/ / Общественно-политические и в области права
10.07.2015

Сістэмны падыход <em>(«Звязда» ад 10 лiпеня 2015г.)</em>

У Савеце Рэспублікі абмеркавалі законапраект, які закліканы ўдасканаліць механізм прыняцця новых законаў.

Па сутнасці, праект Закона «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь», які члены Прэзідыума Верхняй палаты беларускага Парламента абмяркоўвалі разам з яго распрацоўшчыкамі — прадстаўнікамі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, патрэбны, каб пазбегнуць нелагічнасці, прабелаў, цяжкасці ўспрымання новых законаў, а таксама іх рэалізацыі.

Нягледзячы на тое, што многія пытанні ў заканатворчай дзейнасці ў нас урэгуляваны, патрэбны грунтоўны дакумент, які ўдасканаліць рэгламентацыю падрыхтоўкі, узгаднення, сістэматызацыю нарматыўных прававых актаў, — заўважыў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч. — У законапраекце ёсць вельмі цікавыя раздзелы, якія датычацца менавіта падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў. Яны накіраваныя на тое, каб добрыя ідэі не зводзіліся на нішто.

Акрамя таго, спікер звярнуў увагу на тое, што гэты законапраект павінен быць уніфікаваны з партнёрамі Беларусі па ЕАЭС. «Хоць у ЕАЭС парламенцкае вымярэнне само па сабе адсутнічае, гэта не значыць, што мы не павінны займацца пытаннямі законапраектнай дзейнасці», — сказаў ён і падкрэсліў важнасць гарманізацыі заканадаўства ў Еўразійскім эканамічным саюзе ўвогуле.

Дакумент устанаўлівае патрабаванні да лакальных прававых актаў, у прыватнасці ўводзіць забарону на ўключэнне у іх палажэнняў, якія пагаршаюць, у параўнанні з заканадаўствам, правы грамадзян і юрыдычных асоб. Таксама рэгламентуецца парадак афармлення абмежавальных грыфаў і грыфа сакрэтнасці ў праектах актаў, устанаўліваецца адзіная форма фінансава-эканамічных абгрунтаванняў, вызначаюцца крытэрыі адзнакі пры прагназаванні наступстваў прыняцця нарматыўнага прававога акта і іншае.

Чакаецца, што прыняцце гэтага дакумента дазволіць сістэматызаваць заканатворчую дзейнасць, у тым ліку праз спрашчэнне тэхнікі прыняцця законаў, публічнае абмеркаванне праектаў, прагназаванне наступстваў, ацэнку ўздзеяння новых законаў на бізнес-асяроддзе.

«Звязда» ад 10 лiпеня 2015 г.