/ / Общественно-политические и в области права
22.02.2016

Удасканаліць вядзенне статыстыкі і пакараць неплацельшчыкаў падаткаў. Дэпутаты абмяркоўваюць законапраекты

На пашыраным пасяджэнні Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах разгледзела два законапраекты, што ўносяць змяненні і дапаўненні ў некаторыя законы па пытаннях дзяржаўнай статыстыкі і ў Закон «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці». Гаворачы пра першы законапраект, яго куратар Людміла Дабрыніна, старшыня Пастаяннай камісіі, выказала думку, што статыстыка — люстэрка эканомікі.

— Як працуе эканоміка, адлюстроўваецца ў статыстычных звестках, — аргументавала парламентарый.

На абмеркаванне законапраекта, які тычыцца дзяржаўнай статыстыкі, былі запрошаны прадстаўнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Першы намеснік старшыні гэтага ведамства Ірына Кангро расказала, што ў нашай краіне двойчы прысутнічала місія спецыялістаў-статыстыкаў з розных краін, перш за ўсё з еўрапейскіх — Вялікабрытаніі, Германіі, Швейцарыі.

— Калі зыходзіць з міжнароднай практыкі, нацыянальная статыстычная сістэма любой краіны можа ініцыяваць правядзенне глабальнай ацэнкі для таго, каб эксперты маглі вызначыць, ці адпавядае вядзенне статыстыкі ў краіне тым прынцыпам і падыходам, тым стандартам, якія ёсць у галіне статыстычнай дзейнасці, — патлумачыла Ірына Кангро. — Гэта стандарты адпаведнай камісіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і ў пэўнай ступені — Еўрапейскага саюза.

У адказ на пытанне Людмілы Дабрынінай пра ацэнку, якую далі нашай статыстычнай сістэме замежныя эксперты, прадстаўніца Нацыянальнага статыстычнага камітэта паведаміла, што характарыстыка была добрай.

— Арганізацыя вядзення статыстыкі ў нашай краіне забяспечвае выкананне стандартаў, што існуюць у гэтай галіне, — паведаміла Ірына Кангро. — Якасць афіцыйнай статыстычнай інфармацыі дастаткова высокая. Разам з тым спецыялісты пры падрыхтоўцы справаздачы выпрацавалі шэраг рэкамендацый, каб дазволіць нашай нацыянальнай статыстычнай сістэме і надалей развівацца ў збліжэнні з міжнароднымі стандартамі.

Сёння ў краіне вытворцамі афіцыйнай статыстыкі з'яўляюцца больш за 20 дзяржаўных органаў — гэта і Нацыянальны банк, і Міністэрства фінансаў, і Дзяржмаёмасць, і Міністэрства адукацыі, і Міністэрства аховы здароўя... Адной з рэкамендацый ад групы міжнародных экспертаў стала ўзмацненне ролі кантралюючага органа ў сферы статыстыкі.

У цэлым жа мэта законапраекта аб статыстыцы — забеспячэнне ўсіх карыстальнікаў — ад органаў улады да фізічных асоб — якаснай і дакладнай афіцыйнай інфармацыяй.

Што тычыцца дакумента, які ўносіць змяненні і дапаўненні ў Закон «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці», то трэба сказаць: пералік нерухомай маёмасці, абавязковай для дэкларавання, дапоўніўся машына-месцам.

— Цяпер у маёмасць, якая падлягае ўліку, уключана і машына-месца — раней гэтага не было, — патлумачыў журналістам дэпутат Валерый Барадзеня, член Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах. — калі гэты аб'ект там з'явіўся, то адпаведна, яго ўключылі і ў гэты праект закона. Мы ведаем, што ў Мінску, іншых буйных гарадах машына-месца можа мець дастаткова высокі кошт.

У цэлым жа, па меркаванні дэпутата, Закон «Аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці» чакаюць дастаткова істотныя змены.

— Нарматыўны акт будзе рэгуляваць тыя сітуацыі, калі ў падатковай інспекцыі, іншых органаў узнікнуць падазрэнні, што ў чалавека выдаткі значна вышэйшыя за даходы. Устаноўлены дакладны тэрмін — 30 дзён, — на працягу якога чалавеку даецца магчымасць самастойна патлумачыць, чаму ў яго такія разыходжанні.

Калі чалавек не патлумачыў падатковым службам на працягу гэтага часу, адкуль узяў «лішнія» грошы, або даў няпоўныя тлумачэнні, то ён павінен будзе заплаціць падатак у 16%.

— Гэта правільны шлях, — лічыць парламентарый, — ва ўсім свеце так і робіцца — калі ў чалавека выдаткі значна перавышаюць даходы, калі ён набывае некалькі машын, кватэру, некалькі машына-месцаў, не маючы адпаведных даходаў, то дзяржава просіць яго патлумачыць, як так атрымалася.

Святлана Шаўчэнка, намеснік міністра па падатках і зборах, якая таксама прыняла ўдзел у пасяджэнні камісіі, паведаміла, што ў мінулым годзе падатковыя органы нашай краіны спагналі 44 млрд беларускіх рублёў з грамадзян, у якіх выдаткі былі большыя за даходы.

— Праведзена 12 тысяч праверак, парушэнні выяўлены ў 5 тысяч чалавек, — расказала Святлана Шаўчэнка.

Надзея Юшкевіч, «Звязда» ад 20 лютага 2016 г.