/ / Общественно-политические и в области права
09.09.2015

Не хлебам адзіным. Праект Кодэкса аб культуры можа быць разгледжаны дэпутатамі ў першым чытанні ўжо падчас восеньскай сесіі

У дакуменце ўпершыню асобна прапісана ахова археалагічнай спадчыны, у спіс суб’ектаў культурнай дзейнасці ўключылі спонсараў і мецэнатаў, асобная ўвага нададзена забеспячэнню доступу да культурных даброт інвалідам і людзям са слабым фізічным здароўем.

Учора Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы на пасяджэнні разгледзела заўвагі і дапаўненні Міністэрства культуры нашай краіны па праекце Кодэкса аб культуры. Наталля Кучынская, намеснік старшыні камісіі, адказная за падрыхтоўку гэтага дакумента, паведаміла, што тэкст праекта кодэкса гатовы для ўзгаднення зацікаўленымі бакамі.

– У прынцыпе, на маю думку, у лістападзе тэкст можна будзе выносіць на разгляд дэпутатаў у Авальнай зале, – лічыць парламентарый.

Наталля Кучынская праінфармавала, што грамадскія адносіны, якія рэгулююцца праектам кодэкса, складаюцца з 16 напрамкаў, сама культурная дзейнасць – з 11. Цяпер праект кодэкса складаецца з 5 раздзелаў і 258 артыкулаў. Самы вялікі раздзел прысвечаны арганізацыі культурнай дзейнасці: туды ўваходзіць і бібліятэчная справа, і музейная, і ахова гісторыка-культурнай спадчыны, археалагічнай спадчыны, і кінематаграфічная дзейнасць, і арганізацыя адпачынку… Паводле слоў намесніка старшыні камісіі, праект Кодэкса аб культуры ў параўнанні з першапачатковым варыянтам змяніўся структурна.

– Па выніках пасяджэнняў нашай працоўнай групы ў праект дакумента ўнесены шэраг удакладненняў і паправак, – паведаміла дэпутат. – На маю думку, гэтыя папраўкі зрабілі кодэкс больш дасканалым, больш жыццёвым ужо таму, што больш за ўсё паправак унеслі спецыялісты Міністэрства культуры.

Тым не менш над праектам дакумента давялося шмат папрацаваць.

– Адно з першых удакладненняў, якое ўнесла наша працоўная група, – гэта змяненне ў прэамбулу будучага кодэкса, – расказала Наталля Кучынская. – Першапачаткова там адзначалася: Кодэкс аб культуры накіраваны на рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы культуры і на ўстанаўленне прававых, арганізацыйных і сацыяльна-эканамічных асноў культурнай дзейнасці па захаванні і выкарыстанні культурных каштоўнасцяў. Працоўная група дадала, што кодэкс таксама мае на мэце развіццё арганізацый культуры, забеспячэнне агульнай даступнасці культурных даброт.

Па словах выступоўцы, першапачатковае азначэнне тэрміну «культура» ў праекце кодэкса пасля абмеркаванняў таксама змянілася. Пад культурай у дакуменце разумеецца сукупнасць культурных каштоўнасцяў і культурнай дзейнасці.

– З’явілася такая дэфініцыя, як культурныя даброты, – звярнула ўвагу парламентарый. – Гэта тыя каштоўнасці, работы і паслугі, якія аказваюцца юрыдычнымі асобамі, арганізацыямі культуры, грамадзянамі для задавальнення духоўных патрэб грамадства, станаўлення і развіцця асобы.

У дакуменце вызначаецца прызнанне культуры ў якасці галоўнага фактара самабытнасці беларускага народа.

– Асобая ўвага надаецца людзям, якія маюць слабое фізічнае здароўе, інвалідам – культурныя даброты павінны быць даступны ўсім. Да суб’ектаў культурнай дзейнасці дадалі спонсараў і мецэнатаў, – паведаміла Наталля Кучынская. – Праект кодэкса прадугледжвае ўдзел грамадства ў развіцці культуры – праз стварэнне саветаў, камісій, у тым ліку экспертных, кансультацыйных саветаў.

У сваю чаргу старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр Сягоднік асабліва адзначыў, што ў праект кодэкса ўпершыню ўключана рэгуляванне пытанняў археалагічнай спадчыны і арганізацыі культурнага адпачынку насельніцтва. Дагэтуль ахова археалагічных помнікаў не была асобна прапісана ў заканадаўчых актах.

Надзея Юшкевіч, «Звязда» ад 9 верасня 2015 г.