/ / Общественно-политические и в области права
25.11.2015

Андрэй Наумовiч: «Міжнародныя арганізацыі высока ацэньваюць нашы дзеянні па прыёме вымушаных мігрантаў»

Новая рэдакцыя міграцыйнага заканадаўства нашай краіны прадугледжвае, што замежнікі, якія маюць статус бежанца, атрымаюць роўныя з грамадзянамі Беларусі правы на медыцынскае абслугоўванне. Акрамя гэтага, пэўным групам вымушаных мігрантаў у нашай краіне прасцей будзе рэалізаваць сваё права на працаўладкаванне. Пра іншыя асаблівасці праекта закона «Аб унясенні змен і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях вымушанай міграцыі», супрацоўніцтва з міжнароднымі структурамі падчас падрыхтоўкі законапраекта, а таксама пра тое, ці ёсць выйсце з міграцыйнага крызісу, з якім сутыкнулася Заходняя Еўропа, карэспандэнту «Звязды» расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Наумовіч.

— Законапраект паступіў у вашу камісію летам гэтага года. У чым заключаюцца асноўныя новаўвядзенні?

— Асноўная навацыя — укараненне адзінай працэдуры прыёму і разгляду хадайніцтва аб прадастаўленні статусу бежанца, дадатковай абароны або прыстанішча ў нашай краіне. Праект закона прадугледжвае прывядзенне некаторых прававых палажэнняў у адпаведнасць з Канвенцыяй 1951 года аб статусе бежанцаў, удзельніцай якой з’яўляецца і Рэспубліка Беларусь.

У прыватнасці, прапануецца ўраўнаваць з грамадзянамі нашай краіны замежнікаў, якім прадастаўлены статус бежанца, у праве на медыцынскае абслугоўванне. Прадугледжаны таксама змены, накіраваныя на садзейнічанне рэалізацыі правоў на працаўладкаванне замежнікаў, якія хадайнічаюць аб абароне, і замежнікаў, якім прадастаўлена дадатковая абарона ў Рэспубліцы Беларусь. Удакладнены парадак уз’яднання з сям’ёй іншаземцаў, якім дадзены статус бежанца, дадатковая абарона або прыстанішча.

— Якія змены былі ўнесены ў законапраект падчас яго абмеркавання?

— Для нас было вельмі важна правесці шырокае абмеркаванне законапраекта з удзелам міжнародных экспертаў, прадстаўнікоў навуковай супольнасці, грамадскіх арганізацый, каб паглядзець на праблематыку вымушанай міграцыі ў міжнародным кантэксце, абагуліць той вопыт у гэтай сферы, які ў нас ёсць, а таксама абмеркаваць магчымыя прапановы па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы прыёму і размяшчэння асоб, што шукаюць прыстанішча.

У верасні гэтага года сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам быў арганізаваны «круглы стол» па пытаннях вымушанай міграцыі, шэраг іншых мерапрыемстваў. Такія абмеркаванні паказалі, што ўнесены ў Палату прадстаўнікоў законапраект падрыхтаваны на высокім прафесійным узроўні, адпавядае міжнародным абавязацельствам нашай краіны.

Натуральна, няма мяжы дасканаласці. У прыватнасці, ёсць шэраг прапаноў, накіраваных на дадатковую абарону правоў дзяцей, што падпадаюць пад дзеянне законапраекта. Але канцэптуальных заўваг не паступіла, і мы плануем улічыць прапановы, якія паступілі падчас падрыхтоўкі законапраекта да другога чытання.

— За гэты і мінулы год у нашу краіну прыбыло шмат бежанцаў. Ці даводзілася вам асабіста сустракацца з гэтымі людзьмі? Наколькі праект закона адпавядае іх патрэбам, жаданням?

— Спачатку вызначымся з тэрмінамі. У Рэспубліцы Беларусь статус бежанца даецца замежнаму грамадзяніну з-за таго, што той можа стаць ахвярай пераследаванняў у сваёй дзяржаве па прыкмеце расы, веравызвання, грамадзянства, нацыянальнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або з-за палітычных перакананняў. З 1 студзеня мінулага года па 1 верасня гэтага статус бежанца ў нашай краіне атрымалі 38 чалавек, і сярод іх няма ніводнага грамадзяніна Украіны.

У той жа час існуе паняцце дадатковай абароны. У нашай краіне яна прадастаўляецца ў тым ліку замежным грамадзянам або асобам без грамадзянства, якія пры вяртанні ў сваю краіну могуць сутыкнуцца з пагрозай жыццю — па прычыне ўзброенага канфлікту.

З першага студзеня мінулага года па першага верасня гэтага года дадатковую абарону ў Беларусі атрымалі 896 чалавек, з іх 809 грамадзян Украіны.

Законапраект прадугледжвае больш поўную абарону правоў асоб, якія атрымалі статус бежанца або маюць патрэбу ў дадатковай абароне ў нашай краіне.

