/ / Общественно-политические и в области права
21.12.2016

Краіна зацікаўлена ў развіцці дзяржаўнага сацыяльнага заказу: скарэкціраваны нормы заканадаўства ў галіне сацыяльнага абслугоўвання

У нас гэта паняцце малавядомае звычайным грамадзянам, ды і ўвогуле, сцвярджаюць практыкі, стаўленне да яго ў грамадстве несур'ёзнае. Нават спецыялізаваныя арганізацыі рэдка выкарыстоўваюць падобныя магчымасці. Тым не менш, за гэтым трошкі бюракратычным выразам стаяць звычайныя і часам востра неабходныя паслугі: псіхалагічная кансультацыя, дапамога сядзелкі або няні.

У большасці краін свету ўжо даўно створаны заканадаўчыя механізмы, якія дазваляюць прыцягваць да аказання сацыяльных паслуг розныя арганізацыі – як дзяржаўныя, так і прыватныя. Такім чынам, дзяржава выконвае тыя сацыяльныя задачы, якія перад ёю стаяць. На постсавецкай прасторы сістэма дзяржаўнага сацыяльнага заказу толькі-толькі прыжываецца. Тлумачыцца гэта і нетрадыцыйнасцю такой мадэлі для нашага рэгіёна.

На мінулым тыдні Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў першым чытанні праект закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон «Аб сацыяльным абслугоўванні». Навацыі якраз у большасці сваёй і датычацца ўдасканалення дзяржаўнага сацыяльнага заказу ў нашай краіне.

Таццяна Старынская, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, растлумачыла, што пасля ўступлення ў сілу Закона «Аб сацыяльным абслугоўванні» прайшло ўжо нямала часу – ён дзейнічае з 2013 года.

За апошнія гады шмат што змянілася. Напрыклад, распрацаваны новыя сістэмы, формы, віды сацыяльных паслуг, выраслі патрабаванні да іх якасці. Пачаў фарміравацца рынак сацыяльных паслуг – як з дзяржаўнымі, так і з недзяржаўнымі арганізацыямі. Гэта ўсё абумовіла карэкціроўку нормаў заканадаўства ў галіне сацыяльнага абслугоўвання, – адзначыла парламентарый.

У цэлым прадугледжваецца карэкціроўка 26 артыкулаў, два з якіх – у новай рэдакцыі. Перш за ўсё гэта датычыцца некамерцыйных арганізацый і міжнароднага супрацоўніцтва.

Унесены дапаўненні ў паняцце дзяржаўнага сацыяльнага заказу, – дадала дэпутат. – Яго трэба разумець як аказанне сацыяльных паслуг пэўнай групе насельніцтва ў любой галіне, якая на сёння запатрабавана і якая не занятая дзяржаўнымі арганізацыямі, або калі апошнія не спраўляюцца з гэтымі задачамі.

Магчымасць удзелу некамерцыйных арганізацый у выкананні дзяржаўнага сацыяльнага заказу была і раней, зараз уносяцца дапаўненні па правядзенні конкурсу на такі заказ, а таксама па павелічэнні тэрміну заключэння дагавораў. Зноў жа, згодна з новым законапраектам, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы надзелены паўнамоцтвамі ўстанаўліваць для розных груп грамадзян новыя віды сацыяльных паслуг.

Нягледзячы на ўжо трохгадовае існаванне дзяржаўнага сацыяльнага заказу, прыватныя арганізацыі не выкарысталі ў поўнай меры яго магчымасці. Выключэнне – Беларускі Чырвоны Крыж. Сёстры міласэрнасці ад гэтай арганізацыі працуюць як сядзелкі. Апошнім часам падобнай магчымасцю зацікавілася Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў. У асноўным жа некамерцыйныя арганізацыі, грамадскія аб'яднанні выкарыстоўваюць міжнародныя сацыяльныя праекты, для іх гэта больш прывабна. У той жа час у іх цяпер ёсць унікальная магчымасць развіваць сваю дзейнасць і з улікам дзяржаўнага сацыяльнага заказу.

Надзея Юшкевіч, «Звязда», № 246 (28356), 21 снежня 2016 г.