/ / Общественно-политические и в области права
24.06.2015

Пра дапамогу на дзяцей і не толькі (<em>Святлана Бусько, «Звязда» ад 24 чэрвеня 2015 г</em>.)

Якія новыя віды сямейнай дапамогі з’явіліся ў гэтым годзе? На якую падтрымку ад дзяржавы ўвогуле могуць разлічваць сем’і? Хто можа атрымаць сямейны капітал? Як можна будзе яго выкарыстаць?

На гэтыя і іншыя вашы пытанні адказаў намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Аляксеевіч Румак падчас прамой лініі «Сацыяльная падтрымка сям’і», якая прайшла ў рэдакцыі «Звязды». Мы публікуем самыя цікавыя і актуальныя пытанні і адказы на іх.

румак

— Мяне завуць Байко Аксана Іванаўна. Я жыву ў Брэсцкай вобласці, Пінскім раёне. У нас з мужам трое дзяцей. Муж працаваў у будаўнічым упраўленні ў Мінску вахтавым спосабам. Ён звольніўся, бо яго не задавальняла зарплата. Разлік фірма яму не дае: папрасілі тыдзень пачакаць. Але тыдзень ужо прайшоў. Я ўчора патэлефанавала туды і зразумела, што грошай не будзе. Мне ўвогуле адказалі: «Звяртайцеся, куды хочаце…»

— Аксана Іванаўна, гэтым пытаннем займаецца Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы. Для спагнання канчатковага разліку пры звальненні ваш муж можа звярнуцца ў Мінскае гарадское ўпраўленне Дэпартамента па адрасе: г. Мінск, вул. Кісялёва, 4, па месцы знаходжання арганізацыі, з пісьмовым зваротам. Там павінны разабрацца з гэтым пытаннем.

Таксама ваш муж мае права звярнуцца на працягу 3 месяцаў з моманту звальнення ў суд па месцы знаходжання арганізацыі для спагнання ўсіх выплат і сярэдняга заробку за затрымку разліку пры звальненні.

***

— Добры дзень! Вам тэлефануе Наталля Францаўна Кавязо з Астраўца. Мы — шматдзетная сям’я, у нас чацвёра дзетак. Мы стаім на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Ці можам мы скарыстацца сямейным капіталам, пакуль нам не далі крэдыт?

— Наталля Францаўна, пакуль што вы не можаце выкарыстаць сродкі сямейнага капіталу. Заканадаўства гаворыць, што гэтымі грашыма можна будзе скарыстацца на будаўніцтва толькі па заканчэнні 18 гадоў з даты нараджэння вашага малодшага дзіцяці.

— Зразумела.

— Скажыце, а вы ўжо аформілі дакументы на яго?

— Так. І цяпер з нецярпеннем чакаем, калі грошы паступяць на рахунак.

— Калі вы ўжо адкрылі рахунак, грошы абавязкова будуць на яго налічаны.

***

— Мяне завуць Полазава Алена, тэлефаную вам з Полацка. Чула, што ў гэтым годзе з’явіўся новы від дапамогі на дзяцей. Раскажыце пра гэта, калі ласка.

— Сапраўды, з 1 студзеня гэтага года ўказам кіраўніка дзяржавы № 572 у нашай краіне ўведзены новы від дапамогі сем’ям на дзяцей. Новая дапамога тычыцца тых сем’яў, у якіх выхоўваецца дзіця да трох гадоў і маюцца яшчэ дзеці, якім не споўнілася 18 гадоў. Яе памер складае 50% бюджэту пражытачнага мінімуму незалежна ад колькасці дзяцей, што выхоўваюцца ў сям’і. Сёння гэта 737 400 рублёў.

Хачу адзначыць, Алена, што права на атрыманне гэтай дапамогі не залежыць ад даты нараджэння дзіцяці — да 1 студзеня 2015 або пасля. Калі яно нарадзілася да 1 студзеня 2015 года, то новая дапамога прызначаецца з 1 студзеня. Калі дзіця нарадзілася ўжо ў гэтым годзе, яна будзе прызначана з даты яго нараджэння.

Звяртацца па прызначэнне новай дапамогі варта па месцы атрымання дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў.

І яшчэ адзін вельмі важны момант — не забывайцеся на тэрміны звароту па прызначэнне дапамогі. Аналагічна іншым дапамогам на дзяцей, для звароту па яе прызначэнне ўстаноўлены 6-месячны тэрмін з дня ўзнікнення права на яе. Так што калі дзіця нарадзілася да 1 студзеня 2015 года, то звярнуцца па прызначэнне дапамогі трэба не пазней за 30 чэрвеня 2015 года.

***

— Добры дзень! Гэта Талабчук Ганна Рыгораўна са Слуцка вас турбуе. У мяне такое пытанне: як можна будзе выкарыстаць сямейны капітал?