Безумоўна, падчас сустрэч у сваёй выбарчай акрузе я сустракаўся з перасяленцамі з Украіны. Усе яны ўдзячны беларускай дзяржаве і людзям за дапамогу ў няпростай сітуацыі. У сувязі з гэтым неабходна падкрэсліць своечасовасць Указа Прэзідэнта ад 30 жніўня мінулага года №420 «Аб знаходжанні грамадзян Украіны ў Рэспубліцы Беларусь». Указ прадугледжвае шэраг мер падтрымкі ў дачыненні да грамадзян Украіны, якія прыбываюць з Данецкай і Луганскай абласцей. Павінен таксама адзначыць, што прадстаўнікі міжнародных арганізацый, з якімі мне даводзілася размаўляць, вельмі высока ацэньваюць дзеянні беларускіх улад па прыёме на сваёй тэрыторыі перасяленцаў з Украіны.

— У нашай краіне працуе прадстаўніцтва Кіраўніцтва вярхоўнага камісара па справах бежанцаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (КВКБ ААН). Як ваша Камісія, другія распрацоўшчыкі праекта закона супрацоўнічаюць з гэтай арганізацыяй?

— Асноўнай мэтай працы Кіраўніцтва вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў з’яўляецца здзяйсненне і каардынацыя міжнародных дзеянняў па забеспячэнні абароны бежанцаў ва ўсіх кутках свету. Таму натуральна, што для беларускіх органаў улады КВКБ ААН з’яўляецца асноўным міжнародным партнёрам пры вырашэнні пытанняў, звязаных з забеспячэннем правоў вымушаных мігрантаў.

Мы вельмі ўдзячны прадстаўніцтву КВКБ ААН за значную экспертную дапамогу, якую атрымліваў і атрымлівае беларускі бок на працягу ўсяго перыяду працы над законапраектам. Пры гэтым такое супрацоўніцтва пачалося з самай першай стадыі падрыхтоўкі законапраекта — задоўга да яго паступлення ў парламент. Многія прапановы КВКБ ААН былі ўлічаны ўжо тады, некаторыя застаюцца на парадку нашай працы да гэтага часу.

— Сітуацыя з мігрантамі ў Заходняй Еўропе ўжо каторы месяц з’яўляецца балючай тэмай. На вашу думку, ці ёсць выйсце з яе — такое, якое будзе задавальняць і ўрады еўрапейскіх краін, і саміх бежанцаў?

— Давайце паспрабуем разабрацца ў прычынах найбуйнейшага міграцыйнага крызісу ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. «Арабская вясна», якая прывяла да стварэння шматлікіх ачагоў нестабільнасці ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе, войны ў Афганістане і Сірыі прымусілі сотні тысяч людзей шукаць прыстанішча ў Еўропе. Дадайце сюды людзей, якія імкнуцца трапіць у еўрапейскія краіны ў пошуках «лепшай долі». Мігранты, якія ўжо атрымалі ў Еўрапейскім саюзе легальны статус і ўжыліся ў новае асяроддзе, з’яўляюцца пунктамі прыцягнення для сваіх родзічаў і знаёмых. Менавіта таму сёння паток перасяленцаў дасягнуў сапраўды грандыёзных маштабаў. Гэта праблема не толькі павялічвае сацыяльную напружанасць у дзяржавах Еўропы, але і істотна абвастрае тыя супярэчнасці паміж асобнымі краінамі — членамі Еўрасаюза, якія былі дагэтуль.

Злучаныя Штаты і іх еўрапейскія саюзнікі пасеялі вецер арабскіх рэвалюцый і цяпер пажынаюць міграцыйную буру. Справіцца з гэтай «бурай» можна толькі калектыўнымі намаганнямі. Неабходна перастаць нарэшце правакаваць рэгіянальныя канфлікты, пачаць рабіць канкрэтныя дзеянні для зніжэння эканамічнага разрыву паміж Поўначчу і Поўднем.

— На гэтай сесіі праект закона будзе прымацца ў першым чытанні. Ці можна чакаць, што вясной ён будзе прыняты ў другім? Увогуле, гэта канчатковая рэдакцыя заканадаўства аб міграцыі ці праз некалькі гадоў узнікне неабходнасць у яго пераглядзе?

— Так, мы, натуральна, хацелі б разгледзець законапраект у першым чытанні на асенняй сесіі. Калі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў падтрымаюць прапанову аб прыняцці праекта ў аўтарскай рэдакцыі, мы будзем імкнуцца, каб другое чытанне адбылося ўжо вясной.

Што да магчымай карэкціроўкі ў будучыні, то адзначу, што любыя праваадносіны не стаяць на месцы: збіраецца вопыт прымянення, узнікаюць новыя ўмовы, змяняецца сітуацыя ў свеце — усё гэта патрабуе рэгулярнага перагляду існуючага заканадаўства, у тым ліку і ў сферы вымушанай міграцыі.

Надзея Юшкевiч, «Звязда» ад 25 лiстапада 2015 г.