/ / Общественно-политические и в области права
15.08.2016

Якую ролю адыграе Кодэкс у культурным жыцці Беларусі? Нядаўна быў прыняты першы ў гісторыі краіны Кодэкс аб культуры

Нядаўна быў прыняты першы ў гісторыі краіны Кодэкс аб культуры. Над стварэннем гэтага комплекснага і надзвычай важнага дакумента праца вялася на працягу некалькіх гадоў. Пра тое, якую ролю адыграе Кодэкс у культурным жыцці нашай краіны, разважае Зіновій Прыгодзіч, кандыдат філасофскіх навук, галоўны рэдактар часопіса «Гаспадыня», пісьменнік.

– Хочацца найперш адзначыць, што Кодэкс аб культуры, які нядаўна прыняты ў нашай рэспубліцы, створаны не на пустым месцы. Ён увабраў у сябе сем законаў, чатыры указы Прэзідэнта краіны і шмат іншых прававых дакументаў, якія дзейнічалі да гэтага ў сферы культуры. Можна нават сказаць, што Кодэкс ніякіх рэвалюцыйных змен не мае.

Дык у чым жа тады адметнасць і значэнне новага маштабнага дакумента?

Перш за ўсё менавіта ў гэтай маштабнасці. Дзясяткі розных нарматыўна-прававых актаў зведзены пад адну вокладку. І не проста механічна зведзены, а абагульнены, асэнсаваны і ў многім дапрацаваны. Удакладнена тэрміналогія, выключаны састарэлыя нормы, а таксама зняты пэўныя супярэчнасці, якія існавалі ў розных дакументах. Улічаны некаторы замежны вопыт у гэтай сферы. Хаця, як ужо адзначалі многія эксперты, наш Кодэкс – дакумент унікальны, які не мае аналагаў не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце.

Гэта развагі агульнага плана. Разам з тым хацелася б сказаць, што канкрэтна парадавала ў новым дакуменце мяне асабіста як журналіста і пісьменніка, як чалавека, што пэўны час меў дачыненне да праблем культуры.

Па-першае, вельмі добра, што суб’ектамі культурнай дзейнасці названы спонсары і мецэнаты культуры. Думаю, што гэта не толькі павысіць грамадскі статус, але і значна актывізуе іх ролю ў вырашэнні існуючых праблем культуры. Што, безумоўна, надзвычай важна ў сённяшніх няпростых эканамічных умовах.

Па-другое, мне здаецца, вельмі своечасова і дастаткова грунтоўна сказана аб падтрымцы беларусаў замежжа. У апошнія гады ў мяне склаліся даволі цесныя адносіны з нашай дыяспарай, якая працуе ў Казахстане. Кіруе ёю вельмі актыўны і цікавы чалавек, таленавіты кампазітар Дзмітрый Астаньковіч. Нарадзіўся і вырас ён удалечыні ад радзімы. Аднак захаваў у сваёй душы глыбокую любоў і пашану да Беларусі. Самастойна вывучыў беларускую мову. Напісаў дзясяткі песень на вершы беларускіх паэтаў, якія выконвае не толькі на сходах суполкі, але і на канцэртах з самымі рознымі аўдыторыямі.

Дарэчы, канцэрты і шматлікія іншыя мерапрыемствы, якія ладзяць там нашы землякі, карыстаюцца нязменным поспехам. Казахі, рускія (а ў Казахстане жыве шмат розных нацыянальнасцяў) праяўляюць да беларускай культуры вялікую цікавасць. Гэтая цікавасць была б яшчэ больш значная, калі б сябры суполкі мелі ад нас крыху шырэйшую матэрыяльную падтрымку. У прыватнасці, яны вымушаны нават за свае сродкі набываць нацыянальныя беларускія касцюмы. Хочацца спадзявацца, што новы дакумент паспрыяе вырашэнню такіх праблем.

Па-трэцяе, мне не раз даводзілася сутыкацца з такой праблемай, як захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Многія палацавыя збудаванні, помнікі археалогіі (спрадвечныя валуны, старадаўнія дзядзінцы) разбураюцца, знішчаюцца толькі таму, што яны не ўзяты пад ахову дзяржавы. Раней зрабіць гэта было даволі няпроста. Цяпер, з прыняццем Кодэкса, гэтая працэдура стала значна прасцейшай. Акрамя таго, прадугледжаны сур’ёзныя меры для абмежавання разбуральнай дзейнасці так званых чорных капальнікаў.

І нарэшце чацвёртае і, можа, самае галоўнае – беларускай мове нададзена годнасць нематэрыяльнай каштоўнасці. Не сумняваюся, што гэта будзе садзейнічаць развіццю і папулярызацыі роднай мовы, а ў выніку – усёй беларускай культуры.

«Звязда», 13 жніўня 2016 г.

Фота Кастуся Дробава