/ / Общественно-политические и в области права
04.05.2016

Адзіны статус нерухомасці. Прамая лінія са старшыней Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэем Гаевым

На пачатку дачнага сезона і палявых работ «Звязда» традыцыйна запрасіла да сябе старшыню Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Андрэя Гаева на прамую лінію з кіраўніком ведамства, якое адказвае за зямельныя і маёмасныя пытанні ў нашай краіне. Дазванілася каля двух дзясяткаў чытачоў. Прапануем вашай увазе самыя актуальныя тэмы гэтай размовы.

Афармляць лепш своечасова

Таццяна Георгіеўна, Мінская вобласць:

— У свой час мой муж працаваў кіраўніком племянной гаспадаркі сельгаспрадпрыемства і атрымаў ад яго 15 сотак. Гэта было ў 90-я гады. Аднак той арганізацыі, якая давала нам участак, сёння ўжо няма, бо адбылася рэарганізацыя. У нас на зямлю засталіся дакументы тых часоў. Зараз мы вырашылі гэты ўчастак прыватызаваць. З чаго пачынаць?

— А што ўяўляе сабой гэты ўчастак? Для чаго яго вам давалі? І, па-другое, чаму гэты ўчастак да гэтага часу не быў аформлены? Ці ёсць там нейкія пабудовы?

— Участак знаходзіцца каля горада Баранавічы. Даваўся ён для садаводства або пад бульбу.

— Так, быў пэўны час, калі для садаводства людзям давалі ўчасткі нават у межах населеных пунктаў. Але тады на сям'ю вылучалі не больш за 10 сотак. Якую назву мае ваша таварыства?

— Гэтыя соткі давалі нам тады на ўскрайку вёскі. Аднак участак не ўваходзіць у склад садаводчага таварыства. Ён асобна стаіць.

— Калі зямля знаходзіцца ў межах вёскі, то вам трэба звяртацца ў мясцовы сельскі выканаўчы камітэт з заявай аб прадастаўленні гэтага ўчастка. Але папярэдне вам лепш удакладніць у спецыялістаў землеўпарадкавальнай службы рэгіёна пытанне аб тым, для якіх мэтаў ён быў прадугледжаны дакументацыяй. За ўчастак падаткі плацілі ўсе гэтыя гады?

— Іх мы плоцім і цяпер. Справа ў тым, што сёлета гэта зямля трапіла ў межы горада. Нам здаецца, што потым яна пачне даражэць. Вось мы і вырашылі прыватызаваць участак.

— У гэтым выпадку вам трэба звярнуцца ў землеўпарадкавальную службу горада Баранавічы. Там трэба ўдакладніць усю гісторыю ўчастка, а потым падаць адпаведную заяву. Калі ўчастак быў тады дадзены вам для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, то цяпер у горадзе зямля на гэтыя мэты не выдзяляецца. Але ёсць нюансы, бо пры пэўных абставінах участак (або частку яго) могуць перааформіць для агародніцтва. Гэта пытанне патрабуе ўдакладненняў. Вам лепш звярнуцца па тлумачэнні да спецыялістаў непасрэдна на месцы. Цяпер вы разумееце, што зямлю трэба было афармляць своечасова.

Уладзімір Сідар, Мастоўскі раён:

— У 2008 годзе я купіў дом. Участак агароджаны. Але ўнутры гэтай агароджы ёсць яшчэ адзін, 0,154 га, узяты ў арэнду. У свой час былы гаспадар заключыў дагавор па гэтым кавалку зямлі. Цяпер я жадаю перазаключыць гэты дагавор, але спачатку трэба скасаваць старую дамову з былым гаспадаром. Заяву гэты чалавек напісаў, але адмаўляецца плаціць за афармленне. Як мне прымусіць яго гэта зрабіць, ці хай усё застаецца як ёсць?

— Так, сённяшні землекарыстальнік гэтай зямлі павінен звярнуцца ў агенцтва па рэгістрацыі (былое БРТІ) і за свой кошт зарэгістраваць спыненне права на ўчастак. Пасля гэтага вам неабходна звярнуцца ў выканкам з заявай на афармленне такога надзелу ўжо на сваё імя. Калі ўчастак уласнікам не выкарыстоўваецца працяглы час, то ён можа быць адабраны мясцовымі ўладамі і толькі потым, магчыма, перададзены вам.

