашыць падчас эксперымента – ці страляе гэты рэвальвер з выкарыстаннем аналагічнай дэталі?

У Беларусі вельмі даўно была створана спецыяльная кулегільзатэка. У ёй захоўваюцца ўзоры, якія дапамагаюць вызначаць, ці не выкарыстоўвалі злачынцы гэтую зброю раней. Бывалі выпадкі, калі зброю знаходзілі нават праз гады.

З маўзерам і ППШ

Часцей за ўсё на стол эксперта трапляе дробнакаліберная зброя. Ёй карыстаюцца на паляванні, падчас спартыўных мерапрыемстваў. Не ў апошнюю чаргу з-за вельмі даступных патронаў. Крыху менш праз рукі экспертаў праходзіць пісталетаў ТТ і рэвальвераў «наган» – сярод апошніх прысутнічаюць нават экзэмпляры часоў Грамадзянскай вайны.
Дагэтуль адгукаецца і стралковае «рэха» Вялікай Айчыннай. Нямала зброі тых часоў праваахоўнікі канфіскуюць у «чорных капальнікаў». Сярод яе вельмі шмат карабінаў, вінтовак сістэмы Мосіна, маўзераў, затвораў да іх, аўтаматаў ППШ. Сустракаюцца і нямецкія пісталеты-кулямёты МР-40, якія былі падчас Другой сусветнай вайны на ўзбраенні вермахта.

– У гістарычных фільмах часта ў кадр трапляе зброя, якую зараджаюць з дула. А крыніцай агню служыць крэмній, – кажа Аляксандр Крывец. – Вось такі дульназарадны пісталет трапіў да нас не так даўно. Самае цікавае, што ён старой кустарнай вытворчасці. Каб вырашыць шматлікія пытанні, якія стаялі перад экспертам, давялося прыкласці шмат намаганняў. Трэба было вызначыць мадэль, краіну, дзе яго зрабілі. І самае галоўнае – зрабіць кантрольны стрэл пры адсутнасці патрэбных капсуляў, пораху і куль.

Некаторыя крымінальныя ўмельцы перарабляюць газавыя і нават будаўнічыя пісталеты пад баявыя. Жаданне «замесці сляды» хавае пад сабой адзін вельмі востры «камень». Ствол і іншыя дэталі такіх пісталетаў загадзя не разлічаны пад ціск, які ўтвараецца пры звычайным стрэле. І таму злачынца, націскаючы курок, рызыкуе атрымаць істотныя траўмы.
«Ствол» без рэгістрацыі

– Нядаўна да нас звярнуўся малады чалавек, – успамінае Аляксандр Крывец. – Яму ад дзеда засталася гладкаствольная паляўнічая стрэльба. І ён хацеў бы захаваць яе як памяць пра родзіча. У прынцыпе, так зрабіць можна. Трэба падысці ў міліцыю і паведаміць пра наяўнасць зброі. Пасля яе трэба будзе штучна зрабіць непрыдатнай. Зброя патрапіць да нас у Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. І мы ўжо правядзём адмысловую экспертызу, па выніках якой будзе выдадзена заключэнне аб тым, што гэтая зброя не з'яўляецца агнястрэльнай, а ўсяго толькі макетам. Такія экспертызы ва ўпраўленні па Мінску праводзяцца платна па заявах фізічных, юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Да балістаў Камітэта судовых экспертыз звяртаюцца нават музеі, якія захоўваюць зброю ў якасці экспанатаў. Іх цікавяць правільныя ўмовы захоўвання.

Між іншым, 80–90% зброі, якая калісьці выкарыстоўвалася падчас здымак фільмаў, насамрэч былі сапраўднымі...

– А вось яшчэ адзін цікавы выпадак, – працягвае Аляксандр Крывец. – Прыехаў неяк да нас яшчэ адзін малады чалавек са Слоніма. І падзяліўся незвычайнай ідэяй. Яму ад дзеда таксама засталася прылада, якая знешне нагадвае кулямёт, які можа мацавацца да матацыкла. І вось яму закарцела ў дзень Перамогі сесці на матацыкл, афарбаваны ў адпаведны колер, надзець каску і праехацца, каб аддаць памяць загінулым. Мы правялі экспертызу прылады і выявілі, што яна не мае прыкмет агнястрэльнай зброі.

Раздаецца тэлефонны званок. Эксперт некалькі хвілін гутарыць з чалавекам, а пасля коратка пераказвае змест размовы:

– Чалавек плануе набыць у Маскве пнеўматычную зброю. Мае расійскі пашпарт да яе. І пытаецца: ці будзе гэтага дастаткова для таго, каб зброя легальна знаходзілася на тэрыторыі Беларусі? Ці трэба звяртацца ў органы ўнутраных спраў для таго, каб праводзілі экспертызу? Калі ў пашпарце на пнеўматычную зброю ўказана велічыня дульнай энергіі да 7,5 джоўля, то ёй можна без рэгістрацыі карыстацца на тэрыторыі Беларусі. Але практыка паказвае, што не заўжды звесткі пашпарта адпавядаюць рэчаіснасці. У зброі можа быць зменена канструкцыя спружыны ці газавага балона. Робіцца гэта звычайна ў бок павышэння паказчыка дульнай энергіі. У такім выпадку ў міліцыі зброю рэгістраваць трэба. Таму калі вы сумняваецеся наконт таго, ці трэба рэгістраваць зброю, аддайце яе лепш на экспертызу, якая і пакажа дакладныя даныя.

Вызначыць па адбітку

Судоваму эксперту куля можа паведаміць вельмі шмат. Напрыклад, тып патрона, у якім яна выкарыстоўваецца. Можна звузіць кола пошуку да мадэлі і калібру зброі. Калі ствол зношаны, то ён таксама пакіне адбітак на кулі, у асобных выпадках можна вызначыць нават напрамак стрэла, высветліць, ці сустракала куля нейкую перашкоду падчас палёту, ці быў рыкашэт.

– Для таго, каб атрымаць эксперыментальныя сляды канала ствала на кулях, неабходна стральба ў ціры, – гаворыць Аляксандр Крывец. – Дапамагае ў гэтым кулеўлоўнік.

Вельмі шмат спраў мы маем з пнеўматычнай і траўматычнай зброяй. Па спецыфіцы траўматычная зброя вельмі блізкая да агнястрэльнай. Менавіта таму эксперт яшчэ даследуе, ці ўносіліся канструкцыйныя змены ў яе часткі. Гэта дапаможа высветліць, ці змянілася мэтавае прызначэнне прылады.

Валяр'ян Шкленнік, «Звязда», № 220 (28330), 15 лістапада 2016 г.