/ / Общественно-политические и в области права
18.11.2015

Разабрацца і дапамагчы. Прамая лінія з Мікалаем Мельчанкам, намеснікам Міністра ўнутраных спраў – начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі

Прамая лінія з Мікалаем МЕЛЬЧАНКАМ, намеснікам Міністра ўнутраных спраў – начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі, у рэдакцыі «Звязды» прайшла вельмі актыўна. Цягам дзвюх гадзін нашы чытачы пыталіся і аб паркоўках на зялёных зонах, і аб шумных суседзях, футбольных балельшчыках. Як запэўніў намеснік міністра, кожнае пытанне ў міліцыі абавязкова вывучаць і пастараюцца дапамагчы. А пакуль прапануем адказы на найбольш актуальныя з іх.

— Мікалай Аляксандравіч, пачаць нашу прамую лінію хацелася б пытаннем ад «Звязды». На жаль, узнікла яно па віне тых, хто датычны да тэракта ў Парыжы. Ці будзе наша міліцыя з прычыны інцыдэнту ў Францыі ўзмацняць нясенне службы?

— У сувязі з трагедыяй у Парыжы органы ўнутраных спраў Беларусі прымаюць адэкватныя меры. Здавалася б, Францыя знаходзіцца ад нас далёка, але гэта не азначае, што мы не будзем рэагаваць. У месцах масавага знаходжання людзей узмоцнена нясенне службы міліцыі. Больш актыўна праводзяцца даглядныя мерапрыемствы, асабліва на чыгуначных вакзалах, аўтастанцыях, у метрапалітэне. Мы не павінны расслабляцца і мусім быць больш пільнымі. Хацелася б адчуць гэтую пільнасць і ад нашых грамадзян. Самі разумееце, у кожным куце супрацоўнікаў міліцыі не расставім. І людзі павінны з разуменнем ставіцца да гэтых мер.

Надоечы мы атрымалі паведамленне аб замініраванні станцыі метро «Магілёўская». І ў тым ліку дзякуючы пільнасці нашых грамадзян мы выявілі, выкрылі правапарушальніка, які паведаміў заведама лжывую інфармацыю, за што ён панясе ўстаноўленую законам адказнасць. Мы ўдзячныя за гэта нашым грамадзянам.

Як бачна, прафілактычная праца і органаў унутраных спраў, і іншых сілавых ведамстваў прыносіць свае вынікі.

— Добры дзень, Мікалай Аляксандравіч. На сувязі Гарадок, Віцебская вобласць. Звяртаюся да вас з наступным пытаннем. Ужо даўно хачу ўсталяваць ахоўную сігналізацыю ў драўляным бацькоўскім доме. Людзей у акрузе жыве мала, і пакідаць яго без нагляду мне не хочацца. Падкажыце, а ці можна ставіць сігналізацыю ў драўляных дамах? Ці рэагуюць датчыкі на мышэй і хатнюю жывёлу? Колькі будзе каштаваць усталяванне падобнай прылады?

— Перад тым, як усталёўваць ахоўную сігналізацыю, неабходна напісаць адпаведную заяву ў тэрытарыяльны орган Дэпартамента аховы альбо ў дзяжурную часць міліцыі. У абсталяванні дамоў сігналізацыяй ёсць некаторыя нюансы. Таму пасля атрымання заявы камісія Дэпартамента аховы даследуе дом, вывучыць месцазнаходжанне праёмаў, вызначыць колькасць датчыкаў для ўсталявання. І толькі пасля заключэння камісіі будзе сфарміраваны агульны кошт паслугі. Што тычыцца хатніх гадаванцаў, па жаданні заяўніка можна ўсталяваць адмысловыя датчыкі, якія не будуць рэагаваць на рухі жывёл.

