/ / Общественно-политические и в области права
13.11.2015

Беспрацоўным – бясплатная прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка. На пытанні адказаў першы намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч

На мінулым тыдні ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны прайшла сумесная з газетай «Звязда» «прамая лінія» і анлайн-канферэнцыя Мінпрацы і сацабароны на тэму «Пытанні заработнай платы і занятасці насельніцтва». На званкі нашых чытачоў адказваў першы намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч. Найбольш актуальныя і цікавыя пытанні і адказы на іх — у нашай публікацыі.

— Добры дзень! Гэта вам тэлефануе Вікторыя з аграгарадка Любань, што ў Вілейскім раёне. Я хачу звярнуцца да вас з нагоды сваёй маці. Мая маці швачка, працавала, а ў апошні час атрымлівала дапамогу па доглядзе састарэлага. Зараз у яе няма працы, і яна стала на ўлік у цэнтр занятасці. Маме 54 гады. За тры месяцы ёй не прапанавалі ніводнай вакансіі. Па законе яе маглі б у такой сітуацыі ўжо адправіць на пенсію. Але не хочуць…

— А колькі гадоў складае агульны стаж вашай маці?

— 36 поўных гадоў.

— І цяпер ёй 54 гады?

— Так, 54 гады споўнілася ў ліпені. Пайшоў ужо 4-ы месяц, як яна стала на ўлік у цэнтр занятасці. Калі яна стала часцей тэлефанаваць, ездзіць, тады ёй далі два накіраванні. Яна з’ездзіла па гэтых накіраваннях, але вакансій там няма.

— У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам такія грамадзяне, як ваша маці, за год да наступлення пенсійнага ўзросту, маючы адпаведны стаж, маюць права на датэрміновае прызначэнне пенсіі…

— Ёй адказваюць: так, мы можам адправіць вас на пенсію, але не абавязаны. Чакайце падыходзячых вакансій.

— І падыходзячай працы ёй не прапанавалі?

— Не, не прапанавалі, і, мяркуючы па ўсім, яе не прадбачыцца.

— Добра, я вас пачуў. Міністэрства дасць даручэнне нашаму ўпраўленню ў Вілейцы, каб там дэтальна разгледзелі гэты выпадак.

* * *

— Святлана Анатольеўна з Капыльскага раёна турбуе. У нас у ААТ «Ціміразеўскі» не выплачаны на сённяшні дзень заробак за верасень і дзіцячая дапамога за кастрычнік. Куды звяртацца?

— Наконт нявыплаты заработнай платы вам неабходна звярнуцца ў адпаведнае структурнае падраздзяленне Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы па месцы рэгістрацыі вашага наймальніка. Усе адрасы структурных падраздзяленняў Дэпартамента пазначаны на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Што тычыцца нявыплаты дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, то з гэтым пытаннем трэба звяртацца ва ўпраўленне Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва па месцы рэгістрацыі вашай арганізацыі ў якасці плацельшчыка абавязковых страхавых узносаў.

* * *

— Мяне завуць Самусенка Валерый Паўлавіч, з Лагойскага раёна вам тэлефаную. Я працую ў бюджэтнай арганізацыі. І вось такое пытанне ў мяне: хацелася б даведацца, на якія мэты можа выкарыстоўвацца эканомія сродкаў, прадугледжаных на аплату працы работнікаў у бюджэтных арганізацыях?

— Эканомія сродкаў, прадугледжаных на аплату працы, накіроўваецца на прэміраванне работнікаў, а таксама на ўстанаўленне павышальнага каэфіцыента да тарыфнай стаўкі (акладу).

* * *

— Гэта Вавілаў Міхаіл, тэлефаную вам з Мінска. У мяне такое пытанне: раней прыводзілася, што беларусаў, якія працуюць за мяжой, — 700–800 тысяч чалавек. А колькі цяпер?

— Па даных МУС, якое вядзе ўлік грамадзян рэспублікі, што выязджаюць для працы за межы Беларусі, за студзень–верасень гэтага года за межы рэспублікі на падставе падпісаных дагавораў і кантрактаў выехалі 5311 чалавек.

Па звестках Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у мінулым годзе за межамі Беларусі працавалі 61,6 тысячы чалавек.

Беларусы для часовага працаўладкавання выязджаюць пераважна ў Расію ў рамках дамоўленасцяў Саюзнай дзяржавы і Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, якімі прадугледжана свабода руху працоўнай сілы. Нагадаю, што ў склад Еўразійскага эканамічнага саюза ўваходзяць Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Рэспубліка Арменія, Кыргызская Рэспубліка і Расійская Федэрацыя.

* * *

— Гэта Надзея Паўлаўна з Мінска. Скажыце, калі ласка, ці можна беспрацоўнаму адмовіцца ад грамадскіх работ, якія аплачваюцца? Ці захавае ён пры гэтым статус беспрацоўнага? І што можа ў такім выпадку страціць?

— Надзея Паўлаўна, удзел у такіх грамадскіх работах прапануецца ўсім беспрацоўным, каб маглі атрымаць даход у перыяд пошуку працы. Беспрацоўны мае права адмовіцца ад удзелу ў гэтых работах, пры гэтым статус беспрацоўнага захоўваецца, аднак неабходна ўлічваць, што ў адпаведнасці з артыкулам 25 Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» у выпадку невыканання беспрацоўным без важных прычын месячнай нормы ўдзелу ў грамадскіх работах, якія аплачваюцца, выплата дапамогі па беспрацоўі прыпыняецца на тэрмін да трох месяцаў.

