/ / Общественно-политические и в области права
29.11.2016

Чаго чакаць ад Нацыянальнага плана па ўкараненні прынцыпаў «зялёнай» эканомікі

Чысты транспарт, экалагічная маркіроўка і сертыфікацыя, «зялёная» навука для чыноўнікаў – чаго чакаць ад новага Нацыянальнага плана па ўкараненні прынцыпаў «зялёнай» эканомікі.

На пачатку лістапада адбыўся грамадскі сход з мэтай абмеркавання праекта Нацыянальнага плана дзеянняў па ўкараненні прынцыпаў «зялёнай» эканомікі ў галінах народнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь да 2020 года. Спецыялісты розных сфер, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі экалагічных арганізацый выказалі распрацоўшчыкам Нацплана свае прапановы і заўвагі наконт законапраекта.

Экалогію – ва ўсе сферы

Падчас слуханняў Наталля Жаркіна, начальнік упраўлення аналітычнай работы, дзяржаўнай палітыкі і рэгулявання ў галіне аховы навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, прадставіла сам праект Нацыянальнага плана дзеянняў, расказала пра ход яго падрыхтоўкі, заўвагі і прапановы, якія паступілі:

– Праграма дзейнасці Урада на 2016–2020 гг. сярод іншага вызначае неабходнасць развіцця «зялёнай» эканомікі, індустрыі, экалагічнага транспарту. У асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця таксама растлумачана гэтая неабходнасць. Асноўнымі каардынатарамі сённяшняга праекта з'яўляюцца Мінпрыроды, Мінэканомікі і НАН Беларусі. Была створана міжведамасная рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, некаторых грамадскіх аб'яднанняў і навукоўцы. На пасяджэнні прадставілі план-праект, які будзе дапрацаваны з удзелам грамадскасці.

На восьмай канферэнцыі міністраў аховы навакольнага асяроддзя, якая адбылася ў гэтым годзе ў Батумі, Беларусь выказала гатоўнасць да выканання добраахвотных абавязкаў, накіраваных на стварэнне і развіццё інфраструктуры, «зялёнага» грамадскага гарадскога транспарту, прававых асноў па вядзенні арганічнай сельскай гаспадаркі, экалагічнай маркіроўцы тавараў, экалагічнай сертыфікацыі, сістэм кіравання навакольным асяроддзем, экалагічных стандартаў. Наша краіна пайшла па шляху экалагізацыі эканомікі. Мы павінны спыніць дэградацыю навакольнага асяроддзя і адначасова павялічыць дабрабыт насельніцтва. Для гэтага неабходна распрацаваць свой механізм дзеяння, вызначыць выразныя крытэрыі «зялёнай» эканомікі.

Наталля Іванаўна асобна звярнула ўвагу на сістэму «зялёных» закупак прадуктаў, якая загадвае набываць прадукты харчавання, тэхніку, канцтавары, паперу, тавары для рамонту, а таксама бытавую хімію з самымі лепшымі экалагічнымі характарыстыкамі. «Зялёныя» закупкі дапамагаюць клапаціцца пра здароўе людзей і стымулююць вытворчасць і спажыванне экапрадукцыі, зніжаючы ўздзеянне на навакольнае асяроддзе. Перавага аддаецца таварам з другаснай сыравіны або тым, якія можна перапрацаваць, а таксама прадукцыі з экамаркіроўкаю. На жаль, прадстаўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю на сходзе адсутнічалі. Пытанне засталося адкрытым.

Адна з прапаноў аўтараў Нацплана: распрацаваць механізм, дзякуючы якому прадпрыемствы змаглі б атрымаць добраахвотны сертыфікат экалагічнай нейтральнасці. У далейшым ён можа быць выкарыстаны як абавязковы сертыфікат прадукцыі на міжнародным рынку, бо для яго атрымання неабходна выканаць шэраг патрабаванняў, якія знізяць антрапагеннае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе. Спадарыня Жаркіна таксама адзначыла неабходнасць развіцця электратранспарту ў краіне (наладзіць выпуск электробусаў – змешаны варыянт электрамабіля і аўтобуса – будучы прадукт «Белкамунмаша»). Закранула яна і тэму арганічнай сельскай гаспадаркі, заўважыла, што Мінсельгасхарч марудна падыходзіць да распрацоўкі юрыдычных аспектаў гэтага кірунку. У 2017 годзе ў краіне павінен з'явіцца Закон аб арганічнай сельскай гаспадарцы, без прыняцца якога пакуль цяжка гаварыць пра падзаконныя механізмы і рабіць тыя ці іншыя высновы.

