/ / Общественно-политические и в области права
23.06.2015

Не перайсці мяжу гасціннасці <em>(Яраслаў Лыскавец, «Звязда» ад 23 чэрвеня 2015 г.)</em>

Як знайсці залатую сярэдзіну ў міграцыйнай палітыцы.

Лета — час, калі вялікія плыні людзей пачынаюць падарожнічаць. Вядома, не застаецца ў баку ад гэтага руху і Беларусь, асабліва калі размова ідзе пра ўязны турызм, які наша краіна імкнецца развіваць. Вялікай папулярнасцю карыстаецца аграэкатурызм, апошнім часам шмат замежнікаў прыязджае менавіта ў беларускія аграсядзібы. Працэдура працы з такімі гасцямі ў нас максімальна спрошчана. Так, напрыклад, гаспадары сядзіб упаўнаважаны самі выдаваць рэгістрацыю замежнікам. Ёсць яшчэ адна дэталь, здараецца, што чалавек прыязджае не ў адзін горад, а ўвесь час рухаецца па турыстычным маршруце. У такім выпадку яму трэба рэгістравацца толькі ў першым месцы спынення. Таксама кіраўніком дзяржавы быў падпісаны ўказ аб спрошчаным парадку ўезду замежнікаў, якія з турыстычнымі мэтамі хочуць наведаць Белавежскую пушчу. Такім турыстам, каб трапіць на тэрыторыю нацыянальнага парку на тэрмін да трох сутак, нават не патрэбна віза.

Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з выконваючым абавязкі першага намесніка начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі — начальнікам упраўлення па міграцыі і рабоце з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства Міністэрства ўнутраных спраў Віталем Навумчыкам і даведаўся, што за людзі прыязджаюць у Беларусь, з якімі праблемамі яны сутыкаюцца і якія перспектывы міграцыйнай палітыкі нашай краіны.

начальнікам упраўлення па міграцыі і рабоце з замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства Міністэрства ўнутраных спраў Віталем Навумчыкам

— Апошнія змяненні ў міграцыйнае заканадаўства Беларусі ўносіліся год таму. Як яны сябе праявілі за гэты час?

— З аднаго боку, Закон «Аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь» стаў больш ліберальным, а з іншага, у яго былі ўнесены нормы, якія зрабілі міграцыйнае заканадаўства больш жорсткім.

Змены можна ацаніць станоўча, бо былі вырашаны некаторыя спрэчныя моманты. Напрыклад, раней агаворвалася, што кожны замежнік пасля ўезду ў Беларусь павінен на працягу пяці працоўных дзён зарэгістравацца. А па працоўным заканадаўстве выхадным лічыцца толькі нядзеля. У той жа час у некаторых арганізацыях у залежнасці ад рэжыму працы гэта маглі быць яшчэ і субота, і нават панядзелак. Атрымлівалася блытаніна: здавалася б, замежнік прыходзіць рэгістравацца ў панядзелак, у працоўны дзень, а падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі не працуе. Адзін дзень з пяці ўжо знікае, і не па віне прыезджага. Таму гэтую норму скарэкціравалі.

Яшчэ адзін прыклад — выкарыстанне такіх мер, як дэпартацыя і высылка. Пасля высылкі або дэпартацыі замежніка з тэрыторыі краіны да яго абавязкова прымяняецца забарона на ўезд на пэўны тэрмін. Раней ніжняя яе мяжа складала год. Але было зразумела, што часам такая санкцыя прымянялася да замежнікаў, якія маюць у Беларусі сям’ю ці нерухомасць, і год для іх — гэта крытычна вялікі тэрмін. Таму мяжу панізілі да шасці месяцаў.

Акрамя таго, за апошні час былі падпісаны пагадненні аб рэадмісіі з такімі краінамі, як Турцыя, Расія, Грузія, Казахстан. Гэта самы цывілізаваны інструмент супрацьдзеяння незаконнай міграцыі. Калі, напрыклад, на тэрыторыю Беларусі з тэрыторыі Расіі незаконна трапіць грамадзянін трэцяй краіны, то мы маем права перадаць яго расійскаму боку, а яны будуць абавязаны яго прыняць. Тое ж працуе і ў зваротным кірунку.

— Як увогуле можна ахарактарызаваць сітуацыю з прыездам замежнікаў?

— Ужо на працягу некалькіх гадоў яна стабільная, на гэта і накіравана наша праца. Міграцыйнае сальда застаецца станоўчым, у Беларусь на працу і пастаяннае месца жыхарства прыязджае больш людзей, чым выязджае. У першую чаргу гэта грамадзяне Расіі і Украіны, іншых краін СНД. Прыязджаюць і з Заходняй Еўропы, напрыклад, калі ўступаюць у шлюб з грамадзянамі Беларусі. Мэты прыезду самыя розныя — гэта і вядзенне бізнесу, і адукацыя…

Але ёсць і іншы бок пытання. Свой адбітак накладвае тое, што ў нас не ахоўваецца мяжа з Расіяй. Таму некаторыя грамадзяне трэціх краін, якія маюць расійскую візу, памылкова лічаць, што яны могуць законна знаходзіцца і на тэрыторыі Беларусі. Але гэта не так. Калі потым падчас міграцыйнага кантролю выяўляецца, што ў такіх людзей няма права на знаходжанне на тэрыторыі нашай краіны, то яны нясуць адпаведную адказнасць, а ў некаторых выпадках нават дэпартуюцца. Але ёсць і тыя, хто злоўжывае адкрытасцю беларуска-расійскай мяжы і едзе да нас толькі з адной мэтай — незаконна трапіць у краіны Еўрасаюза праз Беларусь. Да 2012 года колькасць такіх парушэнняў зніжалася, але пасля зноў пачала расці, у першую чаргу ў сувязі з падзеямі ў краінах Афрыкі — людзі проста беглі ад вайны. Тым не менш, наша міграцыйнае заканадаўства дастаткова эфектыўнае для таго, каб гэтаму супрацьстаяць. Фактычна, мы ахоўваем Заходнюю Еўропу ад незаконных мігрантаў з усходу.