— Зямлёй гэтай карыстаюся я.

— Юрыдычна гаспадаром праблемнай зямлі з'яўляецца афіцыйна зарэгістраваны арандатар. І калі ён не выкарыстоўвае яе, то і павінен спыніць права на валоданне ёй. А вось калі вы будзеце працягваць карыстацца неаформленым на сваё імя зямельным участкам, то гэта ўжо трактуецца нашым заканадаўствам як самавольнае заняцце зямлі, што прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць датычна вас.

— Участак агароджаны і выкарыстоўваецца па прызначэнні — для агародніцтва...

— За выкарыстанне зямлі, на якую ў вас няма дакументаў, вас могуць аштрафаваць за парушэнне зямельнага заканадаўства. Калі карыстальнік участка не хоча нічога рабіць па гэтым пытанні, то параю вам звярнуцца ў выканкам з адпаведнай скаргай. У любым выпадку пытанне з афармленнем такой зямлі трэба вырашаць абавязкова. А ўвогуле, усе спрэчныя моманты наконт рэгістрацыі зямельных участкаў вам неабходна было вырашаць яшчэ ў 2008 годзе, менавіта ў той час, калі афармлялася здзелка па куплі-продажы нерухомай маёмасці.

Капітальны басейн і лазня ў дадатак

Ірына Кульша, Мінская вобласць:

— У нас ёсць хатка ў вёсцы ў сталічным рэгіёне (менш за 100 км ад МКАД), дзе жывуць бацькі амаль увесь год. Побач з намі купіў домік расіянін. Жыве ён там толькі некалькі месяцаў і выключна летам. Гэты сусед арганізаваў там такі штучны вадаёмчык. Папярэдне ён вырыў невялікую яму, паставіў туды ёмістасць і... атрымаўся для дзетак сезонны басейн. Усё цудоўна, але стаіць гэты басейн упрытык да нашага ўчастка, дзе ў нас клубніцы і зеляніна розная. Малыя там гуляюць актыўна, таму вада адтуль цэлымі ручайкамі на наш участак і льецца. Такая бывае паводка мясцовага маштабу. Мы з ім размаўлялі, але...

Ці магчыма афіцыйна прымусіць суседа перанесці гэты водны аб'ект крыху далей ад мяжы з нашым участкам?

— Магчыма. Выкарыстанне ўласнага ўчастка павінна ажыццяўляцца такім чынам, каб падчас гэтых дзеянняў не парушаліся правы іншых землекарыстальнікаў. Таму, калі сусед парушае вашы правы, то спачатку паспрабуйце знайсці з ім кампраміс. Другім вашым крокам будзе наведванне землеўпарадкавальнай службы, дзе і варта ўзняць гэтае пытанне. У гэтай сітуацыі будзе мець значэнне характар воднага аб'екта: наколькі ён капітальны ды трывалы і ці трэба было пры яго ўзвядзенні атрымліваць адпаведны дазвол на яго будаўніцтва і размяшчэнне. Калі гэты аб'ект мае капітальны характар, то існуюць яшчэ і архітэктурныя нормы, па якіх для гаспадарчых пабудоў трэба адступаць не менш за метр ад мяжы з суседнім участкам.

— А другія суседзі пабудавалі невялікую лазню на ўчастку. І гэта добра, толькі вось мыльная вада ад іх праз трубу наўпрост трапляе ў грамадскую сажалку, дзе плаваюць розныя качкі і іншыя вадаплаўныя птушкі. Яны ж загінуць могуць ад гэтай хіміі.

— У гэтым выпадку вам трэба звяртацца да эколагаў і патрабаваць пакараць парушальнікаў, а таксама спыніць паступленне бруднай вады ў сажалку.

Лепш без хітрыкаў

Алена Бяганская, горад Мінск:

— Сёлета з першых дзён ліпеня непрыватызаваныя кватэры стануць камерцыйным жыллём, і потым такое жыллё будзе толькі дзяржаўным?

