/ / Общественно-политические и в области права
14.10.2015

Калi зносяць дом...

На якую кампенсацыю могуць разлічваць уласнікі прыватных сядзіб?

Знаёмая нядаўна плакалася: іх прыватны дом у Мінску, ля станцыі метро Міхалова, ідзе пад знос, таму нядаўна давялося пераязджаць у кватэру ў іншым раёне… Шчыра прызнацца, мне самой стала шкада той мілы дамок з размаляванымі сценамі, у якім не раз даводзілася гасцяваць, – увесь ахінуты старымі грушамі і яблынямі, што захілялі яго ад шумнага горада. Аднак настальгія і прывязанасць да роднай хаты – не адзіная і не самая галоўная прычына, чаму людзі не жадаюць мяняць сваю хоць і старую, але прыватную сядзібу на жыллё ў шматкватэрным доме.

«Не хачу ў Каменную Горку!»

На месцы прыватных забудоў у сталіцы імкліва паўстаюць шматпавярховікі на сотні кватэр. На тэрыторыі, дзе раней жылі некалькі сем’яў, цяпер хутка вырастае хмарачос, у які можна засяліць цэлую вёску, а часам і не адну… Сітуацыя ў Маскоўскім раёне сталіцы ў гэтым плане найбольш паказальная: практычна ўся яго тэрыторыя ахоплена зносам прыватных жылых дамоў. Паводле планаў, у розныя тэрміны тут ліквідуюць амаль 1000 сядзіб. Калі быць больш дакладнымі, то да 2030 года з яго карты знікнуць 924 прыватныя дамы, паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва Маскоўскага раёна Ларыса Быстрая.

— На тэрыторыі, якая падлягае асваенню са зносам жылых дамоў, распрацоўваюцца горадабудаўнічыя пашпарты. Гэтыя ўчасткі ў перспектыве выстаўляюцца на аўкцыён – яго пераможца і займаецца рэалізацыяй маёмасных правоў уласнікаў дамоў, якія зносяць.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта №58 («Аб некаторых пытаннях адабрання і прадастаўлення зямельных участкаў». — Аўт.) забудоўшчык прапануе ўласнікам дамоў выказаць свае пажаданні наконт будучага жылля. Напрыклад, гэта можа быць кватэра тыпавых спажывецкіх якасцяў, зямельны ўчастак за межамі горада альбо грашовая кампенсацыя. Ацэнку аб’ектам, якія зносяць, на падставе тэхнічнай дакументацыі дае праектны інстытут «Белдзіпразем», які і вызначае колькасны эквівалент кампенсацыі. Пры жаданні перасяліць з дамоў у кватэры людзей могуць у любы раён у межах сталіцы. Які менавіта – гэта ўжо кожны жыхар канкрэтнага дома сам вырашае з забудоўшчыкам.

— Сёння да ўвагі не прымаюцца заўвагі накшталт «я жыву тут, а вы мне даяце жыллё ў Каменнай Горцы», – адзначае Ларыса Быстрая.

Адметна, што часцей за ўсё з прапанаваных варыянтаў кампенсацыі жыхары раёна выбіраюць усё ж кватэры.

Між тым не ўся прыватная забудова раёна суцэльна пойдзе пад знос. Напрыклад, цалкам захаваюць вуліцу Курганную. Таксама захаваецца частка Паўночнага завулка, які з’яўляецца зонай гістарычнай забудовы. У перспектыве дамы тут плануюць адрэстаўраваць, аднак людзей з іх усё адно выселяць. Акрамя таго, часткова захаваюць дамы ў раёне вуліцы Вавілава і завулка Паўзунова.

— Гэта ў нас адбываецца ў адпаведнасці з горадабудаўнічым праектам дэталёвага планавання ў межах вуліц Соф’і Кавалеўскай – Мініна – Машыністаў – чыгункі. Частка дамоў на гэтай тэрыторыі зносіцца, частка захоўваецца, – тлумачыць Ларыса Быстрая.

Самабуд не ўлічаць

Канфлікты забудоўшчыкаў з жыхарамі, якія не жадаюць пакідаць свае дамы, узнікаюць з розных прычын. Не ўсіх задавальняюць варыянты жылля, якое прадастаўляецца ўзамен. Але не толькі гэта становіцца галоўнай тэмай непаразуменняў.

— Бывае, што ў людзей на ўчастку ёсць самавольныя збудаванні, не зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку. Магчыма, яны былі ўзведзены ў 1990-я гады, 1980-я. Як правіла, узнікаюць канфліктныя сітуацыі, калі ёсць самабуд, і людзі хочуць, каб ім далі жыллё з яго ўлікам, – гаворыць спецыяліст.

Аднак забудоўшчык, кіруючыся заканадаўствам, выдзяляе жыллё ў адпаведнасці з тэхнічным пашпартам, без уліку самавольных збудаванняў. Таму і ўзнікаюць непаразуменні, якія, бывае, даходзяць і да судовых разбораў. Аднак у большасці вынікаў падобныя пытанні ў судзе вырашаюцца не на карысць уласніка жылля.

Яшчэ адна сітуацыя – калі людзей не задавальняюць варыянты прадастаўлення жылля. У такіх выпадках забудоўшчыкі стараюцца знаходзіць кампрамісы. Калі не знаходзяць, прымаць рашэнне зноў даводзіцца суду – як правіла, з ініцыятывы забудоўшчыка. Пры гэтым афармляецца пратакол рознагалоссяў паміж уласнікам і забудоўшчыкам, дзе ўласнік павінен указаць канкрэтныя прычыны сваёй нязгоды з прапанаванымі варыянтамі жылля.

70% сядзіб захаваюць

Як паведаміў галоўны архітэктар УП «Мінскграда» Аляксандр Акенцьеў, згодна з Генеральным планам горада, распрацаваным сёлета, цалкам захаваецца каля 70% тэрыторый, на якіх размешчаны сядзібы. Паводле Генплана 2010 года, цалкам захоўвалася толькі 28% сядзібных тэрыторый. Астатняя частка прызначалася пад знос або рэканструкцыю па прынцыпе змяшанай забудовы з «украпінамі» шматпавярховага жылля.

Пад знос і далейшую трансфармацыю ў шматпавярховую жылую або грамадскую забудову пойдуць сядзібныя масівы, якія прымыкаюць да галоўных гарадскіх праспектаў. Таксама знікнуць усе сядзібы ў цэнтры горада, унутры другога транспартнага кольца. Падрабязная інфармацыя аб планах па зносе сядзібнай забудовы размяшчаецца на сайтах адміністрацый раёнаў.

Дзіяна Серадзюк, «Звязда» ад 14 кастрычнiка 2015 г.