/ / Общественно-политические и в области права
02.11.2016

Хто заплоціць спецыяльны збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў? Інфарміруе Міністэрства па падатках і зборах

Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ) накіравала каля 50 тысяч паведамленняў на аплату спецыяльнага збору тым, хто летась не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржаўных расходаў, паведаміла намеснік Міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка. Памер збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год складае 360 рублёў (3,6 млн – «старымі»).

Стымул спрацаваў

Тут трэба нагадаць, што, калі яшчэ дакумент аб сацыяльным утрыманстве быў на стадыі ідэі, чыноўнікі паведамлялі: тых, хто не працуе і не плаціць падаткі, больш за 400 тысяч. А на справе іх аказалася ў разы менш. Чаму?

Спадарыня Шаўчэнка на падобную нестыкоўку ў лічбах адказала, што асноўнай мэтай Дэкрэта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» было стымуляванне працаздольнага насельніцтва да працы і папярэджанне такога ўтрыманства як масавай з'явы. Невялікая колькасць накіраваных паведамленняў (гэта неканчатковая лічба) сведчыць аб тым, што часткова галоўная мэта ўжо дасягнута. Напрыклад, летась, пасля прыняцця Дэкрэта, у 1,5 раза ўзрасла колькасць асоб, якія сталі на ўлік у якасці беспрацоўных. Таксама ўзрасла колькасць асоб, якія займаюцца дзейнасцю па заяўным прынцыпе, што не патрабуе рэгістрацыі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП). Потым павялічылася колькасць занятых у сферы аграэкатурызму і рамеснікаў. Акрамя таго, у ІП на 22% вырасла колькасць наёмных асоб. «Мы бачым, што стымуляванне актыўнасці працаздольнага насельніцтва адбылося», – падкрэсліла намеснік Міністра.

Не павінен – не плаці

Першапачаткова падатковыя органы збіраліся падлічыць усіх плацельшчыкаў падобнага збору да 1 жніўня і аператыўна накіраваць ім паведамленні, каб апошнія маглі разлічыцца з бюджэтам да 15 лістапада. Аднак хуценька не атрымалася.

Святлана Шаўчэнка расказала, што падатковыя органы і цяпер працягваюць работу па фарміраванні базы даных плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў за 2015 год. Пры гэтым вызначэнне перыяду ўдзелу грамадзян у фінансаванні дзяржаўных расходаў ажыццяўляецца на падставе звестак, якія ёсць у дзяржаўных органах і арганізацыях. «Аднак цалкам аўтаматызаваць працэс фарміравання такой базы па аб'ектыўных прычынах не атрымалася, бо многія грамадзяне, напрыклад, працуюць за межамі нашай краіны і аплачваюць падаткі на тэрыторыі замежных дзяржаў. Акрамя таго, многія беларускія студэнты вучацца за мяжой, а падобная інфармацыя таксама не захоўваецца ў базах даных нашых дзяржорганаў. І спіс такіх сітуацый можна працягваць», – адзначыла яна. Таму бываюць выпадкі, калі чалавек дармаедам ніякім чынам не з'яўляецца, а яму прыходзіць паведамленне аб аплаце збору. Баяцца гэтага не трэба.

У такім выпадку трэба «прадставіць у падатковы орган дакументы або тлумачэнні, якія сведчаць аб адсутнасці ў яго абавязку па аплаце збору за адпаведны падатковы перыяд ці аб няправільным вылічэнні падатковым органам сумы збору».

Інфармацыю аб гэтым можна прынесці ў падатковы орган асабіста або адправіць адпаведнае паведамленне праз размешчаны на сайце Міністэрства сэрвіс «Электронны зварот», растлумачыла Святлана Шаўчэнка. Дарэчы, ужо больш за 11 тысяч грамадзян апавясцілі падатковыя органы аб праве на вызваленне ад аплаты збору.

Святлана Шаўчэнка нагадала, што інфармацыя аб катэгорыях грамадзян, якія вызваляюцца ад аплаты збору, і прыкладная форма дакумента аб наяўнасці права на вызваленне размешчана на сайце Міністэрства ў раздзеле «Збор на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў». Пры гэтым яна падкрэсліла, што падатковыя органы збіраюць звесткі аб занятасці людзей самастойна, але могуць звяртацца да грамадзян за ўдакладненнямі, калі атрымаць нейкую інфармацыю спецыялістам немагчыма.

Разгледзяць любую сітуацыю

Сёння ў падатковай інспекцыі існуе цэлы спіс катэгорый насельніцтва, якія вызваляюцца ад аплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Гэта пенсіянеры, інваліды, шматдзетныя маці і тыя, хто выхоўвае дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў, а таксама жанчыны, якія даглядаюць за дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў. Не трэба плаціць такі падатак і тым, хто летась быў на тэрыторыі краіны менш за 183 дні. А прысядзібны ўчастак пакуль што вызваляе ад аплаты падатку толькі жыхароў сельскіх населеных пунктаў і пасёлкаў гарадскога тыпу. У апошнім выпадку ўладальніку ўласных сотак неабходна будзе атрымаць даведку ад мясцовых улад аб факце і перыядзе вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі менавіта па месцы сваёй рэгістрацыі. Не павінны гэты збор плаціць індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ўжо заплацілі ў казну па спрошчанай сістэме падаткаабкладання 360 і больш рублёў, рамеснікі, члены творчых саюзаў і іншыя нешматлікія катэгорыі.

