/ / Общественно-политические и в области права
15.07.2016

Як эвалюцыянуе выбарчае заканадаўства. Пра гэта «Звязда» распытала намесніка дырэктара Цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Уладзіміра Жаўняка

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь прымаў непасрэдны ўдзел у распрацоўцы і карэкціроўцы палажэнняў Выбарчага кодэкса. Пра тое, як змянялася і як будзе змяняцца выбарчая сістэма ў Беларусі, мы распыталі намесніка дырэктара Цэнтра Уладзіміра Жаўняка.

– Уладзімір Рыгоравіч, раскажыце пра асноўныя этапы развіцця выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

– Перш за ўсё хачу сказаць, што развіццё выбарчага заканадаўства ў любой краіне з'яўляецца адлюстраваннем сацыяльных і палітычных працэсаў, якія ў ёй адбываюцца. Беларусь у гэтым сэнсе не выключэнне. Выбарчае заканадаўства нашай краіны пастаянна развіваецца, каб адпавядаць патрабаванням часу.

Да 2000 года ў Беларусі дзейнічалі чатыры законы, якія вызначалі парадак арганізацыі і правядзення рэферэндумаў, выбараў Прэзідэнта, парламента, дэпутатаў мясцовых Саветаў. Шмат палажэнняў гэтых актаў дубліраваліся. Адзін з іх, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб выбарах дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», наогул не мог выкарыстоўвацца, бо новая рэдакцыя Канстытуцыі Беларусі прадугледжвала стварэнне двухпалатнага парламента, а Вярхоўны Савет, як вы памятаеце, быў аднапалатным. У выніку было прынята рашэнне распрацаваць адзіны акт – Выбарчы кодэкс, які б комплексна рэгуляваў працэдуру правядзення выбараў і рэферэндума з пачатку і да канца. Як паказаў час, гэтае рашэнне было правільным.

– Тым не менш з моманту прыняцця Выбарчага кодэкса ў 2000 годзе ў яго неаднаразова ўносіліся змяненні. Чым была выклікана неабходнасць іх прыняцця?

– Так, сапраўды за 16 гадоў дзеяння Выбарчага кодэкса было падрыхтавана і прынята 7 законаў, якімі ўносіліся змяненні і дапаўненні ў Кодэкс. Гэта не так і шмат у параўнанні з іншымі кодэксамі.

Трэба разумець, што выбарчае заканадаўства – жывая сфера, якая павінна ўлічваць як вопыт папярэдніх выбараў, так і сучасныя тэндэнцыі развіцця грамадства. Варта адзначыць, што асобныя змяненні ў выбарчым заканадаўстве былі зроблены на падставе рэкамендацый міжнародных назіральнікаў. Беларусь заўсёды запрашала прадстаўнікоў міжнародных арганізацый прыняць удзел у назіранні за выбарамі і з павагай ставілася да іх парад. Напрыклад, найбольш грунтоўныя змяненні ў Выбарчы кодэкс, унесеныя ў 2010 годзе, з'яўляюцца вынікам сур'ёзнай працы над прапановамі міжнародных назіральнікаў. Але важна падкрэсліць, што немагчыма ўзяць і механічна перанесці вопыт іншых дзяржаў па арганізацыі і правядзенні выбараў на Беларусь. У кожнай краіне свае асаблівасці развіцця нацыянальнага заканадаўства, якія абумоўлены гісторыяй краіны, традыцыямі, менталітэтам людзей. Напрыклад, неадназначна ўспрымаецца вопыт краін, у якіх прадугледжаны абавязак грамадзяніна ўдзельнічаць у выбарах пад пагрозай штрафу. Таму, пры разглядзе замежнага вопыту ў першую чаргу павінны ўлічвацца нацыянальныя інтарэсы.

– Па якіх напрамках праводзілася карэкціроўка Выбарчага кодэкса?

– Праца па ўдасканаленні палажэнняў выбарчага заканадаўства праведзена сур'ёзная – значна лібералізованы ўсе этапы выбараў. Калі абагульніць змяненні і дапаўненні, якія ў апошнія гады былі ўнесены ў Выбарчы кодэкс, то можна вылучыць некалькі кірункаў, па якіх праводзілася ўдасканаленне палажэнняў выбарчага заканадаўства.

Па-першае, з мэтай удасканалення парадку фарміравання выбарчых камісій, павышэння іх незалежнасці і самастойнасці прадугледжваецца, што склад камісій (акруговай, тэрытарыяльнай, участковай) павінен, як правіла, не менш чым на адну трэць складацца з прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў, а дзяржаўных служачых, наадварот, не можа быць больш чым адна трэць ад складу камісіі. У Кодэксе дадаткова падкрэсліваецца, што ў склад камісіі не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а старшынёй камісіі не можа быць асоба, якая падначалена кандыдату ў дэпутаты, або блізкія сваякі кандыдата.