Удзел у аплачваемых грамадскіх работах не з’яўляецца абавязковым для наступных катэгорый грамадзян: бацькоў у шматдзетных і няпоўных сем’ях, а таксама сем’ях, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў; моладзі да 18 гадоў; інвалідаў; эвакуяваных і адселеных з зон эвакуацыі (адчужэння), першачарговага і наступнага адсялення, а таксама тых, хто самастойна выехаў з гэтых зон пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; асоб перадпенсійнага ўзросту (за два гады да наступлення ўзросту, што дае права на пенсію па ўзросце на агульных падставах); а таксама для грамадзян, звольненых у сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, скарачэннем колькасці або штату работнікаў і зарэгістраваных у органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на працягу 12 месяцаў з дня звальнення, на працягу першых трох месяцаў з дня такой рэгістрацыі; для цяжарных жанчын; беспрацоўных, працаўладкаваных на часовыя работы з паведамленнем органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

* * *

— Трафімаў Мікалай з Маладзечна. Хачу пацікавіцца: прайсці перападрыхтоўку ад службы занятасці можа толькі афіцыйна зарэгістраваны беспрацоўны? Ці будзе ён атрымліваць стыпендыю? У якім выпадку ён можа яе пазбавіцца?

— У адпаведнасці з заканадаўствам дзяржава гарантуе беспрацоўным бясплатную прафесійную арыентацыю, прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэб і ў адпаведнасці са схільнасцямі, здольнасцямі, навыкамі і асаблівасцямі іх псіхафізічнага развіцця.

Беспрацоўны можа прайсці прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі ў выпадку, калі немагчыма падабраць прыдатную працу з прычыны адсутнасці ў яго неабходнай прафесіі або кваліфікацыі альбо неабходна змяніць прафесію (спецыяльнасць, род заняткаў) у сувязі з адсутнасцю працы, якая адпавядае наяўным у беспрацоўнага прафесійным навыкам.

У перыяд навучання па накіраванні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне беспрацоўнаму выплачваецца стыпендыя ў памеры да трох базавых велічынь. Пры гэтым памер стыпендыі можа быць паменшаны на 25 % тэрмінам на адзін месяц, альбо грамадзянін можа быць наогул пазбаўлены стыпендыі на такі ж тэрмін у выпадку непаспяховасці, нерэгулярнага наведвання заняткаў без пэўных прычын, пры парушэнні вучэбнай дысцыпліны і ўнутранага распарадку ўстановы адукацыі.

* * *

— Вам тэлефануе Дзігалёў Мікалай Іванавіч, пенсіянер, інвалід 1 групы з Бабруйска. У мяне да вас два пытанні. Першае: мяне даглядае чалавек і атрымлівае за гэта дапамогу па доглядзе. А сацыяльны работнік атрымлівае зарплату. Гэта правільна? За адну і тую ж працу адзін атрымлівае дапамогу, а другі — зарплату. Я лічу, чалавек, які даглядае інваліда, таксама павінен атрымліваць зарплату, а не дапамогу. А як вы да гэтага ставіцеся?

— Дапамога па доглядзе — гэта мера сацыяльнай падтрымкі працаздольных асоб, вымушаных пакінуць працу, каб даглядаць інваліда 1 групы або старога, які дасягнуў 80-гадовага ўзросту. У сувязі з гэтым такія людзі страцілі крыніцу сродкаў існавання. Але ў сілу сваёй спецыфікі догляд у выглядзе аказання пастаяннай дапамогі непрацаздольнаму ў ажыццяўленні надзённых патрэб не можа быць рэгламентаваны пэўнымі рамкамі, характэрнымі для працоўных адносін (працоўны час, час адпачынку і да т.п.). Таму ён не можа рэгулявацца працоўным заканадаўствам. Адпаведна на асоб, якія ажыццяўляюць пастаянны догляд, не распаўсюджваюцца нормы Працоўнага кодэкса.

Што тычыцца сацыяльных работнікаў, то яны знаходзяцца ў штаце тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Гэтыя работнікі аказваюць рознага роду сацыяльныя паслугі: бытавыя, медыцынскія і іншыя. Аднак забяспечыць неабходны пастаянны догляд непрацаздольным асобам, якія маюць патрэбу ў ім, сацыяльныя работнікі не могуць.

— Добра, яшчэ адно пытанне. Вось скажыце, працуючы пенсіянер атрымлівае пенсію і зарплату. Але гэты ж пенсіянер чамусьці не мае права даглядаць інваліда або старога і атрымліваць за гэта дапамогу. Чаму ён не мае такога права?

— Ажыццяўляць догляд інваліда ці састарэлага чалавека мае права любая асоба. Разам з тым у нашым заканадаўстве ёсць умова: атрымліваць дапамогу па доглядзе можна толькі пры адсутнасці іншай крыніцы даходу.

* * *

— Вас турбуе Юркевіч Міхаіл з Пінска. Скажыце, калі ласка, як хутка звесткі аб свабоднай вакансіі павінны з’яўляцца ў службе занятасці?

— Закон патрабуе, каб наймальнік пісьмова праінфармаваў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аб наяўнасці свабодных рабочых месцаў (вакансій) на працягу двух тыдняў з дня іх з’яўлення — з указаннем умоў працы і памеру яе аплаты.

— Дзякуй за адказ!

— Усяго найлепшага!

Святлана Бусько, «Звязда» ад 13 лістапада 2015 г.