/ / Общественно-политические и в области права
16.11.2015

Пра платную рыбалку і жанчын на паляванні. У «Звяздзе» прайшла «прамая лінія» са старшынёй Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Юрыем Шумскім

Ігар, г. Кобрын: — Улетку была агучана ідэя аб тым, што ў Беларусі будуць навучаць на абавязковых курсах падрыхтоўкі да здачы спецыяльнага паляўнічага экзамену навыкам абыходжання з лукам і арбалетам. Скажыце, калі ласка, чым было прадыктавана такое рашэнне?

— Арбалет у руках паляўнічага можна назваць хутчэй такім своеасаблівым хобі. А ўключылі мы яго ў спіс зброі па жаданні паляўнічых. Ёсць ахвотнікі паспрабаваць сябе ў ролі першабытных здабытчыкаў. Але такая зброя мае адну ўласцівасць. Агнястрэльная наразная зброя дазваляе страляць на адлегласць да 250 метраў. А вось з тым жа лукам эфектыўна можна страляць толькі метраў да 50. Да таго ж на 200-250 метраў да звера падкрасціся можна спакойна. Чаго не скажаш пра куды меншую адлегласць. Дабаўце сюды цяжкую экіпіроўку і хваляванне паляўнічага. Штосьці хрусне пад нагой — і звер спалохаецца і ўцячэ…

Кар. «Звязды»: — Якімі відамі рыб БТПР зарыбляе вадаёмы? Ці будзе пашырацца відавы асартымент? Якія вадаёмы зарыблены сёлета?

— Увесну зарыблялі вадаёмы малькамі шчупака і сома. Цяпер у ход пайшлі карп, карась, таўсталобік. Шчупакоў мала. Зараз вядзём перамовы аб пашырэнні асартыменту. Бо не ва ўсе вадаёмы можам таго ж карпа запусціць. У натуральныя вадаёмы яго непажадана адпраўляць, бо карп — гэта штучна выведзены від. Мы зарыбілі сёлета каля 20 вадаёмаў — вадасховішчы Пятровіцкае, Салігорскае, Вяча, Пціч, Смалявіцкае, Плешчаніцкае Мінскай вобласці; возера Крушынаўскае Гомельскай вобласці; возера Лепельскае Віцебскай вобласці; возера Лукаўскае, вадасховішчы Паперня і Мышанка Брэсцкай вобласці; азёры Ант і Белае Гродзенскай вобласці; вадасховішча Рудзея і Цяцерынскае Магілёўскай вобласці. Ажыццявілі гэта на сродкі, якія паступілі да нас ад членскіх узносаў рыбаловаў-аматараў. З мінулага года дазволілі зарыбленне вадаёмаў фонду запасу. Гэта аб’екты, куды кожны грамадзянін можа прыйсці з вудай і нічога не плаціць за рыбалку. А вось на арэндных існуюць свае правілы.

На вадаёмах фонду запасу бясплатна лавіць рыбу можна на снасці з агульнай колькасцю кручкоў не болей за 5. Ёсць так званыя інтэнсіўныя метады, іх могуць прымяняць толькі члены БТПР. Гэта лоўля на снасці з агульнай колькасцю кручкоў ад 6 да 10, падводнае паляванне і карыстанне так званай «дарожкай». Людзі плацяць штогадовыя членскія ўзносы, за гэтыя грошы мы і зарыбляем вадаёмы.

Пётр, г. Маладзечна: — Хацелася б даведацца пра лёс дзіка. Ці будзе адноўлена папуляцыя гэтага віду пасля эпідэміі афрыканскай чумы свіней?

— Будзем спадзявацца, што ўсё ж адновіцца. Галоўнае, каб гэтая навала спынілася. Вірус жа можа захоўвацца ў лясной падсцілцы да 80 месяцаў, калі туды не трапляе сонечнае святло. А яшчэ міграцыя звяроў праз мяжу — ім жа не забароніш хадзіць туды-сюды. І калі бушавала чума, у лесе трупаў было шмат. Менавіта таму ўрад тады і прыняў рашэнне істотна знізіць колькасць дзікоў.

Спартыўнае паляванне шмат страціла ад падзення папуляцыі дзіка. Вось і замежныя паляўнічыя сталі прыязджаць да нас радзей. Плацілі яны за права палявання болей, чым беларусы. Але выходзіць з сітуацыі неяк трэба. І таму ў нас распрацавана праграма рассялення аленяў. Гэты від адзін з самых перспектыўных для развядзення, бо, у адрозненне ад іншых аленевых, яго лягчэй выгадаваць, ён ахвотней ідзе на падкормку. Асабліва добрыя мясціны для яго на поўдні краіны. Каля 10 груп аленяў мы завязём сёлета ў нашы вальеры. Налета мы іх выпусцім па ўсёй краіне ва ўгоддзі. Летась жа мы закупілі сто аленяў: у Смалявіцкі і Мінскі раёны. Яны ўжо выпушчаны ў лясы нашых гаспадарак. Атрымалі ад іх і прыплод.