— Так, прыватным яно потым ужо не стане.

— Тады ў мяне пытанне. Калі я паспрабую прапісацца да сваёй старэнькай цёткі і дапамагчы ёй прыватызаваць кватэру, то ці змагу потым гэтае жыллё атрымаць ва ўласнасць?

— Калі ў прыватызацыі будзе ўдзельнічаць толькі ваша цётка, то менавіта яна потым і будзе ўласнікам гэтай маёмасці. Пытанне ў тым, ці зможаце вы як сваяк удзельнічаць у прыватызацыі кватэры з наступным вызначэннем доляў такога жылля. Гэта вам трэба ўдакладніць у аддзеле жыллёвай палітыкі мясцовага гарвыканкама.

— А калі толькі прапісацца і дапамагчы ёй у прыватызацыі палюбоўна без афармлення, то яна зможа гэтую кватэру потым мне пакінуць?

— Так, у якасці ўласніка яна будзе мець права перадаць вам сваю кватэру па спадчыне або падараваць. Тут я адразу ўдакладню, што цётка будзе мець права, а не абавязак перааформіць сваю кватэру на ваша імя. Не ўсё проста і з рэгістрацыяй вас у кватэры цёткі. У мясцовай адміністрацыі трэба спачатку ўдакладніць, ці хапае ў гэтай кватэры метраў для вашай рэгістрацыі, або можа існуюць нейкія іншыя нюансы, якія абмяжоўваюць такую «прапіску».

Раман Лужынскі, Валожынскі раён, вёска Бабовічы:

— Я 12 гадоў адпрацаваў на сельгаспрадпрыемстве. У 2007 годзе атрымаў дом ад прадпрыемства, які пабудаваў з выкарыстаннем ільготнага крэдыту банка. Згодна з Указам кіраўніка дзяржавы №97, я павінен заплаціць долю крэдыту, якую не даплаціла банку прадпрыемства. Мы з гэтым згодныя. Аднак, на прадпрыемстве мне прапануюць даплаціць яшчэ розніцу паміж гэтай доляй крэдыту і рынкавым коштам жылля. Чаму так?

— Дом вы атрымалі ў 2007 годзе, а вырашылі перааформіць на сваё імя толькі цяпер? Але за гэты час прадпрыемства частку доўга за вас ужо аплаціла. Больш таго, вагу грошай за 9 гадоў часткова «з'ела» інфляцыя. Таму зразумела, што прадпрыемства жадае атрымаць за гэты дом пэўную кампенсацыю. Гэта з пункту гледжання логікі.

Калі разглядаць непасрэдна нормы згаданага ўказа, то трэба дасканала разбірацца ў канкрэтнай сітуацыі. Распрацоўшчыкам Указа №97 з'яўляецца Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Таму, калі ў вас ёсць нейкія спрэчныя моманты з яго трактаваннем, а на месцы слушныя тлумачэнні атрымаць складана, трэба звярнуцца з адпаведным лістом у Мінсельгасхарч.

Адзіны аб'ект нерухомасці

Мікалай Іваноў, Гродзенская вобласць, вёска Зелянец:

— У мяне ўчастак памерам 15 сотак. Я ўжо не малады і здароўе ўжо не тое. Гатовы аддаць 10 сотак бясплатна. Тут у мяне толькі адна ўмова — каб новы ўласнік і на маіх сотках дапамагаў траву пакасіць. Што мне рабіць і куды звяртацца?

— Незалежна ад таго, якім чынам вы валодаеце сваім участкам (пажыццёвае карыстанне з правам перадачы ў спадчыну ці на праве ўласнасці), варыянт будзе толькі адзін. Трэба звяртацца ў мясцовы выканкам з заявай аб адмове ад часткі зямельнага ўчастка. Калі такі надзел зямлі будзе па заяве адабраны ў землеўладальніка, то потым такі ўчастак мясцовымі ўладамі можа пераразмяркоўвацца іншым людзям. Іншыя варыянты тут немагчымыя.

— Чаму?