Нацплан прадугледжвае правядзенне інфармацыйных і адукацыйных мерапрыемстваў: плануецца ўвесці курс лекцый сярод чыноўнікаў праз Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэтай восенню ўжо стартаваў курс лекцый па «зялёнай» эканоміцы ў Беларускім эканамічным універсітэце.

Прысутныя дапоўнілі раздзелы праекта Нацплана практычнымі заўвагамі, а таксама заўвагамі рэдакцыйнага характару. Наталля Жаркіна выказала ўдзячнасць усім, хто прымаў удзел у абмеркаванні. Тым не менш яна нагадала, што неабходна ўлічваць канчатковую згоду – прапанову ў далейшым могуць і не прыняць.

Пасля грамадскіх абмеркаванняў заканатворцы селі за «круглы стол»: быў праведзены аналіз вопыту абмеркаванняў і спробы знайсці магчымыя шляхі яго ўдасканалення.

Слова – грамадскасці

У час слуханняў спецыялісты таксама правялі семінар па забеспячэнні эфектыўнага ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў у нашай краіне на практычным прыкладзе – на праекце Нацыянальнага плана дзеянняў па ўкараненні прынцыпаў «зялёнай» эканомікі.

Па словах Таццяны Еўдасёвай, начальніка аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Мінпрыроды, 1 ліпеня 2016 года пачаў дзейнічаць Закон Рэспублікі Беларусь ад 24 снежня 2015 г. № 333-З «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя і ўдзелу грамадскасці ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў», у прыватнасці артыкул 15-2 «Грамадскія абмеркаванні праектаў экалагічна значных рашэнняў, справаздач аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе». Згодна з гэтым Законам, механізм удзелу грамадскасці прадугледжвае: уцягванне грамадскасці на раннім этапе, інфармаванне грамадскасці належным чынам, разумныя тэрміны ўдзелу грамадскасці, забеспячэнне доступу да інфармацыі аб магчымасцях удзелу, доступ да інфармацыі, што тычыцца пытанняў, якія абмяркоўваюцца, забеспячэнне магчымасці прадстаўлення прапаноў і заўваг, доступ да інфармацыі аб канчатковым рашэнні.

Да пачатку сходу па абмеркаванні праекта Нацплана быў створаны «Збор заўваг і прапаноў па праекце ад прыватных асоб і арганізацый». Арганізатары адзначылі актыўны ўдзел у распрацоўцы дакумента ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў».

База шкодных выкідаў

Марына Януш, член сакратарыята Орхускай канвенцыі Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, адзначыла неабходнасць стварэння цэнтралізаваных парталаў па абнародаванні экалагічнай інфармацыі з прадпрыемстваў. Вялікі вопыт у распрацоўцы падобных інтэрнэт-рэсурсаў маюць ЕС, Рэспубліка Малдова, спецыялізаваныя сайты існуюць у Славакіі, Румыніі. Такія парталы з інфармацыяй па пытаннях навакольнага асяроддзя зробяць экалагічную інфармацыю больш даступнай, дазволяць прыцягнуць да грамадскіх абмеркаванняў вялікую колькасць удзельнікаў. Акрамя таго, будзе распрацавана і абнародавана база даных аб выкідах забруджвальнікаў, інфармацыя аб некаторых вытворчых працэсах на прадпрыемствах (пры гэтым нельга забываць пра права прадпрыемстваў на канфідэнцыяльнасць інфармацыі, якая датычыцца спосабаў вытворчасці).

Каардынатар міжнародных праектаў БелНДЦ «Экалогія» Іван Наркевіч адзначыў адказнасць цэнтра ў распрацоўцы тэхнічнай дакументацыі інтэрнэт-праекта.

Мы павінны стварыць нацыянальны рэестр, даступную базу даных, якая будзе змяшчаць інфармацыю з прадпрыемстваў. Іншымі словамі, кожны чалавек зможа атрымаць звесткі аб выкідах з суседняга завода.

Апрача таго, ідэя сходу – мадэльнае слуханне. Напрыканцы мы створым модульны дакумент, які дасць аснову ўсім наступным слуханням. Такі сход – унікальны для навукоўцаў, юрыстаў, эканамістаў, эколагаў не толькі Беларусі, але і ўсяго свету.

Вольга Пралюк, «Звязда», № 230 (28340), 29 лістапада 2016 г.