/ / Общественно-политические и в области права
13.07.2015

Судовая альтэрнатыва (<em>Вераніка Пуставiт, «Звязда» ад 11 лiпеня 2015 г.)</em>

Наколькі эфектыўна сёння ў краіне працуюць трацейскія суды і ці не перашкаджае ім адпаведны закон? Па ініцыятыве Савета Рэспублікі, Палаты прадстаўнікоў ды іншых структур гэтыя пытанні абмеркавалі падчас «круглага стала». У ім узялі ўдзел юрысты-практыкі, старшыні трацейскіх судоў і трацейскія суддзі, прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, Вярхоўнага Суда, пракуратуры, Адміністрацыі Прэзідэнта, вучоныя і, вядома, сенатары ды дэпутаты.

Закон «Аб трацейскіх судах» уступіў у сілу ў 2012 годзе. Наша краіна прыняла яго адной з апошніх на постсавецкай прасторы. «Мы вырашылі паглядзець, як закон дзейнічае на практыцы, ці ёсць у ім хібы і недахопы. Мы бачым, што сёння не так шмат зарэгістравана трацейскіх судоў і суддзяў», – гаворыць Лілія Мароз, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. На яе думку, важна праверыць, ці няма перашкод «на заканадаўчым узроўні» ў стварэнні структур падобнага кшталту, і калі ёсць, то ўстраніць іх.

Лілія Францаўна падкрэслівае, што станоўчыя бакі трацейскіх судоў перавышаюць адмоўныя. «Кожны грамадзянін ці суб’ект гаспадарання можа выбраць сабе трацейскага суддзю, бо гэта не правасуддзе, а інстытут грамадзянскай супольнасці, – расказвае яна. – Прытым спрэчкі могуць быць у эканамічнай, страхавой сферы, банкаўскай сістэме. А таксама па сямейным, жыллёвым і працоўным праве». Трацейскі суддзя вырашае праблему на падставе дзейнага заканадаўства. Часцей за ўсё такую пасаду займаюць суддзі ў адстаўцы са шматгадовым вопытам ці адвакаты і натарыусы.

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі, з аднаго боку ёсць вялікі плюс у тым, што не трэба звяртацца ў дзяржаўны суд, калі яму, напрыклад, не давяраеш. З другога — захоўваецца абсалютная канфідэнцыяльнасць справы, бо яе разгляд адбываецца закрыта. А таксама гэта досыць хутка (да 3 месяцаў на разгляд) і эканамічна выгадна. «Як правіла, дзяржаўная пошліна часта каштуе больш, чым узнагарода, якая выплачваецца трацейскаму суддзю», – падкрэслівае сенатар. Прытым вынесенае рашэнне абавязковае да выканання.

Тым не менш, трацейскія суды пакуль не карыстаюцца належным попытам. «Думаю, што самая вялікая праблема заключаецца ў тым, што яшчэ не ўсе ведаюць пра закон і яго практыку прымянення. Усе прывыклі, што ёсць дзяржаўныя суды, і да трацейскіх пакуль няма дастатковага даверу. Таму трэба расказваць людзям пра альтэрнатыўныя магчымасці», – кажа Віктар Камянкоў, старшыня Міжнароднага арбітражнага (трацейскага) суда «Палата арбітраў пры Саюзе юрыстаў», старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў». Для параўнання ён расказвае, што на Захадзе, у тым ліку ў Злучаных Штатах Амерыкі, трацейскія суды моцна разгружаюць дзяржаўныя. Сапраўды, у ЗША 60% камерцыйных спрэчак вырашаюцца ў першай з дзвюх сістэм.

Мы сабраліся за круглым сталом, каб высветліць, якія праблемы выклікае закон у правакарыстальнікаў, – патлумачыў Вадзім Іпатаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь. – Тым больш што Савет Рэспублікі выступіў з ініцыятывай аб распрацоўцы суадносных змен і дапаўненняў у Закон «Аб трацейскіх судах», якія плануецца разгледзець у якасці законапраекта ў наступным годзе.

Вераніка Пуставiт, «Звязда» ад 11 лiпеня 2015 г.