/ / Общественно-политические и в области права
17.08.2016

Аплет «Дапамога побач» ужо спампавала больш за 18 тысяч чалавек

У маі ў спецыялізаванай краме Google Play Market з’явілася незвычайная для Беларусі праграма для смартфонаў. Аплет «Дапамога побач» распрацавала Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Яго ўжо спампавала больш за 18 тысяч чалавек.

Што ж сабой уяўляе гэтая мабільная праграма? Як ёй правільна карыстацца? І ў якім кірунку яна будзе развівацца? Гэтыя пытанні і сталі тэмай гутаркі з прэс-сакратаром Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталем Навіцкім.

– Ідэя стварэння спецыялізаванай мабільнай праграмы з’явілася ў нас летась. Спярша мы вывучылі тэматычныя аплеты, якія існуюць і на постсавецкай прасторы, і за акіянам. Напрыклад, у ЗША і Канадзе створана шмат праграм, што інфармуюць карыстальнікаў тэлефонаў пра небяспечныя з’явы надвор’я. Канадскі Чырвоны Крыж выклаў ва ўласным прадукце разнастайныя практычныя парады па дзеяннях у экстраннай сітуацы і склаў тэсты, якія можна праходзіць. Але такой адзінай праграмы, якая максімальна ахоплівала б усе бакі бяспекі, мы не знайшлі. Таму і было прынята рашэнне спалучыць некалькі ідэй і ўвасобіць іх у адну.

5 крокаў да дапамогі

– У раздзел «Што рабіць?» мы змясцілі каля шасцідзесяці тэм разнастайнага побытавага характару, з якімі могуць сутыкнуцца людзі, – працягвае Віталь Навіцкі. – Сярод іх ёсць як традыцыйныя (што рабіць пры пажары ў доме?), так і экзатычныя, кшталту алгарытму, як зняць кальцо з пальца. Інструкцыя дзеянняў выкладзена ў 5 кроках. Раздзел «Энцыклапедыя» змяшчае тыя ж веды, проста яны выкладзеныя больш разгорнута. Ёсць і спецыяльныя тэсты па бяспецы, з дапамогай якіх можна праверыць свае веды. Тэсты пастаянна абнаўляюцца – так, напярэдадні новага навучальнага года з’явіцца новы. А калі вы аўтарызуецеся праз сацыяльную сетку, то зможаце паўдзельнічаць у імправізаваным рэйтынгу сярод карыстальнікаў праграмы.

Для ўсіх гэтых функцый падключэнне для інтэрнэту неабавязковае. Адзіны раздзел, для якога ён патрэбны, – карта неспрыяльных з’яў. На смартфон прыйдзе паведамленне пра небяспечныя з’явы надвор’я. Яны ж будуць нанесены на інтэрактыўную карту. І з дапамогай усяго аднаго націску можна атрымаць інфармацыю пра тое, як дзейнічаць у небяспечнай сітуацыі.

На ўсіх старонках праграмы даступная кнопка хуткага выкліку па нумары 112. Акрамя таго, мы дадалі яшчэ некалькі функцый. Можна наладзіць выклікі так, каб SMS-паведамленні адначасова адсылаліся на два абраныя раней нумары. Акрамя таго, і саму кнопку можна пераналадзіць на любы нумар. Гэта прадугледжана спецыяльна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія могуць выкарыстоўваць гэтую функцыю для кантактавання з блізкімі і роднымі.

На жаль, устанавіць праграму «Дапамога побач» зараз могуць не ўсе.

– Спецыфіка розных аперацыйных сістэм у тым, што пад кожную з іх даводзіцца пісаць праграмны код з нуля, – зазначае Віталь Навіцкі. – А гэта вымагае вельмі шмат выдаткаў. Таму перш чым пачынаць распрацоўку, мы вывучылі статыстыку наведванняў нашага сайта, пракансультаваліся са спецыялістамі. Высветлілася, што большая частка смартфонаў у Беларусі працуе на аперацыйнай сістэме Androіd. Праўда, і на вельмі старых апаратах праграма наўрад ці запусціцца – ёй патрэбна сістэма ад версіі 4.0 і вышэй. Ужо задумваемся пра тое, каб нашай праграмай маглі карыстацца і ўладальнікі айфонаў. Усё-такі працэнт карыстальнікаў іOS, асабліва сярод моладзі, ігнараваць было б няправільна. Што да сістэмы Wіndows Phone, то тут перспектывы «Дапамогі побач» пакуль няясныя. З аднаго боку, карыстальнікі гэтай аперацыйнай сістэмы засмучаюцца, калі дазнаюцца пра немагчымасць устаноўкі нашай праграмы. З другога боку, іх у нашай краіне вельмі мала. Але ў той жа час хацелася б ахапіць як мага большы працэнт людзей...

