/ / Общественно-политические и в области права
15.05.2015

«Лідзія Ярмошына: «Змяненняў у выбарчым заканадаўстве ў найбліжэйшы час не будзе» <em>(Надзея Юшкевіч,«Звязда» ад 15 мая 2015 г.)</em>

Цэнтрвыбаркам рэкамендуе камісіям шукаць сродкі на празрыстыя скрыні. Пра гэта, а таксама пра некаторыя асаблівасці падрыхтоўкі будучай выбарчай кампаніі расказала на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў яе старшыня Лідзія ЯРМОШЫНА.

Падручнікі для выбарчых камісій

«Правядзенне пасяджэння да прызначэння даты выбараў — гэта звычайная практыка, — адзначыла Лідзія Ярмошына і патлумачыла: — Справа ў тым, што мы рыхтуем для выбараў два падручнікі. Гэта дапаможнікі для тэрытарыяльных і ўчастковых камісій. Тыя падручнікі не прывязаны да даты выбараў. Але гэта аб’ёмныя тэксты, якія патрэбны ўжо на наступны дзень пасля прызначэння даты выбараў».

Лідзія Ярмошына таксама паведаміла, што на выбарах будуць працаваць 155 тэрытарыяльных выбарчых камісій. Яны будуць створаны не пазней чым за 80 дзён да выбараў. Тэрмін іх паўнамоцтваў заканчваецца пасля апублікавання вынікаў выбараў. Такім чынам, камісіі будуць працаваць прыкладна 85 дзён.

Без пашпарта — не выбаршчык

Як запэўніла старшыня Цэнтральнай камісіі, грамадзяне Расіі, што выпадкова трапілі ў спісы выбаршчыкаў, усё роўна не змогуць прагаласаваць на прэзідэнцкіх выбарах. Лідзія Ярмошына пацвердзіла, што здараюцца такія выпадкі, калі запрашэнне ўдзельнічаць у галасаванні атрымліваюць грамадзяне Расіі, якія маюць права ўдзельнічаць у мясцовых выбарах. «Але грамадзяне Расіі, як і грамадзяне Украіны, выдатна ведаюць, што яны не могуць галасаваць на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. На ўчастку ім усё роўна не дадуць прагаласаваць, таму што ў іх няма пашпарта грамадзяніна Беларусі», — сказала Лідзія Ярмошына.

У той жа час яна адзначыла, што падобныя памылковыя запрашэнні «адмоўна адбіваюцца на іміджы выбарчай кампаніі». З гэтай прычыны ЦВК будзе заклікаць тэрытарыяльныя камісіі максімальна ўважліва правяраць спісы.

Лідзія Ярмошына таксама ўдакладніла, што на прэзідэнцкія выбары, калі яны пройдуць у адзін тур, плануецца выдаткаваць 180 млрд рублёў. Большая частка гэтых сродкаў пойдзе на зарплату супрацоўнікаў выбарчых камісій і толькі менш за 20 % — на матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне.

Што тычыцца празрыстых скрынь, то кіраўнік ЦВК у чарговы раз нагадала: у беларускім заканадаўстве няма абавязковага патрабавання на гэты конт, але Цэнтрвыбаркам усё роўна рэкамендуе камісіям шукаць сродкі на празрыстыя скрыні. Як чакаецца, яны будуць выкарыстоўвацца ў асноўным у гарадах.

У будучыні Прэзідэнтам краіны можа стаць жанчына

Лідзія Ярмошына не выключае, што ў будучыні Прэзідэнтам Беларусі можа стаць жанчына. Адказваючы на пытанне журналістаў наконт яе адносін да таго, што ў будучых прэзідэнцкіх выбарах збіраюцца ўдзельнічаць некаторыя жанчыны, Лідзія Ярмошына адзначыла, што ставіцца да гэтага станоўча. На яе думку, гэтым прэтэндэнткам трэба абавязкова прыкласці намаганні для таго, каб атрымаць статус кандыдатаў.

Гаворачы пра некаторыя новаўвядзенні будучых выбараў, Лідзія Ярмошына нагадала, што на гэты раз кандыдаты будуць выкарыстоўваць для агітацыйнай кампаніі свае фонды, памер якіх дазволілі павялічыць з 3 да 9 тысяч базавых велічынь. Прычым фарміраваць іх можна будзе ўжо з моманту стварэння ініцыятыўных груп. Гэта дасць магчымасць прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнцкі пост легальна расплачвацца са сваімі актывістамі.

Што да назіральнікаў, то запрашэнні пакуль не перадаваліся, бо яшчэ не вызначана дата выбараў. Аднак, улічваючы абавязкі Беларусі перад СНД і АБСЕ, варта чакаць на выбарах назіральнікаў ад гэтых міжнародных арганізацый. Якіх-небудзь змяненняў у выбарчым заканадаўстве ў найбліжэйшы час не прадугледжваецца, бо гэта будзе супярэчыць рэкамендацыям АБСЕ і Венецыянскай камісіі Савета Еўропы. Гэтыя арганізацыі раяць, каб заканадаўства змянялася не пазней чым за год да выбараў.

Надзея Юшкевіч,«Звязда» ад 15 мая 2015 г.