* * *

— …Тэлефаную вам з пасёлка Копысь, што ў Аршанскім раёне. Мяне вось што хвалюе. У нас пражывае грамадзянін Украіны. Ён прыехаў з Адэскай вобласці. Здымае жыллё, працуе загадчыкам гаспадаркі ў мясцовай школе. Ён — матэрыяльна адказны чалавек, ад яго шмат што залежыць. Але самае галоўнае, што ён з 3 жніўня не мае рэгістрацыі па месцы знаходжання. Зарэгістраваны па месцы жыхарства ў Магілёўскай вобласці. Вось яму і кажуць, каб з’ездзіў туды, аформіўся і вярнуўся назад. Усе мусяць быць зарэгістраваны па месцы знаходжання…

— Вы правільна гаворыце. Замежнік у пэўнай ступені абмежаваны ў сваіх перамяшчэннях. І там, дзе пражывае, ён павінен быць зарэгістраваны. У Оршы працуюць спецыялісты падраздзялення па грамадзянстве і міграцыі РАУС, да якіх трэба звяртацца з падобнымі пытаннямі. Я запісаў вашыя даныя, дам даручэнне, і вашу інфармацыю правераць. На свой запыт вы абавязкова атрымаеце адказ.

* * *

— Па старой звычцы не нашу флікер. Ды і не патрэбны ён мне, калі ўсё абыходзіцца. Але мае знаёмыя папярэджваюць, што за адсутнасць флікера на адзенні ў цёмны час сутак супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі могуць і аштрафаваць. Ці праўда гэта?

— Безумоўна. Паводле пункта 17.1 главы №4 Правілаў дарожнага руху, пешаход, які рухаецца па краі праезнай часткі абавязаны абазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі. Калі ён гэтага не робіць, супрацоўнік Дзяржаўтаінспекцыі (альбо любы іншы ўпаўнаважаны) мае права скласці пратакол і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Штраф — ад адной да трох базавых велічынь. А калі пешаход яшчэ і п’яны, адказнасць павялічваецца да пяці базавых.

* * *

— Вітаю, тэлефануе вам Валерый, жыхар сталіцы. На вуліцы Якуба Коласа — складаная сітуацыя. Даволі часта тут адбываюцца дарожна-транспартныя здарэнні на пуцях, праз якія спыняецца рух грамадскага транспарту, прадстаўленага там толькі трамваем. Да таго ж першая паласа на ўчастках вуліцы Коласа запаркавана асабістым аўтатранспартам, які звужае колькасць палос для руху да дзвюх. Як вырашыць падобную праблему з улікам таго, што вуліца Коласа магістральная, паўнацэнных дублёраў не мае?

— Найперш трэба дасягнуць максімальнага выканання Правілаў дарожнага руху ўсімі ўдзельнікамі. Там, дзе паркоўка не дазволена, супрацоўнікі ДАІ прымаюць адпаведныя меры. Калі аўтамабіль перашкаджае руху, яго эвакуіруюць. За размяшчэнне машыны на штрафстаянцы нядобрасумленны вадзіцель павінен заплаціць адпаведную суму грошай у залежнасці ад часу, які аўто там правяло. Раней пры планаванні вуліц не задумваліся, што праз пэўны час у горадзе з’явіцца столькі аўтамабіляў. Таму гарадскія ўлады, архітэктурнае ўпраўленне зараз праектуюць праезную частку з улікам таго, каб у перспектыве затораў на іх не было. Менавіта ў своечасовым комплексным планаванні забудовы вуліц, праезных частак я і бачу рашэнне падобнай праблемы. Сёння, дарэчы, у новых раёнах ужо робяць спецыяльныя палосы руху, на якія можна заехаць і не ствараць перашкод для прамога руху транспарту.

* * *

— Суседзі, якія жывуць над нашай кватэрай, ужо надакучылі! Пастаянна нешта рамантуюць па выхадных. А ў нас вельмі чуйна спіць дзіця. Я ўжо пагражала выклікаць міліцыю, аднак яны толькі ўсміхаюцца, кажуць, што пастараюцца не шумець, і зноў працягваюць. Што рабіць у падобных сітуацыях?

— Па гэтым пытанні звяртацца ў органы ўнутраных спраў можна, але наводзіць парадак там, дзе шумяць, — гэта не задача міліцыі. Тым больш у вашай сітуацыі гаворка ідзе пра бытавы шум. Згодна з Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў, зацверджанымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 21 мая 2013 г. №399, бытавыя (рамонтныя) работы павінны выконвацца з 7 да 23 гадзін. Гэта тычыцца шматпавярховых будынкаў жылой забудовы. І калі жыхары не прытрымліваюцца правілаў, чалавек, паўтаруся, мае права пазваніць у міліцыю. Мы заяву прымем, зарэгіструем, але пасля пераадрасуем у падраздзяленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якое мае права складаць адміністрацыйныя пратаколы. Такім суседзям пагражаюць штрафы да трыццаці базавых велічынь, а фізічным асобам — да пяцідзесяці.

