/ / Общественно-политические и в области права
11.02.2016

Удасканаленне заканадаўства — прыкмета нашага часу

У канцы мінулага месяца ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта №26 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Дырэктыву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 ліпеня 2007 года «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы». Нарматыўна-прававы акт зведаў значныя змены, таму быў выкладзены ў новай рэдакцыі і цяпер носіць назву «Аб прыярытэтных кірунках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы». У цяперашні няпросты ў фінансавым плане год важна ведаць свае так званыя «кропкі росту» і «слабыя месцы». Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір ПАНЦЮХОЎ выказаў свае думкі наконт таго, як краіне «застацца на плаву» ў той час, калі паўсюль лютуе эканамічны крызіс.

— Указ Прэзідэнта «Аб прыярытэтных кірунках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы» аб'ектыўна адлюстроўвае стан эканомікі краіны і праблемы ў сферы эканамічнай бяспекі, — падкрэсліў парламентарый на пачатку размовы. — Адзначаюцца істотнае адставанне па прадукцыйнасці працы ад Еўрапейскага саюза, высокая энерга- і матэрыялаёмкасць вытворчасці, недастатковая інавацыйная дзейнасць у галінах рэальнага сектара.

— Што, на вашу думку, стала прычынай такой сітуацыі?

— Сапраўды, традыцыйна ў такіх выпадках паўстаюць адвечныя пытанні «хто вінаваты?» і «што рабіць?».

Стала правілам усе нашы беды спісваць на знешнія фактары. Несумненна, улічваючы экспартную арыентацыю беларускай эканомікі і той эканамічны крызіс, які «пабіў» многія дзяржавы-партнёры, перш за ўсё Расійскую Федэрацыю, знешнія фактары іграюць пэўную негатыўную ролю, але ці правільна толькі ў іх шукаць корань існуючых сёння эканамічных праблем?

Кажуць, усё пазнаецца ў параўнанні. Калі мы параўнаем абагульненыя вынікі эканамічнай дзейнасці асобнай вобласці з аналагічнымі паказчыкамі іншых рэгіёнаў краіны, а таксама правядзём параўнальны аналіз па раёнах і прадпрыемствах, то ўбачым, што пры аднолькавых для ўсіх знешніх умовах вынікі эканамічнай дзейнасці зусім не аднолькавыя. У сувязі з гэтым напрошваецца натуральная выснова, што, акрамя знешнеэканамічных фактараў, якія граюць, несумненна, важную ролю, такім жа важным з'яўляецца наша ўменне гаспадарыць, гэта значыць рацыянальна выкарыстоўваць існуючыя фінансавыя рэсурсы, знаходзіць рынкі збыту, разумна праводзіць цэнавую палітыку, удасканальваць тэхналогію вытворчасці, забяспечваць аптымальную расстаноўку кадраў, ажыццяўляць іншыя кіраўнічыя меры.

— Інакш кажучы, на вашу думку, наша «гаспадарчая жылка» дапаможа нам перамагчы ўплыў гэтых самых знешніх фактараў. Але можа патрэбна нешта яшчэ? Шмат абмяркоўваюць у розных колах магчымасць рэфармавання дзяржаўнай эканомікі...

— На старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня» ў снежні мінулага года была распачата дыскусія, прысвечаная ўдасканаленню дзеючай цяпер у краіне эканамічнай мадэлі. У ёй прынялі ўдзел многія вядомыя навукоўцы, эканамісты. Прапановы ўносіліся самыя розныя: ад маштабнага дзяржаўнага рэгулявання ва ўсіх сферах эканамічнай дзейнасці да ўсёахопнай лібералізацыі эканамічнага жыцця. Заслугоўваюць ўвагі і вывучэння кіраўнікоў і эканамічных службаў — як органаў улады, так і гаспадарчых суб'ектаў — кнігі «Фінансавая дыета: рэформы дзяржаўных фінансаў Беларусі» пад рэдакцыяй доктара эканамічных навук Кірыла Рудага, «Эвалюцыйныя трансфармацыі ў эканоміцы Беларусі» Старшыні Савета Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча. Абедзве ўтрымліваюць комплексны крытычны аналіз цяперашняга стану эканомікі нашай краіны і рэкамендацыі айчынных і замежных навукоўцаў-эканамістаў па рашэнні актуальных праблем.

Пазіцыя кіраўніка дзяржавы ў гэтым плане выказана досыць ясна і выразна. Ён перасцярог ад радыкальнай ломкі існуючай эканамічнай сістэмы, якая даказала за папярэднія дзесяцігоддзі сваю жыццяздольнасць, і пры гэтым абавязаў органы выканаўчай улады ўважліва ўлічваць тыя абставіны, што складваюцца, і карэктаваць сваю эканамічную дзейнасць у адпаведнасці з цяперашнімі рэаліямі.

