/ / Общественно-политические и в области права
14.07.2016

У Міністэрстве па падатках і зборах падрыхтаваны змены ў Дэкрэт Кіраўніка дзяржавы №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства»

У Міністэрстве па падатках і зборах (МПЗ) Беларусі падрыхтаваны змены ў Дэкрэт Кіраўніка дзяржавы №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». У праекце новага дакумента, які цяпер разглядаецца ў Адміністрацыі Прэзідэнта, прапануецца вызваліць ад аплаты спецыяльнага збору маці з дзецьмі да 10 гадоў, а таксама ўладальнікаў прысядзібных участкаў, незалежна ад прапіскі. Пра гэта і іншыя нюансы аплаты новага падатку расказвае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Ірына КРЫВАРОШЧАНКА.

Мае зваротную моц

Зараз ад выплаты падатку на дармаедства вызвалены шматдзетныя маці і тыя, хто выхоўвае дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў, а таксама жанчыны, якія даглядаюць дзіця-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў. Яшчэ ў снежні кіраўніцтва падатковай галіны пачало агучваць свае прапановы аб увядзенні своеасаблівай «адтэрміноўкі» на тры гады па выплаце падатку на дармаедства для хатніх гаспадынь, якія нідзе не працуюць і выхоўваюць дзяцей. Вызваліць такіх жанчын ад збору збіраліся да таго моманту, пакуль малодшаму дзіцяці не споўніцца 10 гадоў. Аб планаваным новаўвядзенні было заяўлена, але ў дакументах яно зафіксавана не было.

Разам з маці ў новым дакуменце вызваліць ад падатку на дармаедства збіраюцца і людзей, якія маюць асабістыя падсобныя гаспадаркі. «Да нас часта сталі звяртацца людзі, якія маюць зямельны ўчастак, прызначаны для абслугоўвання жылога дома. Яны працуюць на гэтай зямлі, займаюцца раслінаводствам і не разумеюць, чаму павінны быць плацельшчыкамі збору», — тлумачыць сітуацыю намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення МПЗ. Згодна з прапановай падаткавікоў, праца на падсобнай гаспадарцы будзе ўлічвацца для ўсіх катэгорый нашых грамадзян, а не толькі тых, хто жыве ў сельскай мясцовасці. Таму актыўныя дачнікі, верагодна, таксама не будуць плаціць падатак.

Цяпер наяўнасць прысядзібнага ўчастка вызваляе ад аплаты падатку толькі жыхароў сельскіх населеных пунктаў і пасёлкаў гарадскога тыпу, патлумачылі ў міністэрстве. Механізм такога вызвалення ў старой рэдакцыі дзейнічае наступным чынам. Калі грамадзяне 183 дні і больш у каляндарным годзе будуць зарэгістраваны ў сельскім населеным пункце або пасёлку гарадскога тыпу, пры гэтым яны вядуць асабістую падсобную гаспадарку на зямельным участку, прадастаўленым менавіта для гэтых мэт, то іх прызнаюць асобамі, якія ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. У такім выпадку абавязак па выплаце збору ў іх адсутнічае.

Ірына Крыварошчанка адзначыла, што змены ў выпадку іх прыняцця будуць распаўсюджваць сваю моц на праваадносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2015 года. А гэта значыць, што калі дакумент уступіць у сілу пазней, чым неабходна будзе выплаціць падатак, то можна будзе вярнуць выплачаны збор.

Астатніх падлічыць падатковая...

Сёння спецыялісты МПЗ адзначаюць, што больш за 4 тысячы беларусаў загадзя прызналіся ў сацыяльным утрыманстве, каб атрымаць 10-працэнтную зніжку на падатак. Такім людзям ужо налічылі 1 мільён 10 тысяч рублёў падатку. Самастойна гэта катэгорыя людзей магла паведаміць у падатковую інспекцыю да 31 мая аб тым, што яны нідзе не працавалі летась і не плацілі падаткаў, а аплаціць збор павінны былі не пазней за 1 ліпеня.

Цяпер падатковая служба да 1 жніўня павінна падрыхтаваць спіс тых, хто не заявіў пра сябе самастойна. Пакуль што няма нават папярэдніх ацэнак таго, колькі гэта будзе чалавек. Паводле слоў спецыяліста, да 15 ліпеня ўсе дзяржаўныя органы павінны падаць у падатковую службу інфармацыю пра беларусаў, якія ў 2015 годзе сапраўды ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржвыдаткаў. Гэта зробяць, каб выключыць работнікаў з ліку патэнцыйных плацельшчыкаў збору. Пасля гэтага спецыялісты МПЗ складуць спіс тых, хто ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржвыдаткаў летась менш за 183 дні. Потым (прыкладна ў сярэдзіне жніўня) такім утрыманцам разашлюць лісты з паведамленнем пра аплату падатку.

Падатковая прэзумпцыя невінаватасці

Спецыялісты падатковай галіны падкрэсліваюць, што не варта палохацца такога паведамлення. «Атрыманне падобнага дакумента не з'яўляецца 100-працэнтным пацвярджэннем, што трэба абавязкова плаціць падатак, — тлумачыць Ірына Крыварошчанка. — У чалавека ёсць права патлумачыць жыццёвыя абставіны, якія складваліся ў яго ў 2015 годзе. Магчыма, у інспекцыі не мелі інфармацыі пра яго ўдзел у фінансаванні дзяржвыдаткаў».

Напрыклад, падатковыя службы не маюць поўнай інфармацыі пра нашых грамадзян, якія адправіліся на заробкі ў краіны ЕАЭС, а таксама аб усіх хатніх гаспадынях, якія выхоўваюць дзяцей да 7 гадоў (да 10 гадоў, згодна з праектам). Таму гэтым катэгорыям насельніцтва наша суразмоўца рэкамендуе паведаміць пра свае заняткі ў раённую падатковую інспекцыю, каб спрасціць працу падаткавікам і не атрымаць з-за недахопу інфармацыі ад інспекцыі паведамленне на ўплату збору. Акрамя таго, калі чалавек жыў у Беларусі, але пры гэтым працаваў аддалена на замежную кампанію і заплаціў у той краіне падаткі, то трэба прад'явіць пацвярджэнне гэтай аплаты. Яна пойдзе ў залік збору, і такі чалавек утрыманцам лічыцца ўжо не будзе.

ДАВЕДКА

Згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» вызначаецца абавязак грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, па выплаце збору ў памеры 20 базавых велічынь. Сёння такі падатак складае 420 рублёў (4,2 млн рублёў старымі).

Сяргей Куркач, «Звязда» ад 14 лiпеня 2016 г.