Акрамя таго, у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2013 г. №384 забаронена выконваць у выхадныя і святочныя дні працу па перабудове ці перапланіроўцы, а таксама будаўніча-мантажныя работы пры рэканструкцыі жылых памяшканняў, якія ствараюць шум альбо вібрацыю.

— А ці ёсць забаронныя меры ў дачыненні да курыльшчыкаў у грамадскіх месцах? Ці дзейнічаюць яны? Напрыклад, у пад’ездах. Шчыра кажучы, праблема актуальная. Хвалюе, напэўна, многіх.

— Праблема сапраўды актуальная, і адпаведныя нарматыўныя меры ўжо прыняты. Адміністрацыйная адказнасць для тых, хто паліць у забароненых месцах, — да чатырох базавых. І паўнамоцтвы на складанне пратаколаў мы маем. Калі вы становіцеся сведкам падобных фактаў, можаце звяртацца і да нас, і ў прадпрыемствы камунальнай гаспадаркі.

— Дзякуй за адказы. Буду ведаць.

* * *

— Мікалай Аляксандравіч, ці распрацоўваецца ідэя платных парковак у мінскіх дварах шматпавярховых будынкаў? Атрымліваецца, што аўтамабілісты займаюць зямлю, якая належыць гораду, і нічога за гэта не плацяць.

— Над падобным пытаннем мы ўжо разважалі, але яно не ў нашай кампетэнцыі. Пэўныя прапановы мы можам унесці, аднак рашэнні аб платных і бясплатных паркоўках прымаюць адміністрацыі раёнаў, хаця і абмяркоўваюць іх з ДАІ. Наколькі я ведаю, падчас будаўніцтва новых раёнаў плануюць і платныя стаянкі, якіх Мінску, будзем казаць шчыра, пакуль не хапае. У нас на адну тысячу чалавек 300-400 транспартных сродкаў. Пры такіх паказчыках месца ўсім хапаць не будзе. Рашэнне гэтай праблемы я бачу ў будаўніцтве шматузроўневых парковак. І іх у нашай сталіцы ўзводзяць даволі актыўна.

— Ці ўзмацнілі ў нашай краіне адказнасць за размову па мабільным тэлефоне падчас кіравання аўтамабілем?

— Пры першым зафіксаваным выпадку размовы за рулём аўтамабіліст мусіць заплаціць штраф памерам да дзвюх базавых велічынь. Калі чалавек прызнае сваю віну, ён, верагодна, заплаціць 90 тысяч рублёў — палову базавай велічыні. Паўторны штраф складзе ад дзвюх базавых. Гэтыя змяненні ўнеслі ў закон яшчэ ў лістападзе 2010 года. Апошнім часам нічога не мянялася. І пакуль не плануецца. Гэтай адказнасці дастаткова. Хаця людзі, безумоўна, працягваюць кіраваць аўтамабілем і паралельна размаўляць па тэлефоне. Праўда, многія карыстаюцца адмысловымі гаджэтамі, навушнікамі, што законам не забаронена. Але ў любым выпадку пры размове па тэлефоне кіроўца нярэдка губляе пільнасць, увагу, з прычыны чаго часам адбываюцца даволі сур’ёзныя дарожна-транспартныя здарэнні.

* * *

— Добры дзень, тэлефануе Антон з Мінска. Скажыце, ці павінны інкасатары ездзіць з сірэнай? Аднойчы, у раёне плошчы Мяснікова, калі пераходзіў дарогу на зялёнае святло, ледзь не трапіў пад іх машыну. Ехалі яны без уключанай сірэны.

— Машыны інкасацыі абсталяваны аранжавымі маячкамі, што аўтаматычна не дае ім перавагі. Яе маюць дарожныя службы, і толькі ў тым выпадку, калі праводзяць адмысловыя работы. У гэтым канкрэтным выпадку інкасатары павінны былі прапусціць пешахода, а ўжо пасля рухацца далей. Трэба было званіць на нумар 102, адразу выклікаць Дзяржаўтаінспекцыю. Факт правапарушэння ў вашай гісторыі прысутнічае. І падобнае замоўчваць не трэба. Абавязкова рэагуйце.