У канцы мінулага года Прэзідэнт падпісаў Указ № 504 «Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016 год», дзе вызначыў асноўныя кірункі развіцця эканомікі краіны ў бягучым годзе. У развіццё гэтага акта ўрад і Нацыянальны банк распрацавалі «Комплекс мер па рашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў 2016 годзе і макраэканамічнай збалансаванасці». Плануецца ажыццявіць цэлы шэраг канкрэтных мерапрыемстваў па развіцці ўнутранага рынку, прадпрымальніцтва, удасканаленні сістэмы кіравання эканомікай, функцыянаванні банкаўскай сістэмы. Вызначаны дакладныя тэрміны і канкрэтныя выканаўцы.

На працягу першага квартала бягучага года будзе распрацавана і зацверджана дэталёвая праграма падтрымкі і развіцця экспарту на 2016—2020 гады, якая прадугледжвае яго істотную дыверсіфікацыю. Плануецца прадоўжыць прапрацоўку пытанняў па ўступленні краіны ў Сусветную гандлёвую арганізацыю па лібералізацыі заканадаўства, якое рэгулюе знешнегандлёвыя аперацыі, а таксама прыняць шэраг іншых заканадаўчых актаў, накіраваных на забеспячэнне прыросту экспарту.

— А заканадаўчыя органы могуць неяк дапамагчы краіне разабрацца з праблемамі ў эканоміцы?

— Саветам Рэспублікі былі ўнесены канкрэтныя прапановы ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2016 год. Неабходны значная карэкціроўка заканадаўства, якое рэгламентуе прыватнае прадпрымальніцтва, распрацоўка праекта канцэпцыі закона аб прамысловай палітыцы, вызначэнне стратэгіі рэфармавання і рэструктурызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Як бачыце, заканатворчым органам трэба будзе нямала папрацаваць, каб падрыхтаваць дзейсныя правілы рэгулявання эканамічных адносін з улікам існуючых рэалій. Праца гэтая немагчымая без апоры на практычны вопыт органаў выканаўчай улады, прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, кіраўнікоў сельскагаспадарчай вытворчасці.

У мэтах дэталёвага вывучэння стану спраў на месцах і найбольш поўнага ўліку меркавання грамадзян Прэзідыум Савета Рэспублікі абавязаў кожнага члена Савета Рэспублікі прымаць актыўны ўдзел у працы створаных пры мясцовых Саветах дэпутатаў маніторынгавых груп, надаючы пры гэтым асаблівую ўвагу пытанням занятасці, экспарту, развіцця эканомікі. У сувязі з гэтым спадзяюся на актыўны ўдзел грамадзян — перш за ўсё работнікаў вытворчасці, прадпрымальнікаў і гаспадарчых кіраўнікоў — у падрыхтоўцы і абмеркаванні згаданых законапраектаў. Гарантую, што ні адна годная ўвагі прапанова не застанецца без ўважлівага вывучэння і дэталёвай экспертнай ацэнкі спецыялістаў.

Відавочна, што гэты год будзе няпростым. Кіраўнік дзяржавы, адзначаючы гэты факт, запатрабаваў ад усіх галін улады працаваць на мяжы сваіх магчымасцяў. Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб прыярытэтных кірунках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы» арыентуе ўсіх нас на творчую напружаную працу, да гэтага абавязвае само жыццё.

— Якім чынам удзел нашай краіны ў ЕАЭС уплывае на рашэнне бягучых эканамічных праблем?

— Галоўная мэта саюза — стварэнне агульнага рынку без выключэнняў і абмежаванняў. Ад гэтага наўпрост залежыць эфектыўнасць нацыянальнай эканомікі. Дагавор аб ЕАЭС прадастаўляе беларускім прадпрыемствам не толькі магчымасць свабоднага перамяшчэння фінансаў, тавараў, паслуг і працоўнай сілы ў межах саюза, але і спрыяе пашырэнню іх прысутнасці на міжнародных рынках.

У той жа час новыя рашэнні некаторых партнёраў па ЕАЭС, меры, якія яны прымаюць у аднабаковым парадку, выклікаюць сур'ёзную занепакоенасць. З-за няроўных умоў гаспадарання, што складваюцца на адзінай эканамічнай прасторы, нашы прадпрыемствы сутыкаюцца з жорсткай і нядобрасумленнай канкурэнцыяй. Савет Рэспублікі не можа заставацца ў баку ад вырашэння дадзенай праблемы, і таму ў найбліжэйшыя дні на пасяджэнні навукова-кансультатыўнага савета плануецца абмеркаваць праблемы развіцця інтэграцыйных працэсаў у рамках ЕАЭС і іх заканадаўчае рэгуляванне. Да размовы запрошаны і прадстаўнікі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Надзея Юшкевіч, «Звязда» ад 11 лютага 2016 г.