— Ганна Рыгораўна, як будуць выкарыстоўвацца сродкі сямейнага капіталу, залежыць ад рашэння сям’і. Каб максімальна ўлічыць інтарэсы ўсіх яе членаў, прадугледжаны шырокі пералік напрамкаў іх выкарыстання:

  • паляпшэнне жыллёвых умоў (будаўніцтва ці набыццё жылля, капітальны рамонт і рэканструкцыя, пагашэнне пазыкі, запазычанасці па крэдыце, выдадзеным на будаўніцтва (рэканструкцыю) жылля і выплата працэнтаў па ім);
  • атрыманне адукацыі;
  • атрыманне паслуг у сферы аховы здароўя;
  • атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання;
  • фарміраванне назапашвальнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і альбо маці (бацькі) у няпоўнай сям’і.

Пры гэтым сродкі сямейнага капіталу могуць размяркоўвацца на адзін або некалькі кірункаў адначасова, у поўным аб’ёме або па частках.

Але хачу адзначыць, што выкарыстоўваць сродкі сямейнага капіталу можна па заканчэнні 18 гадоў з даты нараджэння дзіцяці, у сувязі з нараджэннем (усынаўленнем, удачарэннем) якога сям’я набыла права на капітал. У асобных выпадках выкарыстаць капітал можна і датэрмінова, прычым незалежна ад перыяду часу, які прайшоў з даты яго прызначэння, — на атрыманне членам сям’і платных медыцынскіх паслуг. Для гэтага патрэбна заключэнне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя аб неабходнасці атрымання членам або членамі сям’і такіх паслуг.

***

— Мяне завуць Ірына Аляксандраўна, я тэлефаную вам з Мінска. У нас у сям’і двое непаўналетніх дзетак, аднаму яшчэ няма трох гадоў. Я хацела б даведацца, ці можа мой муж пайсці ў дэкрэтны адпачынак і дзе ён будзе атрымліваць дапамогу?

— Ваш муж зараз працуе?

— Так.

— Працоўным кодэксам прадастаўляецца права працуючаму бацьку на адпачынак па доглядзе дзіцяці, калі маці выходзіць на працу або атрымлівае адукацыю ў дзённай форме навучання альбо ажыццяўляе іншыя віды дзейнасці, напрыклад, з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, рамеснікам.

Так што калі вы працуеце, то ваш муж можа пайсці ў дэкрэтны адпачынак. Дапамогу па доглядзе дзіцяці ён будзе атрымліваць па месцы сваёй працы. Але спачатку вам неабходна падаць па месцы атрымання дапамогі заяву аб спыненні яе выплаты і атрымаць даведку аб памеры дапамогі на дзяцей і перыядзе яе выплаты.

***

— Мяне завуць Шэлег Ларыса Іванаўна, я вам з Наваполацка тэлефаную. Чула, што сродкі сямейнага капіталу можна накіраваць на дадатковую пенсію для маці. Раскажыце падрабязней пра гэта і як яе можна аформіць.

— Спачатку, Ларыса Іванаўна, хачу адзначыць, што адной з умоў прадастаўлення сямейнага капіталу з’яўляецца нараджэнне, усынаўленне (удачарэнне) трэцяга ці наступнага дзіцяці ў перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года. І распараджацца сродкамі сямейнага капіталу вы зможаце па заканчэнні 18 гадоў з даты нараджэння, усынаўлення (удачарэння) дзіцяці, у сувязі з нараджэннем, усынаўленнем (удачарэннем) якога сям’я атрымала права на прызначэнне сямейнага капіталу.

Для накіравання сродкаў сямейнага капіталу на назапашвальную (дадатковую) пенсію вам трэба будзе звярнуцца ў Беларусбанк з заявай аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу на фарміраванне назапашвальнай (дадатковай) пенсіі. Пасля гэтага Беларусбанк пералічыць грошы на спецыяльны рахунак фонду, адкрыты ў банку. Гэтыя сродкі фондам будуць размяшчацца ў банку, упаўнаважаным абслугоўваць дзяржаўныя праграмы, з мэтай налічэння на іх прыбытку.

Скарыстацца назапашвальнай (дадатковай) пенсіяй можна будзе, пачынаючы з месяца, наступнага за месяцам дасягнення вамі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Назапашвальная пенсія будзе выплачвацца ў памеры бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, дзеючага ў месяцы, за які яна выплачваецца. Калі сродкаў на выплату пенсіі ў такім памеры недастаткова, яна выплачваецца ў памеры астатку сродкаў вашага індывідуальнага асабовага рахунку.