— Дзякуй за параду.

* * *

— Ці можна перавозіць дзіця без аўтакрэсла ў кабіне грузавой машыны?

— Гэтае патрабаванне Правілаў дарожнага руху распаўсюджваецца на легкавыя аўтамабілі, абсталяваныя рамянямі бяспекі. Што тычыцца таксістаў, ім дазволена перавозіць малых без аўтакрэслаў, але заказчык усё ж такі мусіць папярэджваць аб тым, што паедзе з дзіцем.

— Нам, дарэчы, даслалі пытанне, звязанае з таксі. Цытую ў скарочаным варыянце: «Чым таксі ў гэтым пытанні адрозніваюцца ад астатніх машын? У Германіі таксіст, якога не папярэдзілі аб тым, што паедуць малыя, можа адмовіцца ад замовы».

— Я лічу, што гэта няправільна. Выпадкі розныя бываюць. Калі перавозчык адмаўляецца ад заказу, ён стварае пэўныя нязручнасці заказчыку. Уважлівым бацькам проста трэба самім патэлефанаваць і папрасіць машыну з аўтакрэслам.

* * *

— Добры дзень, я пенсіянер. Звяртаюся да вас з пытаннем, якое хвалюе мяне ўжо даўно. Жыву ў «маладым» доме. У нас шмат вяселляў, і ўсе гэтыя картэжы каля пад’ездаў ужо надакучылі. Па-першае, не прайсці, па-другое, загароджваюць праезд тым жа камунальшчыкам, машынам хуткай дапамогі. Вы змагаецеся з гэтай праблемай? Альбо даруеце ім правіны? Мне людзі кажуць проста: «Навошта бурчыш, у людзей свята!»

— Гэта жыццёвая сітуацыя. Я, напрыклад, сур’ёзнага парушэння ў ёй не бачу, але, калі скаргі ёсць і картэж перашкаджае камунальным службам, ён падпадае пад адміністрацыйную адказнасць. Аднак, калі гэты эскорт стаіць максімум 10-15 хвілін, а госці паводзяць сябе прыстойна, выбачаюцца за нязручнасці, асаблівай праблемы няма.

* * *

— Мікалай Аляксандравіч, ці існуе градацыя штрафаў у залежнасці ад таго, хто больш вінаваты ў парушэнні Правілаў дарожнага руху? Машынам хуткай дапамогі часта перашкаджаюць аўто, якіх шмат у дварах. А важнай з’яўляецца кожная секунда. Аўтамабіляў, прыпаркаваных не па правілах, хапае, аднак, па сутнасці, вінаватыя толькі некалькі кіроўцаў…

— У Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях ёсць артыкул, у якім вызначаны моманты, што змякчаюць адказнасць. Напрыклад, цяжарнасць, прызнанне сваёй віны, неабходнасць… Але, калі чалавек робіць гэта свядома, злы намер у яго дзеянні прысутнічае. Паркоўка аўтамабіля ў забароненым месцы — гэта ўжо парушэнне. Рашэнне прымаецца ў залежнасці ад сітуацыі, у якой трэба глыбока разбірацца. І мы арыентуем у гэтым супрацоўнікаў ДАІ.

Дарэчы, карыстаючыся магчымасцю, хачу нагадаць аўтамабілістам, што з 1 снежня іх машыны ўжо павінны быць «пераапрануты» ў зімовую гуму. Пастаўцеся да гэтага з разуменнем. Тым больш законам за падобнае парушэнне прадугледжана адказнасць у выглядзе папярэджання альбо штрафу да адной базавай велічыні. Пры паўторным выпадку — ад дзвюх да пяці базавых велічынь.

* * *

— Мікалай Аляксандравіч, мяне пераадрасавалі на прамую лінію, сказалі, што вы можаце дапамагчы ў вырашэнні пытання.

— Якога?