Аднак бываюць выпадкі, калі чалавек можа трапіць у сапраўды складаную жыццёвую сітуацыю, якая перашкаджае яму атрымліваць даходы і нават аплаціць гэты збор. Калі гэта сапраўды так, то грамадзяніна могуць вызваліць ад аплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Намеснік Міністра адзначыла, што Дэкрэт № 3 устанаўлівае агульныя падыходы да ўсіх плацельшчыкаў збору. Разам з гэтым неабходна ўлічваць кожную канкрэтную жыццёвую сітуацыю. Можа скласціся так, што чалавек па тых ці іншых прычынах трапляе ў лік плацельшчыкаў збору, але ў яго цяжкае фінансавае становішча, жыццёвыя абставіны. У гэтым выпадку прадугледжана магчымасць звароту ў мясцовыя органы ўлады з просьбай аб вызваленні ад аплаты збору. Таму тыя грамадзяне, якім будуць накіраваны паведамленні і ў якіх цяжкія фінансавыя абставіны, могуць звяртацца ў мясцовыя органы ўлады з адпаведнай заявай, удакладніла Святлана Шаўчэнка.

Патэнт для самазанятых

Ідэя аб увядзенні патэнтнай сістэмы для самазанятасці знаходзіцца сёння ў стадыі абмеркавання, паведаміла намеснік Міністра. Паводле яе слоў, пад тэрмінам «самазаняты чалавек» падразумеваецца той, хто самастойна займаецца нейкай дзейнасцю. «Гэта і прадпрымальнікі. Таксама ў нас ёсць катэгорыя асоб, якія займаюцца дзейнасцю па заяўным прынцыпе. Просты прыклад – рэпетытары, якія аплачваюць адзіны падатак і не вядуць ніякіх справаздач», – патлумачыла Святлана Шаўчэнка. Цяпер МПЗ і Мінэканомікі выступілі з ініцыятывай пашырыць пералік відаў дзейнасці, якімі можна займацца без рэгістрацыі індывідуальнага прадпрымальніка. Напрыклад, цяпер ідзе гаворка аб тым, каб да такога віду дзейнасці аднесці пашыў адзення па заказах грамадзян, дробны рамонт абутку і іншыя.

«Ёсць некалькі варыянтаў. Патэнт могуць атрымліваць індывідуальныя прадпрымальнікі, а могуць і асобы, якія з'яўляюцца самазанятымі», – лічыць яна.

Як паведамлялася, з ініцыятывай аб увядзенні патэнта на самазанятасць выступіў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, рэгістрацыя праз куплю патэнта на самазанятасць без пастаноўкі на ўлік у якасці беспрацоўных прастымулюе прадпрымальніцкую актыўнасць асоб, якія страцілі работу, доўгі час не працуюць, але ўцягнуты ў ценявую занятасць. На думку Міхаіла Мясніковіча, да самазанятых могуць быць аднесены асобы, якія працуюць па заяўным прынцыпе без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка – рамеснікі, супрацоўнікі сферы аграэкатурызму, уладальнікі асабістых падсобных гаспадарак, асобы, якія займаюцца прыбіраннем, бытавымі паслугамі. Міхаіл Мясніковіч лічыць, што кошт патэнта на самазанятасць можна наблізіць да памеру адзінага падатку.

Яшчэ тры гады «адтэрміноўкі»... у перспектыве

Зараз ад выплаты «падатку на дармаедства» вызвалены шматдзетныя маці і тыя, хто выхоўвае дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў. Але яшчэ ў снежні мінулага года кіраўніцтва падатковай галіны пачало ўносіць свае прапановы ў праект новага дакумента, дзе прадугледжваецца залічваць у якасці ўдзелу ў фінансаванні дзяржвыдаткаў аднаго з бацькоў перыяды выхавання ў сям'і дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў. Праект Дэкрэта падрыхтаваны ўсімі зацікаўленымі органамі і праходзіць узгадненне. У першую чаргу ён закране інтарэсы жанчын, якія выхоўваюць дзяцей.

Разам з маці ў новым дакуменце ад падатку на дармаедства збіраюцца вызваліць і людзей, якія маюць асабістыя падсобныя гаспадаркі. «Да нас часта сталі звяртацца людзі, якія маюць зямельны ўчастак, што прызначаны для абслугоўвання жылога дома. Яны працуюць на гэтай зямлі, займаюцца раслінаводствам і не разумеюць, чаму павінны быць плацельшчыкамі збору», – тлумачыць сітуацыю намеснік Міністра. Згодна з прапановай падаткавікоў, праца на падсобнай гаспадарцы будзе ўлічвацца для ўсіх катэгорый нашых грамадзян, а не толькі тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці. Таму актыўныя дачнікі, верагодна, таксама не будуць плаціць такі падатак. Спецыялісты падатковай сферы думаюць, што гэтыя новаўвядзенні будуць дзейнічаць ужо па выніках 2016 года.

Першы мільён

Сёння спецыялісты МПЗ адзначаюць, што больш за 4 тысячы беларусаў загадзя прызналіся ў сацыяльным утрыманстве, каб атрымаць 10-працэнтную зніжку на падатак. Такім людзям ужо налічылі 1 мільён 10 тысяч рублёў збору, якія былі пералічаны ў бюджэт. Самастойна гэта катэгорыя людзей магла паведаміць у падатковую інспекцыю да 31 мая аб тым, што яны нідзе не працавалі летась і не плацілі падаткаў, а аплаціць збор павінны былі не пазней за 1 ліпеня.

Згодна з падатковым заканадаўствам, усе астатнія плацельшчыкі збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў павінны разлічыцца з бюджэтам да 15 лістапада. Паведамленні з прапановай аплаціць гэты збор людзі будуць атрымліваць і пасля гэтай даты. У такім выпадку пералічыць грошы неабходна будзе на працягу 30 дзён.

Сяргей Куркач, «Звязда», № 212 (28322), 2 лістапада 2016 г.