— Скажыце, а калі мне споўніцца 55 гадоў раней, чым майму дзіцяці 18, я змагу атрымліваць дадатковую пенсію са сродкаў сямейнага капіталу?

— Трэба ўлічваць сказанае вышэй: распараджацца сродкамі сямейнага капіталу можна тады, калі трэцяму ці наступнаму дзіцяці, народжанаму ў перыяд з 1 студзеня 2015 года да 31 снежня 2019 года, у сувязі з нараджэннем якога сям’я атрымала права на прызначэнне сямейнага капіталу, споўнілася 18 гадоў.

***

— Лашч Людміла Уладзіміраўна з вёскі Пласок Любанскага раёна вас турбуе. У нас дачка — інвалід, ёй 4 гады. Я хацела б даведацца, дзе я магу ўзяць бясплатны білет на аўтобус, каб завезці сваю дачку-інваліда ў Бараўляны?

— У касе на вакзале — пры прад’яўленні пасведчання аб інваліднасці. Дзіця-інвалід і асоба, якая суправаджае яго, маюць права на бясплатны праезд на чыгуначным, водным і аўтамабільным пасажырскім транспарце агульнага карыстання рэгулярных прыгарадных зносін (акрамя таксі). Пры суправаджэнні дзіцяці-інваліда ў вас таксама ёсць права на бясплатны праезд ва ўсіх відах гарадскога пасажырскага транспарту (акрамя таксі), прычым незалежна ад месца жыхарства.

***

— Добры дзень! Гэта Антон Лойка, я з Мінска. Скажыце, калі ў сям’і маці паехала працаваць у Расію, ці можа бацька, які пражывае ў Беларусі, аформіць водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў? І ці мае ён права на дапамогу па доглядзе дзіцяці?

— Бацька можа аформіць водпуск па доглядзе дзіцяці да трох гадоў, але толькі ў выпадку, калі маці працуе на тэрыторыі Беларусі. Гэтага патрабуе наша заканадаўства.

***

— Мяне завуць Хамячова Алена Анатольеўна, г. Мінск. У мяне такое пытанне: ці ўключаецца час знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці ў стаж працы для прысваення кваліфікацыйнай катэгорыі інжынеру?

— Алена Анатольеўна, давайце з самага пачатку: водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў уключаецца ў стаж працы, а таксама ў стаж працы па спецыяльнасці, прафесіі, пасадзе ў адпаведнасці з заканадаўствам.

Што ж тычыцца прысваення спецыялісту кваліфікацыйных катэгорый па займаемых ім пасадах, то яно праводзіцца ў парадку, які вызначаецца калектыўным дагаворам, пагадненнем або наймальнікам у адпаведнасці з кваліфікацыйнымі характарыстыкамі пасад спецыялістаў, прадугледжанымі Адзіным кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых, з улікам рэкамендацый атэстацыйнай камісіі.

Пры гэтым заканадаўства аб працы не прадугледжвае ўключэння ў стаж працы для прысваення кваліфікацыйнай катэгорыі перыяду знаходжання ў водпуску па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў.

Але спецыялісту, які не мае неабходнага стажу працы, прадугледжанага кваліфікацыйнай характарыстыкай адпаведнай пасады, наймальнік можа прысвоіць кваліфікацыйную катэгорыю ў парадку выключэння з улікам рэкамендацый атэстацыйнай камісіі пры ўмове наяўнасці ў гэтага спецыяліста ступені магістра па адпаведнай спецыяльнасці (кваліфікацыі), вопыту работы па адпаведным напрамку дзейнасці, у тым ліку на кіруючых пасадах. Прысвоеная ва ўказаным парадку кваліфікацыйная катэгорыя можа быць як наступнай, так і пазачарговай.

***

— Добры дзень! З Маладзечна тэлефануюць. Мяне завуць Вольга Міхайлаўна, і ў мяне да вас такое пытанне: скажыце, у якіх выпадках сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова?

— Так, такія выпадкі прадугледжаны пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 6 сакавіка 2015 года № 24, у адпаведнасці з якой сродкі сямейнага капіталу могуць быць выкарыстаны датэрмінова (у поўным аб’ёме або па частках) незалежна ад перыяду часу, які прайшоў з даты прызначэння сямейнага капіталу, на атрыманне членам (членамі) сям’і платных медыцынскіх паслуг, што аказваюцца арганізацыямі аховы здароўя, у парадку і па пераліку, што вызначаюцца Міністэрствам аховы здароўя.

У выпадку, калі пасля прыняцця рашэння аб датэрміновым выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу яны не былі ўжыты або ўжыты не ў поўным аб’ёме, права выкарыстаць іх будзе прадастаўлена пасля дасягнення дзіцем 18 гадоў.

Святлана Бусько, «Звязда» ад 24 чэрвеня 2015 г.