Сакрэтны раздзел праграмы

– Разам з Беларускім Таварыствам Чырвонага Крыжа мы хочам дапрацаваць раздзел «Што рабіць?» – адзначае Віталь Навіцкі. – Напрыклад, у ім зараз няма правіл аказання першай дапамогі. Чырвоны Крыж правёў адмысловае даследаванне аб паспяховасці аказання дапамогі неспрактыкаванымі людзьмі. І выявіліся вельмі цікавыя лічбы. Калі вы чытаеце, як дзейнічаць у экстрэмальнай сітуацыі аказання дапамогі, то выратуеце 2 з 10 чалавек. Калі ж вы адкажаце на пэўныя пытанні, уключыце аўдыёсуправаджэнне, то з вольнымі рукамі верагоднасць выратавання пацярпелага павялічыцца да 80 %. Збіраемся дапоўніць і карту неспрыяльных з’яў – гэты праект вядзём сумесна з БелТА і Таварыствам Чырвонага Крыжа. З’явіцца карта пажарнай небяспекі ў лясах і інфармацыя пра вясеннюю паводку.

– А што рабіць, калі да нас зноў завітае ўзімку магутны снежны цыклон кшталту «Хаўера»? – пацікавіўся я.

– У праграме ёсць адзін раздзел, які мы пакуль не актывавалі. Ён носіць назву «Паведаміць аб надзвычайнай сітуацыі». Гэтая функцыя і прыхавана на выпадак небяспечных з’яў чырвонага ўзроўню. З яе дапамогай можна будзе зрабіць фотаздымак мясцовасці, далучыць да яго кароткае апісанне. Месцазнаходжанне ваша вызначыцца аўтаматычна. І на спецыяльнай карце месцы, адкуль паведамляюць пра надзвычайныя сітуацыі, будуць адзначацца ў выглядзе кропак.

Як выгнаць з дома... кажана?

Калі зайсці на старонку праграмы ў Google Play, то можна заўважыць, як карыстальнікі самі прапануюць тэмы для рубрыкі «Што рабіць?». Сярод іх ёсць і даволі экзатычныя.

– Цікава, што найбольшай папулярнасцю ў жніўні карыстаецца тэма «Калі ў дом запаўзла змяя», – аналізуе сітуацыю Віталь Навіцкі. – Крыху саступаюць ёй алгарытмы дзеянняў пры навальніцы, ліквідацыі гнязда вос у доме, дарожна-транспартных здарэннях і блуканні ў лесе. Зрэшты, мы адкрыты для прапаноў. Адразу ў Google Play Market людзі могуць ацэньваць праграму і прапаноўваць свае тэмы. Дзякуючы водгукам і з'явіліся тэмы кшталту «Зняць пярсцёнак з пальца», «Кажан у доме».

Акрамя таго, будзе зменены алгарытм апавяшчэння пра неспрыяльныя з’явы надвор’я. Гэта падказалі самі карыстальнікі. Аргументацыя слушная: калі нехта жыве ў Брэсцкай вобласці, то навошта яму ведаць пра тое, што ў Мінску будзе лівень? Таму мы хутка дададзім у абнаўленнях праграмы магчымасць выбару рэгіёнаў. А вось апавяшчэнні пра сітуацыі чырвонага ўзроўню небяспекі нельга будзе адключыць па-ранейшаму.

За тры месяцы працы праграмы ўжо з’явілася цікавая статыстыка.

– Практычна палова нашых карыстальнікаў жыве ў Мінску і прысталічным раёне, – працягвае Віталь Навіцкі. – У топ-10 гарадоў з найбольшай колькасцю спампоўванняў уваходзяць усе абласныя цэнтры і такія буйныя гарады, як Барысаў, Бабруйск і Салігорск. 60 працэнтаў карыстальнікаў – маладзейшыя за 35 гадоў. Пры гэтым адметна, што кожны трыццаты смартфон, на якім устаноўлена праграма, належыць чалавеку, старэйшаму за 65 гадоў. Рэзкі рост папулярнасці нашай праграмы прыйшоўся на 11–18 ліпеня – час, калі магутныя штормы бязлітасна шкуматалі Мінск, Дзяржынск і Шаркаўшчыну.

А як у іх?

На постсавецкай прасторы толькі ў дзвюх краінах міністэрствы па надзвычайных сітуацыях стварылі ўласныя мабільныя праграмы. Гэта Расія і Узбекістан. Праўда, паглядзець іх на тэрыторыі Беларусі не атрымаецца. Але МНС Беларусі наўмысна не абмяжоўвала зону для спампоўвання праграмы. Алгарытмы дзеяння ў надзвычайных сітуацыях аднолькавыя без уліку месца жыхарства.

Як знайсці праграму?

На смартфонах з аперацыйнай сістэмай Androіd зайсці ў Google Play Market і ў радок пошуку ўвесці «МЧС Помощь рядом» (без двукосся).

Валяр’ян ШКЛЕННІК, «Звязда» ад 17 жніўня 2016 г.

(фота – «Звязда»)