— Звязанага з паркоўкай на зялёнай зоне. Жыву ў Мінску ў Маскоўскім раёне, на вуліцы Слабадскі праезд. Мы пісалі пісьмо ў ЖЭС, я збірала подпісы… Мне сказалі, што тэрыторыя каля дома ў кампетэнцыі «Зялёнбуда», аднак там са мной размаўляць адмовіліся. Быў суботнік, але з гэтай арганізацыі на яго ніхто не выйшаў! Учора на зялёнай зоне стаяла шэсць машын. У мяне нават каталог сабраўся з фотаздымкамі. А ў міліцыі на мой званок сказалі: «А куды людзям ставіць машыны?!»

— Няправільна вам адказалі. Што тычыцца ЖЭСа, яны там могуць проста туі пасадзіць, каб прадухіліць заезд машын на газон. Так робяць у іншых дварах. Я на гэтае пытанне абавязкова адрэагую і пастараюся вам дапамагчы.

* * *

— Мікалай Аляксандравіч, добры дзень. Турбуе вас Таццяна з Барысава. Прычына майго званка наступная. Суседка зверху моцна п’е. Змагаюся з ёй з мая. Да яе пастаянна прыходзяць новыя асобы. Гуляюць усю ноч. Гэтым разам я і не спала. Нават не ведаю, куды мне звяртацца. Выклікала міліцыю. Але пасля таго, як праваахоўнікі сышлі, яны працягнулі адпачываць. Можа, падкажаце, куды ісці?

— Міліцыя гэты факт зафіксавала?

— Так. Летам нават штраф далі. П’е пастаянна.

— Каб не кідаць словы на вецер, давайце я дам даручэнне. Сітуацыю вывучаць. І я мяркую, што на працягу года ў дачыненні яе яшчэ прымуць меры. Пасля атрымаеце адпаведнае паведамленне. Калі будуць шалець далей, выклікайце міліцыю. Думаю, мы вам дапаможам.

— За такія выпадкі чалавека можна выселіць са свайго жылля?

— Можна. Толькі для гэтага павінна назбірацца пэўная колькасць парушэнняў правілаў карыстання жылымі памяшканнямі. Пасля ЖЭС рыхтуе іскавую заяву і накіроўвае ў суд. Там прымаюць выніковае рашэнне. Калі чалавека высяляюць, яму прапаноўваюць жыллё, але з горшымі ўмовамі. Падобная схема дзейнічае і ў дачыненні тых, хто мае вялікую запазычанасць па кватэрнай плаце.

* * *

— Прамая лінія? Добры дзень усім. Мяне завуць Ганна Іванаўна, я з Чэрвеня. Чула ад знаёмых, што хутка можна будзе мяняць старыя грошы на новыя. Праўду кажуць?

— Ганна Іванаўна, гэта ашуканства. Абвесткі і прапановы аб абмене грошай сапраўды з’яўляюцца, але гэта робяць махляры. Дэнамінацыя на тэрыторыі нашай краіны пройдзе 1 ліпеня 2016 года, і загадзя банкноты мяняць ніхто не будзе. Але, на жаль, некалькі фактаў падобнага ашуканства нам ужо вядомы. Таму будзьце ўважлівыя і пільныя.

* * *

— Вітаю вас. Мяне завуць Аляксандр, тэлефаную са Смалявіцкага раёна. Зараз футбольныя клубы спрабуюць арганізоўваць свае суполкі балельшчыкаў. Сёлета на сустрэчу жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ» з заўзятарамі завітаў праваахоўнік. Атрымліваецца, міліцыя таксама ў гэтым працэсе ўдзельнічае? Можа і адсочваеце самых актыўных балельшчыкаў?

— Так, я не буду раскрываць аператыўныя напрацоўкі, але некаторых з кіраўнікоў клубаў балельшчыкаў мы ведаем, кантактуем з імі. Што да сустрэч з футбольнымі аматарамі, яны часцяком адбываюцца напрыканцы ці на пачатку сезона. Міліцыянераў таксама запрашаюць. Знайсці адказы на набалелыя пытанні стараюцца ў нармальных, спакойных умовах. Мы толькі станоўча адгукаемся на падобныя прапановы. Дарэчы, усе падобныя пытанні мы агаворваем у прысутнасці Сяргея Румаса, кіраўніка футбольнай федэрацыі Беларусі, Ігара Шуневіча, міністра ўнутраных спраў. Працу з фанатамі заўжды трымаем на кантролі. Найбольш актыўныя з іх, хто быў заўважаны ў правапарушэннях, стаяць на нашым уліку, кантролі.

