/ / Общественно-политические и в области права
26.07.2016

Як працуюць судовыя эксперты. Упраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінску пачало сваю работу тры гады таму

Упраўленне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінску пачало сваю работу тры гады таму. Яно аб'яднала экспертныя службы іншых ведамстваў, у тым ліку МУС і МНС і цяпер усе даследаванні праводзяцца цэнтралізавана. Як жа працуюць судовыя эксперты? Наколькі іх праца падобная на тую, якую мы бачым у шматлікіх кінастужках? Каб развеяць многія міфы, для журналістаў была зладжана спецыяльная экскурсія па розных экспертных службах упраўлення.

— Зараз цэнтральны апарат камітэта абмяркоўвае пытанне правядзення мастацтвазнаўчых экспертыз, — гаворыць начальнік упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінску Мікалай Талецкі. — Але якое рашэнне будзе прынята, сказаць пакуль цяжка. Усё-такі кожны від экспертызы цягне за сабой пэўныя матэрыяльныя выдаткі. І таксама рабочыя: цяпер мы праводзім за год 35-39 тысяч экспертыз. Адметна, што іх становіцца болей, у тым ліку да нас звяртаюцца і ў прыватным парадку. Атрыманае аўтарытэтнае заключэнне эксперта становіцца сур'ёзным доказам у грамадзянскім працэсе.

Кошт адной гадзіны работы эксперта пасля дэнамінацыі складае 13 рублёў 32 капейкі. Прычым экспертыза можа доўжыцца як 3 гадзіны, так і некалькі дзён — усё залежыць ад складанасці даследуемага аб'екта.

У нас сабрана багатая збройная калекцыя, — гаворыць галоўны эксперт аддзела крыміналістычных экспертыз упраўлення крыміналістычных экспертыз Міхаіл Собаль. — Рэвальверы, аўтаматы, паляўнічыя стрэльбы трапляюць да нас рознымі шляхамі — канфіскуюцца з месца злачынства, здаюцца ўладальнікамі зброі ў падраздзяленні МУС.

Спецыялісты праводзяць балістычныя экспертызы, пры дапамозе якіх высвятляюцца асаблівасці падчас расследавання крымінальных спраў. І канешне ж, даследуюць халодную зброю.

Самы стары экзэмпляр у калекцыі — гэта наган 1899 года. Між іншым, падобная антыкварная зброя дагэтуль выкарыстоўваецца злачынцамі. Хоць, здавалася б, ёй даўно месца ў музеі.

Падробкі — з расійскімі «каранямі»

На стале ў дэманстрацыйным зале ляжаць стосы разнастайных дакументаў, перабітыя VІN-нумары з аўтамабільных рухавікоў. Вока чапляецца за некалькі таўшчэзных каталогаў, дзе надрукаваны падрабязныя фатаграфіі банкнотаў і ўзораў пасведчанняў асобы. Як адзначае намеснік начальніка аддзела крыміналістычных экспертыз Дзмітрый Пашкевіч, тут сабраны фотакалекцыі з краін усяго свету. Імі і карыстаюцца пры высвятленні сапраўднасці дакументаў і купюр.

— Часцей за ўсё мы даследуем на сапраўднасць бланкі арганізацый і грошы. Між іншым, узор любога бланка, які мае права выкарыстання на тэрыторыі Беларусі, тут жа трапляе да нас у спецыяльную базу. Перыядычна нячыстыя на руку людзі імкнуцца падрабіць дакументы, звязаныя з рэгістрацыяй нерухомасці. А аднойчы і ўвогуле падрабілі пасведчанне аб нараджэнні чалавека 1942 года. Што да замежных фальшывак, то абсалютная большасць іх ідзе з Расіі. Гэта датычыцца і тэхнічных пашпартоў на аўтамабілі, і дыпломаў нібыта расійскіх ВНУ. Злачынцы чамусьці думаюць: калі Беларусь — іншая краіна, то і праверкі не будзе. Што да нашай краіны, то падробленыя тут дыпломы не трапляліся. Разам з тым наш біч — падробленыя школьныя даведкі, якія даюць права бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце. Фальшыўкі вырабляюць самі дзеці...

Што да «саматужных» замежных грошай, то і іх значная частка трапляе да нас з Расіі. Трыяда звычайная — долары ЗША, еўра і расійскія рублі. Часцей за ўсё падрабляюць купюры наміналам у 100 долараў, а таксама 20 і 50 еўра. Сустракаюцца і так званыя «частковыя падробкі» — калі купюру вартасцю ў 5 долараў ператварылі ў 50. А вось беларускія рублі падрабляюць нячаста.

