/ / Общественно-политические и в области права
07.06.2016

Як развіваецца інстытут медыяцыі. Што варта зрабіць, каб беларусы мірыліся, а не судзіліся

Закон аб медыяцыі ў нашай краіне — адзін з самых маладых. Яму ўсяго некалькі гадоў, але ўжо можна гаварыць пра вынікі яго ўжывання. Па словах Ліліі Мароз, старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, «круглы стол», які правялі ў верхняй палаце беларускага парламента, прысвечаны практыцы прымянення закона і ацэнцы таго, наколькі інстытут медыяцыі развіты ў Беларусі.

«Сёння медыяцыя з'яўляецца самым запатрабаваным альтэрнатыўным спосабам вырашэння канфліктаў у свеце: камерцыйных, сацыяльных, працоўных, сямейна-бытавых», — лічыць сенатар. На яе думку, у медыятыўным вырашэнні праблем шмат станоўчага. Па-першае, канфлікт вырашаецца не толькі на юрыдычным узроўні, але і на псіхалагічным. Па-другое, гэта разгружае дзяржаўныя суды.

Праўда, да «прымірыцеляў» сёння звяртаюцца не так часта. На думку Сяргея Задзiрана, намесніка Міністра юстыцыі, многія грамадзяне не толькі не ведаюць пра «плюсы» паслуг медыятара, але і аб медыяцыі ўвогуле. Таму міністэрства цяпер працуе над пытаннем аб правядзенні маштабнай рэкламнай кампаніі інстытута медыяцыі. «Плануецца запусціць серыю відэаролікаў у эфіры вядучых тэлеканалаў і ў інтэрнэце, а таксама размясціць рэкламу на гарадскіх білбордах і ў грамадскім транспарце. Мы хочам сфарміраваць у грамадзян нейкі візуальны вобраз для ўстойлівага разумення пераваг, якія дае медыяцыя», — адзначыў Сяргей Задзіран.

Плануецца таксама стварыць інтэрнэт-рэсурс, на якім будзе знаходзіцца ўся інфармацыя аб медыятарах і іх дзейнасці. Цяпер такія звесткі ёсць на вэб-партале Міністэрства юстыцыі: інфармацыя пра спецыялізацыю і кантактныя даныя. «Скажам прама, гэтая інфармацыя досыць бедная, таму цяпер мы цалкам падтрымліваем прапанову асобных медыятараў аб стварэнні сайта «Медиатор.бел», — сказаў Сяргей Задзіран.

Рэсурс, які ўжо знаходзіцца ў працэсе распрацоўкі, будзе пабудаваны па прынцыпе саманапаўнення. Кожны медыятар пры жаданні зможа там зарэгістравацца і расказаць пра тое, у якіх сферах ён працуе і як з ім звязацца. На сайце будзе магчымасць перайсці па спасылцы на сайт Мінюста для праверкі статусу медыятара — дзейны ён ці не.

Таксама намеснік міністра расказаў, што ў мінулым месяцы Міністэрства юстыцыі атрымала першую скаргу на дзеянні медыятара. «Не буду агучваць падрабязнасці, паколькі камісія яшчэ пытанне не разглядала. Падзея гэта неадназначная, але ў пэўным сэнсе сведчыць аб развіцці інстытута медыяцыі ў Беларусі», — сказаў ён.

Акрамя таго, у «круглым стале» ўзялі ўдзел члены Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты, прадстаўнікі Вярхоўнага Суда, Генеральнай пракуратуры, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.

Вераніка Пуставіт, «Звязда»