Кар. Звязды: — Наколькі ў краіне развіта выкарыстанне паляўнічых птушак?

— Масавага захаплення імі няма. Адзінкавыя экзэмпляры зарэгістраваны па ўсёй краіне. Але мы падтрымліваем гэтыя пачынанні. Неяк гаспадары паляўнічых птушак паехалі нават на адпаведныя спаборніцтвы ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Кацярына, Жыткавіцкі раён — «Згодна з правіламі, арандатары рыбалоўных угоддзяў абавязаны ствараць умовы для рыбнай лоўлі. Што ўваходзіць у пералік гэтых умоў?

— Арандатар заключае адпаведную ўмову, у якой яны прапісаны. Самае галоўнае — гэта зарыбленне вадаёма, уладкаванне стаянак для аўтамабіляў і месцаў адпачынку людзей. Але людзі часта абураюцца. На закрытым вадаёме лёгка пракантраляваць зарыбленне. Вадаём адкрыты зарыбіць куды складаней. Незразумела, куды пойдзе рыба. На той жа Прыпяці ёсць месцы, дзе рыба пастаянна прысутнічае. І людзі задаюцца пытаннем: а што арандатар увогуле робіць? Ды яшчэ і тарыфы паднімае, просячы 400-500 тысяч рублёў за дзень рыбалкі. Таму ў краіне неяк разглядалася пытанне пераходу да квот на рыбалку з той умовай, каб у арэнду аддаваць вадаёмы толькі для прамысловай лоўлі.

Сяргей, г. Мінск: — Два гады таму ўздымалася пытанне аб тым, каб зрабіць рыбалку ў краіне платнай. Нядаўна з’явілася інфармацыя, што ў Беларусі створана рабочая група па ўвядзенні абавязковай платы за рыбалку. Што яшчэ робіцца ў гэтым кірунку?

— Прыйшлі да высновы, што гэтыя захады пакуль несвоечасовыя і лепш пакінуць сітуацыю як ёсць. За «інтэнсіўныя спосабы» лоўлі людзі плацяць членскія ўзносы. Раней жа можна было бясплатна рыбачыць на снасці з агульнай колькасцю кручкоў да 10 штук, а вось з мінулага года, калі пачалі дзейнічаць новыя Правілы палявання і рыбалоўства, іх стала ўжо 5. На нашу думку, да гэтага пытання трэба падыходзіць паступова, улічваючы фінансавыя магчымасці грамадзян і маральны аспект. Напрыклад, наступным этапам можа стаць бясплатная лоўля на 1 кручок. Але рабіць гэта трэба толькі пасля абмеркавання з людзьмі.

Наталля, г. Барысаў: — Ці ёсць сярод нашых паляўнічых жанчыны?

— А як жа! І я гэта толькі вітаю. Аднак іх у нас няшмат. Добра, што наша прыгожая палова лічыць, што паляванне — гэта не забойства, а хобі. Вось у нас нядаўна стала кваліфікаванай паляўнічай галоўны рэдактар газеты «Паляўнічы і рыбалоў». А, напрыклад, у Латвіі галоўны рэдактар тамтэйшага паляўнічага часопіса — заўзятая паляўнічая.

Увогуле ж многія выказваюць прэтэнзіі да паляўнічых: маўляў, шкада нейкую птушку ды звера. А што ж яны зрабілі для іх, акрамя жалю? Паляўнічыя ж робяць для лясных насельнікаў куды больш. Летась, напрыклад, уладкавалі па рэкамендацыі Акадэміі навук звыш 5 тысяч штучных гнёздаў для вадаплаўных птушак.

Кар. «Звязды»: — Ці праводзіцца дыстанцыйнае навучанне паляўнічых праз інтэрнэт?

— Праводзіцца, але мы лічым, што трэба адыходзіць ад схемы навучання кшталту «здаў іспыты і атрымаў пасведчанне».

Практыка паказала, што будучыя паляўнічыя імкнуцца ўвесь час вучыцца. Раней існавала добрая практыка. Чалавек, перш чым атрымаць права на паляванне, год удзельнічаў ва ўсіх паляўнічых мерапрыемствах. Гэта трэба было для таго, каб патэнцыяльны паляўнічы вырашыў для сябе: падабаецца яму такі занятак або не. Усяго ж у падручніках не прадугледзіш. Ёсць і няпісаныя правілы этыкі.