— Ці шмат цяпер у Беларусь накіроўваецца перасяленцаў з Украіны?

— Мы заўсёды ставіліся і ставімся да нашых паўднёвых суседзяў, як да братэрскай і ў гістарычным, і ў этнічным сэнсе краіны. А таму імкнёмся падтрымліваць сяброўскія адносіны. І калі ва Украіне пачаўся ўзброены канфлікт, мы ўваходзілі ў палажэнне людзей, якія беглі ад вайны ў Беларусь. Зразумела, што пад бамбёжкамі ты наўрад ці будзеш задумвацца, якія рэчы і паперы з сабой браць, таму нярэдка ўкраінцы прыязджалі без дакументаў, якія па нашым заканадаўстве неабходны для выдачы дазволу на пражыванне. Таму мы праініцыявалі перад Прэзідэнтам прыняцце дакумента, які максімальна спрасціў працэдуру ўезду і атрымання дазволу на пражыванне для ўкраінцаў, якія прыбываюць з тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей.

Што датычыцца дынамікі прыезду ўкраінцаў у Беларусь, то свайго піку колькасць бежанцаў дасягнула ў мінулым годзе. Тым не менш, плыня ўкраінскіх мігрантаў застаецца вельмі моцнай. У першым квартале гэтага года менавіта з Украіны ў Беларусь прыехала больш за тры тысячы людзей — гэта самы вялікі паказчык сярод усіх краін. Для параўнання, летась за першыя тры месяцы года, калі канфлікт на Данбасе толькі пачынаў разгарацца, да нас прыехала прыкладна шэсцьсот украінцаў.

— Ці шмат правапарушэнняў на тэрыторыі краіны здзяйсняюць прыезджыя?

— Да праблемнай катэгорыі іх аднесці нельга. Ужо на працягу многіх гадоў колькасць злачынстваў сярод мігрантаў складае 1,3—1,5 працэнта ад агульнай масы зарэгістраваных у краіне. Гэта, па сутнасці, кропля ў моры. Можна канстатаваць, што прыезджыя не ўплываюць на крымінагенную сітуацыю ў краіне. Для параўнання зазначу, што, напрыклад, у Расійскай Федэрацыі ў залежнасці ад рэгіёна гэтая лічба складае да 20 працэнтаў.

Што датычыцца парушэнняў менавіта міграцыйнага заканадаўства, то самымі распаўсюджанымі іх відамі з’яўляюцца ўезд без міграцыйнай карткі, парушэнне парадку рэгістрацыі і ўхіленне ад выезду пасля заканчэння тэрміну рэгістрацыі.

— Як па-вашаму, у якім кірунку павінна развівацца міграцыйная палітыка Беларусі ў будучыні? Магчыма, варта скарыстацца замежным вопытам, напрыклад, заходнееўрапейскім?

— Мне па рабоце нярэдка даводзіцца бываць у службовых камандзіроўках у іншых краінах, у тым ліку ў краінах Еўрасаюза. Знаёмячыся з працай іх сістэмы, я глыбока ўпэўніўся ў тым, што наша заканадаўства больш эфектыўнае. У 2013 годзе я быў у галоўным міграцыйным офісе Бруселя, і тамтэйшыя супрацоўнікі адкрыта шкадавалі, што ў свае часы бельгійскае заканадаўства было занадта лібералізавана. Цяпер яны сутыкаюцца з наступствамі некантраляванага прытоку грамадзян з іншых краін, якія не інтэграваліся ў грамадства, хоць многія заходнееўрапейскія спецыялісты кажуць аб зваротным. Я на свае вочы бачыў гэтых «інтэграваных» прыезджых у Швецыі, яны як не працавалі, так і не працуюць, сядзяць каля пераходаў, просяць міласціну, а яшчэ атрымліваюць нядрэнную фінансавую дапамогу ад дзяржавы. У Францыі сфарміраваліся закрытыя супольнасці мігрантаў, якія цяпер фактычна не прызнаюць юрысдыкцыю краіны знаходжання. У Бельгіі мне распавялі пра тое, што ў Бруселі, адным з палітычных цэнтраў Еўрасаюза, існуюць кварталы, куды паліцыя баіцца заязджаць.

Але мы цесна супрацоўнічаем з нашымі еўрапейскімі калегамі. З пачатку мінулага года вядзём перамовы па спрашчэнні візавых працэдур і па заключэнні дамоў аб рэадмісіі з Еўрапейскім саюзам. Увогуле, у нас былі амбіцыйныя планы аб падпісанні гэтых дакументаў яшчэ падчас Рыжскага саміту «Усходняга партнёрства», але еўрапейскія дэлегаты на апошніх экспертных кансультацыях не пайшлі на некаторыя ўступкі, якія мы хацелі атрымаць у спрашчэнні візавых працэдур. Тым не менш, я думаю, што з цягам часу мы ўсё адно прыйдзем да згоды ў гэтым пытанні і падпішам дамовы.

Яраслаў Лыскавец, «Звязда» ад 23 чэрвеня 2015 г.