Гэта вельмі важная праца. І тыя футбольныя клубы, якія сябе паважаюць, павінны арганізавана займацца сваімі заўзятарамі. Усё павінна быць цывілізавана. Што тычыцца сёлетніх інцыдэнтаў, яны, на маю думку, раздуваюцца. Там вельмі шмат неправераных фактаў, а з боку балельшчыкаў за праўду выдаецца суб’ектыўнае меркаванне. А канфлікт, магчыма, не цягне на гэта, яго можна вырашыць непасрэдна на месцах. Так, згодны, у некаторых рашэннях праваахоўнікаў прысутнічае чалавечы фактар. Але паверце мне, на кожных інструктажах мы папярэджваем міліцыянераў, каб ніякага хамства, пагарды ў дачыненні да балельшчыкаў не было. Мне падаецца, што з заўзятарамі больш павінны працаваць непасрэдна клубы, федэрацыя, каб на трыбунах не было лаянкі, ганебных лозунгаў. І каб больш да нас не ўзнікала падобных пытанняў, мы хочам хадайнічаць аб вывядзенні супрацоўнікаў міліцыі непасрэдна з чашы стадыёна, дзе працаваць павінны падрыхтаваныя сцюарды. Ну, а ахову правапарадку мы будзем ажыццяўляць на подступах да спартыўных арэн. І ў выпадку ўскладненняў акажам дапамогу адміністрацыі стадыёнаў. А пакуль законам вызначана, што непасрэдна мы павінны несці службу на трыбунах.

— Сярод гледачоў хапае тых, хто прыходзіць на футбол сем’ямі. Але ёсць эмацыйныя балельшчыкі, якія пры падтрымцы каманды могуць перайсці і на лаянку. Як мне падаецца, зразумець тут можна ўсіх. Адны бароняць ад пахабшчыны дзяцей, лічаць, што за гэта трэба штрафаваць, а другія проста вельмі любяць сваю каманду…

— Там, дзе дзеянні адных грамадзян парушаюць спакой іншых, падобнае трэба спыняць. Тут усё залежыць ад культуры чалавека. Я пільна сачу за развіццём спартыўнага заўзятарства. Вы ж памятаеце, што раней было ў Англіі? Там фанаты біліся паміж сабой. А цяпер падобнага амаль няма. З трыбун прыбралі агароджы. І гэтага дасягнулі таксама дзякуючы заканадаўчым рашэнням. Чалавеку, які ў Вялікабрытаніі сваімі паводзінамі трапляе пад увагу праваахоўных органаў, забаронена наведваць футбол.

* * *

— Сама я жыву ў Гродне, а справа тычыцца майго сына. Ён зараз знаходзіцца ў папраўчай калоніі ў Глыбокім. Ужо два гады там. Праўда, судзімасць у яго ўжо не першая. Пастаянна кудысьці ўлазіў з сябрамі. Калі магчыма, дапамажыце яго перавесці ў іншае месца. Ён сябе добра паводзіць, характарызуецца таксама добра…

— І куды вы хочаце, каб яго перавялі?

— Куды-небудзь бліжэй. Я хворы чалавек — пасля інфаркту. Можа, трэба якія-небудзь даслаць дакументы?

— Пытанне з пераводам проста не вырашаецца. Я перадам ваш зварот у Дэпартамент выканання пакаранняў. Там пытанне вывучаць, і на яго вам дашлюць грунтоўны адказ аб магчымасці і мэтазгоднасці пераводу вашага сына.

* * *

— Вітаю. Калі ласка, падкажыце, ці ёсць заканадаўчая база, якая дазваляе агляды пасажыраў у метрапалітэне?

— Так, і іх робяць паводле законаў «Аб органах унутраных спраў» і «Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў». Там усё прадугледжана. І грамадзяніну, які не прайшоў агляд у метро, могуць не дазволіць скарыстацца падземным транспартам. Праўда, падобных выпадкаў я не памятаю. Гэта ж робіцца для бяспекі самога чалавека.

Тарас Шчыры,«Звязда» ад 18 лiстапада 2015 года