— А ці будуць вучыць у Беларусі рыбаловаў? У краінах Заходняй Еўропы такая практыка ёсць.

— Рыбаловы ў нас, на жаль, застаюцца аматарамі-самавучкамі. Хіба што падчас спаборніцтваў праводзяцца майстар-класы. Але, на наш погляд, гэтым пытаннем трэба было б заняцца. Балазе ў шматлікіх краінах такая практыка існуе. У Германіі, напрыклад, рыбак, перш чым атрымаць дазвол, мусіць прайсці вучобу.

— Ці існуюць у краіне фермы па развядзенні дзічыны?

— Так. Такія фермы актыўна працуюць у Мінскай, Гродзенскай абласцях. Яны адносяцца як да Таварыства паляўнічых і рыбаловаў, так і да прыватнай формы ўласнасці. На Віцебшчыне ёсць ферма па гадоўлі аленяў. Іх гатовы прадаваць гаспадаркам. Ёсць і ў нашым таварыстве планы па стварэнні аналагічнай фермы, зараз прапрацоўваюцца рабочыя пытанні, звязаныя з ёй. Гадаваць тут плануецца фазанаў, курапатак, а таксама зайцоў, але з імі цяжэй. У дзікую прыроду таго ж зайца-русака не выпусціш, ён хутка становіцца аб’ектам здабычы для многіх драпежнікаў. Ды і курапаткі, якіх выпускаюць пасля таго, як іх вырасцілі ў няволі, таксама напаўручныя. Мы ж глядзім на сербскі прыклад. У гэтай краіне даўняя традыцыя — масавае паляванне на фазана. І сербы стварылі цэлую сістэму: буйныя фермы гадуюць фазанаў, якіх пасля купляюць дробныя гаспадаркі.

— Наколькі актуальная праблема браканьерства пасля таго, як уступілі ў дзеянне новыя Правілы палявання і рыбалоўства?

— Яны ўскладнілі ім жыццё. Раней жа было як: калі браканьера лавілі са здабычай, ён адгаворваўся — маўляў, знайшоў на дарозе. Ці ўвогуле даходзіла да таго, што браканьеры дзяліліся на дзве групы. Адна звяроў забівала, іншая, без зброі, іх забірала з сабой. А цяпер норма правілаў памянялася: знайшоў забітую жывёлу — не маеш права яе чапаць.

Іван, горад Гродна: — Лета ў Беларусі выдалася вельмі спякотным. Узровень вады падаў катастрафічна. Ці не выклікала гэта мор рыбы?

— Не. Былі выпадкі, што рыба гінула ў старыцах праз недахоп вады. Але паверце, куды больш небяспечны час для рыбы — гэта вясна. Вялікая вада залівае паплавы і трымаецца там доўгі час. Расліннасць пачынае гніць у вадзе. Гэты працэс паглынае шмат кіслароду.

Кар. «Звязды»: — Якія змены Таварыства паляўнічых і рыбаловаў прапануе ўнесці ў Правілы палявання і рыбалоўства?

На жаль, сёння паляўнічы часцяком адарваны ад вядзення паляўнічай гаспадаркі. Ён дэ-факта сёння — спажывец. Прыйшоў у гаспадарку, дзень папаляваў і паехаў, і яго зусім не цікавіць, як гадуецца звер. Але цяпер са змяншэннем колькасці дзікоў даходы ў гаспадарак знізіліся.

У Літве, Эстоніі, Польшчы існуюць паляўнічыя гурткі, якія займаюць пэўную тэрыторыю. Яны там самі гадуюць звяроў і палююць на іх пасля. Каб туды зайсці са стрэльбай, трэба пытаць іх дазволу. Невялічкая Эстонія здабывае ласёў у два разы больш, чым Беларусь, хоць паляўнічыя ўгоддзі гэтай прыбалтыйскай краіны ў тры разы меншыя, чым у нас.

Ёсць у нашых Правілах палявання і трактоўкі, якія з юрыдычнага пункту гледжання правільныя, а з маральнага? За незаконную здабычу лася браканьер атрымлівае штраф у 300 базавых велічынь. І кіраўнік гаспадаркі, які дапусціў нейкую памылку ў справаздачнасці, атрымлівае таксама такі штраф. Але ж у большасці выпадкаў гэта недапрацоўка праз чалавечы фактар. У таварна-транспартную накладную на любым прадпрыемстве можна паставіць штамп «Папраўленаму верыць». Папера з гэтым штампам не прызнаецца незаконнай здзелкай. Чаму ж не распаўсюдзіць такі прынцып на паляўнічых і рыбаловаў?

Валяр’ян Шкленнік, «Звязда» ад 14 лістапада 2015 г.