На пасяджэннях органаў, якія ствараюць камісіі, могуць прысутнічаць прадстаўнікі палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, грамадзян, якія вылучылі сваіх прадстаўнікоў у склад камісіі.

Па-другое, дзеля спрашчэння парадку вылучэння і рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты з Выбарчага кодэкса было выключана палажэнне аб абавязковасці для палітычнай партыі мець сваю арганізацыйную структуру на тэрыторыі выбарчай акругі, ад якой будзе вылучацца яе кандыдат.

Выключана магчымасць адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ў выпадках прадстаўлення прэтэндэнтамі звестак, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, напрыклад, біяграфічных звестак, дэкларацыі аб даходах і маёмасці. Безумоўна, калі гэтая неадпаведнасць не носіць істотны характар.

Трэці блок змяненняў накіраваны на пашырэнне магчымасцяў перадвыбарчай агітацыі кандыдатаў. Уведзены заяўны (замест дазвольнага) прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў падчас перадвыбарчай агітацыі кандыдатамі. Гэта значыць, што кандыдат або яго давераная асоба паведамляе мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу аб правядзенні мерапрыемства ў пэўным месцы. Згода дзяржаўных органаў не патрэбна, бо пералік месцаў, у якіх кандыдатам можна праводзіць агітацыю, вызначаны мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па ўзгадненні з выбарчай камісіяй загадзя. Цяпер кандыдаты могуць збіраць подпісы ў форме пікета ў месцах, якія вызначаны мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, таксама без атрымання папярэдняга дазволу.

Цікавым змяненнем уяўляецца магчымасць кандыдатам ствараць індывідуальныя выбарчыя фонды. Фарміравацца такія фонды могуць за кошт асабістых сродкаў кандыдата, а таксама добраахвотных ахвяраванняў. Дарэчы, кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь мінулай восенню карысталіся магчымасцю ствараць такія фонды, але большасць кандыдатаў стварала выбарчыя фонды ў памеры менш за 3 % ад максімальна дазволенага.

Наступныя змяненні датычыліся ўдасканалення парадку галасавання і падліку галасоў. У Кодэксе прадугледжана абвяшчэнне вынікаў асобнага падліку галасоў і ўключэнне ў пратакол участковай камісіі звестак аб колькасці выбаршчыкаў, якія прагаласавалі датэрмінова, па месцы знаходжання, а таксама ў дзень выбараў на ўчастку для галасавання. Кандыдаты ў дэпутаты могуць прысутнічаць на ўчастках для галасавання пры падліку галасоў.

Апошні блок змяненняў прадугледжваў удасканаленне парадку разгляду зваротаў, якія адносяцца да выбараў. У прыватнасці, замацаваны абавязак інфармаваць заяўніка аб магчымасці прысутнічаць пры калегіяльным разглядзе яго скаргі выбарчай камісіяй.

– Напярэдадні выбараў у парламент асобую зацікаўленасць выклікаюць палажэнні Выбарчага кодэкса наконт таго, як будуць праходзіць выбары дэпутатаў. Ці трэба чакаць нечага новага ў параўнанні з папярэднімі выбарамі?

– Так, у Выбарчы кодэкс былі ўнесены змяненні, мэтай якіх з'яўляецца пэўнае спрашчэнне выбарчай сістэмы. Гэтыя выбары ў Палату прадстаўнікоў будуць праходзіць па мажарытарнай сістэме адноснай большасці. Гэта значыць, што дэпутатам Палаты прадстаўнікоў стане той кандыдат, які набярэ больш галасоў выбаршчыкаў, чым любы яго сапернік (пры яго наяўнасці), нават калі атрымае колькасць галасоў менш за палову. Другога тура на гэтых выбарах не будзе. Трэба адзначыць, што мажарытарная сістэма абсалютнай большасці, выбары па якой праходзілі мінулы раз у парламент, выкарыстоўваецца ў свеце пераважна на выбарах вышэйшых службовых асоб дзяржавы. Гэтыя змяненні павінны зрабіць выбары больш таннымі і хуткімі (за кошт адмовы ад магчымага другога тура). Дарэчы, з 2007 года мажарытарная сістэма адноснай большасці была апрабавана на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў і па іх выніках прызнана дастаткова эфектыўнай.

– Уладзімір Рыгоравіч, ці можна чакаць змен у Выбарчым кодэксе пасля сёлетніх выбараў?

– Выбарчае заканадаўства, як і заканадаўства наогул, не з'яўляецца статычным, яно павінна гнутка рэагаваць на сусветныя тэндэнцыі, адпавядаць патрабаванням эфектыўнасці і практычнай рэалізацыі. На бліжэйшую будучыню запланавана работа па дэталёвым разглядзе прапаноў міжнародных назіральнікаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Выбарчы кодэкс. 

Вольга Мядзведзева, «Звязда» ад 15 ліпеня 2016 г.

(фота з сайта газеты «Звязда»)