— Нават калі ўчастак знаходзіцца ў прыватнай уласнасці і быў дадзены для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома, то дзяліць яго можна толькі ў выпадку дзялення і самога дома. Пусты ўчастак такой зямлі прадаваць ці дарыць наша заканадаўства не дазваляе.

Антаніна Іванаўна, Мінская вобласць:

— У маёй матулі ў вёсцы Сёмкава (Мінскі раён) па спадчыне ёсць палова дома і 12 сотак зямлі. Дом ужо стары і выкарыстоўваецца як летняя дача. Калі мама мне падорыць гэтую палову дома, то ці змагу я потым на 12 сотках пабудаваць сабе новы дом?


— На ўчастку, які быў прадастаўлены для будаўніцтва дома, можа знаходзіцца толькі адзін жылы дом. На гэтай зямлі ўзвесці нейкую гаспадарчую пабудову ў выглядзе летняй кухні прынцыпова магчыма. Аднак папярэдне трэба звярнуцца ў мясцовы выканкам і аддзел архітэктуры па адпаведны дазвол. Але... Тут трэба разумець, што пабудаваны новы аб'ект статусам жылога дома валодаць не будзе. А гэта значыць, што на плошчах гэтага памяшкання вас ніхто не зарэгіструе.

Ёсць і другі варыянт вырашэння падобнай праблемы. Уласнік гэтай паловы дома можа звярнуцца з заявай у выканкам па дазвол аб правядзенні рэканструкцыі жылога дома і ўзвядзення прыбудовы. Канчатковае рашэнне аб магчымасці і мэтазгоднасці такога будаўніцтва прымаецца спецыялістамі непасрэдна на месцы вызначанай нерухомай маёмасці.

Дакумент не перашкодзіць

Уладзімір Гузоўскі, Гродзенская вобласць:

— Яшчэ ў часы СССР я купіў жылы дом. Здзелка была праведзена правільна, а бюро тэхнічнай інвентарызацыі зарэгістравала пабудову на праве прыватнай уласнасці. Тады лічылася, што зямельны ўчастак пад домам даецца ўласніку на законнай падставе, бо рашэння выканкама аб прадастаўленні зямлі не патрабавалася. У тэхнічным пашпарце дома ад 1978 года існуе схематычны план участка, дзе прапісаны яго памеры і плошча. Ці павінна цяпер БРТІ выдаць мне пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі зямельнага ўчастка без правядзення адпаведнай працэдуры?

— Не. Тэхнічны пашпарт пабудовы ніколі не быў дакументам, які пацвярджае права на зямельны ўчастак. Таму тая схема ў тэхпашпарце ніколі і не з'яўлялася прававым дакументам на зямлю. Вам неабходна звярнуцца з адпаведнай заявай у выканкам і прайсці ўсю неабходную працэдуру прадастаўлення зямельнага ўчастка для абслугоўвання жылога дома.

Антон Муха, горад Мінск:

— Я тут чуў, што цяпер прадаць сваю дачу ў садаводчым таварыстве сталічнага рэгіёна не змогуць тыя ўласнікі, якія зарэгістравалі гэтую маёмасць менш за 5 гадоў таму. А мне тут прапануюць зрабіць цікавую здзелку па дачы, але паабяцалі аформіць яе крыху пазней. Неяк мне боязна...

— Пазней, гэта калі?

— Калі пройдуць гэтыя 5 гадоў пасля рэгістрацыі.

— А як вам прапануюць аформіць здзелку зараз? За грошы дадуць распіску і пісьмова паабяцаюць аформіць дачу на ваша імя праз два гады? Наступствы такой здзелкі могуць быць зусім сумнымі. Ужо цяпер валоданне такой дачай будзе лічыцца парушэннем заканадаўства. А калі ўзнікнуць спрэчныя пытанні з суседзямі...

Галоўнае, што вы павінны разумець — пасля таго, як прадавец атрымае ад вас грошы сёння, ніхто не прымусіць гэтага ўласніка праз вялікі прамежак часу заключыць канчатковы дагавор.

— Тады я лепш пачакаю. Дзякуй вам за параду.

Сяргей Куркач, «Звязда» ад 4 мая 2016 г.