Што да электронных носьбітаў інфармацыі, то спецыялісты прадэманстравалі цікавы прыбор ізраільскай вытворчасці. Да яго падключаецца, напрыклад, мабільны тэлефон, і пасля пары маніпуляцый на экране ўся інфармацыя з яго капіюецца для расшыфроўкі. Існуючыя сістэмы крыптаграфічнай абароны таксама не становяцца перашкодай.

Галасы двух людзей не супадаюць

У старых шпіёнскіх фільмах неаднаразова дэманстравалі работу фанаскапічнай лабараторыі. Гэта было вялікае памяшканне, аснашчанае разнастайнай габарытнай тэхнікай. Але цяпер усё зводзіцца да звычайнага пульта гукарэжысёра і персанальнага камп'ютара.

Падраздзяленне стваралася 15 гадоў таму для барацьбы з тэлефонным тэрарызмам, — гаворыць галоўны эксперт аддзела тэхнічных экспертыз Максім Саўко. — Цяпер гэтую праблему амаль ліквідавалі. Але з'явіліся іншыя пытанні. Нашым аб'ектам можа стаць любы гуказапіс. Мы здольныя ідэнтыфікаваць асобу па яе голасе, выявіць прыкметы мантажу, адказаць на шэраг пытанняў датычна асобасных характарыстык. Можна высветліць прыкладны ўзрост чалавека, яго стан. Шанц супадзення голасу ў двух чалавек меншы за верагоднасць супадзення двух адбіткаў пальцаў.

Як працуе электранос?

Калі ўваходзіш у пажарна-тэхнічную лабараторыю, адразу ў вочы кідаецца моцна абгарэлы халадзільнік. Ад электрапрыбора засталіся фактычна адны металічныя сценкі. А за халадзільнікам на стале ляжыць мноства пакункаў. Там складзены парэшткі таго, што было на кухні падчас пажару — электрачайнік, тостар, фрагмент разеткі...

— Здаецца, што агонь усё знішчыў, — гаворыць галоўны эксперт аддзела спецыяльных экспертыз упраўлення спецыяльных і тэхнічных экспертыз Аляксандр Балобан. Але для эксперта ёсць над чым папрацаваць. Мы аналізуем ацалелыя канструкцыі, ступень уздзеяння на кожную сценку халадзільніка. Вось тут маразільная камера пашкоджана слаба. Ачаг агню, значыць, знаходзіўся не ў гэтай зоне. Кампрэсар цэлы, слядоў тэрмічнага ўздзеяння на яго няма. Значыць, прычына не ў яго няспраўнасці.

У арсенале пажарна-тэхнічных экспертаў ёсць цікавыя прыборы. З дапамогай газааналізатара, які неафіцыйна называецца «электраносам», можна адказаць на пытанне, адбыўся пажар з-за падпалу ці не. Уражвае спецыяльная штанга «Ультратэрм» даўжынёй больш за тры метры. Праўда, выкарыстоўваюць яе толькі тады, калі трэба знайсці месца першапачатковага ўзгарання ў кватэры, у якой выгарала ўсё да бетонных сцен. А такія пажары ў Мінску здараюцца не кожны год. Тут экспертам на дапамогу прыходзяць законы фізікі: канвектыўныя плыні ад агню заўжды накіраваны ўверх. Адпаведна, і максімальнае разбурэнне перакрыццяў і столі будзе ў зоне над ачагом.

Махлярству — стоп

У шматлікіх дэтэктыўных фільмах нярэдка паказваюць, як працуе следчая група на месцы здарэння. Вонкава здаецца, што адрозненняў як быццам і няма. Але калі паназіраць за работай больш уважліва, то становіцца зразумела: за 10-15 хвілін канчатковае заключэнне эксперт даць не можа, бо ён мусіць вывучыць кожны, нават самы маленькі пакінуты след. Часта на гэта сыходзіць некалькі гадзін.

— Падчас чэмпіянату свету па хакеі звярнуліся ў міліцыю іншаземцы, якія заявілі, што ў іх укралі машыну, — расказвае начальнік Маскоўскага (г. Мінска) раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Дзяніс Кузьменка. — Аўтамабіль пасля знайшлі ў лесе спаленым. Завялі крымінальную справу, а пасля высветлілася, што... самі ж уладальнікі загналі аўтамабіль у лес і падпалілі яго, каб пасля атрымаць страхоўку. І вось дзякуючы нам махлярскую схему раскрылі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК, Звязда ад 26 лiпеня 2016 г.