/ / Общественно-политические и в области права
31.07.2015

«Пастка гандляроў «жывым таварам» <em>(Тарас Шчыры, «Звязда» ад 31 ліпеня 2015 г.)</em>

Кожны год у свеце праз іх рукі праходзіць ад 700 тысяч да 4 мільёнаў чалавек. 

Калі заходзіць размова пра падобныя злачынствы, у многіх адразу ўзнікаюць асацыяцыі з краінамі трэцяга свету. Беднымі рэгіёнамі, дзе чалавек гатовы нават развітацца з ныркай, каб выратаваць ад жахлівай галечы сям’ю. Аднак, як аказваецца, людзей сёння прадаюць і купляюць, як тэлевізары ў краме, нават у развітых дзяржавах. Нашу краіну гэта праблема таксама, на жаль, не абмінула.

«49 % ахвяр — жанчыны» 

— Нягледзячы на двухсотгадовую адмену гандлю людзьмі, ён як сучасная форма рабства працягвае не проста існаваць, але і квітнець, — лічыць Валянцін Рыбакоў, намеснік Міністра замежных спраў Беларусі. — І моцна ўтрымлівае пазіцыі ў крымінальным свеце па прыбытковасці пасля наркагандлю і гандлю зброяй. Гэтая праблема набыла рэальныя маштабы, закранула інтарэсы практычна ўсіх рэгіёнаў свету.

Цытата чыноўніка лёгка падмацоўваецца інфармацыяй Упраўлення Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па наркотыках і злачыннасці: з 2010 па 2012 гады ахвяры ад падобнага злачынства выяўлены ў 124 краінах свету. Сярод іх былі выхадцы 154 дзяржаў.

Большасць з іх трапляюць у сексуальную эксплуатацыю, аднак многіх прымушаюць і да злачыннай дзейнасці. Амаль 50 працэнтаў ад усіх ахвяр — жанчыны.

Што тычыцца нашай краіны, праблема хоць і актуальная, але як запэўнівае Рыбакоў, яна востра ў нас не стаіць. Пры гэтым Беларусь даўно ўваходзіць у міжнародную сістэму па барацьбе з гандлем людзьмі.

— Беларусь першай на постсавецкай прасторы прызнала наяўнасць гандлю людзьмі на сваёй тэрыторыі, — дадае намеснік Міністра. — Сіла нашай нацыянальнай мадэлі па барацьбе з падобным злачынствам заключаецца ў тым, што мы працуем на папярэджанне праблемы, а не змагаемся з наступствамі. Мы можам ганарыцца тымі поспехамі, якія наша краіна дасягнула ў барацьбе з гандлем людзьмі, з упэўненасцю казаць, што мы рухаемся ў правільным кірунку.

«Многія ўсведамляюць, што будуць аказваць інтымныя паслугі» 

Нягледзячы на гэтыя словы, працы ў праваахоўнікаў у гэтай нялёгкай справе хапае. За апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі ліквідавалі 22 міжнародныя крымінальныя арганізацыі, асудзілі больш 2 тысяч так званых трафікёраў, гандляроў людзьмі, выявілі 5170 ахвяр падобнага гандлю. Толькі за гэты год зафіксавана амаль 500 такіх злачынстваў. А гэта на 40 працэнтаў больш, чым летась.

— Сёлета спынена 7 спроб вывазу беларусаў за мяжу: 6 з іх у Расію, адна — у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У Жлобіне затрымалі мясцовую жыхарку, якая праз сеціва вербавала і спрабавала вывезці ў Іарданію для заняткаў кансумацыяй у тамтэйшых клубах 4 дзяўчат. За кожную ёй паабяцалі ганарар у памеры 300 долараў штомесяц, — расказвае Сяргей Колтун, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС. — Пры гэтым мы актыўна змагаемся з сексуальнай эксплуатацыяй (64 працэнты пацярпелых падвяргаліся падобнаму прыгнёту ў межах нашай краіны).

Па статыстыцы, беларускі найчасцей траплялі ў інтымнае рабства ў Расіі, Германіі, Францыі, Польшчы, Нідэрландах.

— А як сёння заахвочваюць сутэнёры дзяўчат на працу прастытуткамі за мяжой? — спыталі журналісты ў Сяргея Колтуна.

— Формы і метады мяняюцца. Калі разваліўся Савецкі Саюз, многія нашы грамадзянкі марылі працаваць у іншых краінах. Падманам ім абяцалі працу гувернанткамі, афіцыянткамі. Яны траплялі ў бардэлі, масажныя салоны. Фактычна амаль усё зводзілася да заняткаў прастытуцыяй. Сёння жанчыны, якіх вярбуюць, так ці інакш дапускаюць, што будуць аказваць такія паслугі. І, на жаль, яны не разумеюць, што могуць трапіць у даўгавую кабалу, пад сістэму штрафаў…

Сёння многіх жанчын спрабуюць завербаваць праз Іінтэрнэт. І трафікёры, сутэнёры стараюцца не перасякаць мяжу з нашай краінай. «Яны ведаюць нашы суровыя пакаранні. І імкнуцца прымаць «жывы тавар», знаходзячыся ў краіне прызначэння», — кажа прадстаўнік МУС.

Абяцалі скарміць мядзведзям

Такое паняцце, як «секс-турызм» таксама не абышло бокам нашу краіну. І за падобнае «прадпрымальных» у нашай краіне ўжо судзілі.

— Быў выпадак, калі нашых грамадзян вывозілі на турбазу суседняй краіны, дзе яны аказвалі сексуальныя паслугі, — працягвае Сяргей Колтун. — Прычым умовы іх утрымання былі даволі жорсткія. Гучалі нават пагрозы накшталт: «Скармлю мядзведзям!» і гэтак далей. Нядаўна на 7 гадоў за арганізацыю секс-турызму асудзілі жыхара Турцыі. Праз нейкі час такі ж тэрмін атрымаў яго суайчыннік. Яны ладзілі адмысловыя туры на выхадныя дні не для сузірання краявідаў, прыгожых мясцін Беларусі, а для адпачынку на здымных кватэрах разам з прастытуткамі. Кошт падобнага тура ад 3 да 5 дзён складаў тысячу долараў ЗША.

Сярод апошніх прыкладаў у нашай краіне — дзікая гісторыя былых зняволеных, якія выкарыстоўвалі форму супрацоўнікаў міліцыі, гвалцілі, здзекваліся з прастытутак. На Гродзеншчыне сёлета затрымалі дзвюх жанчын, што здзекваліся са сваіх дзяцей: адна маці рабіла порнаролікі з удзелам 6-гадовага сына для закрытых інтэрнэт-форумаў педафілаў, а другая прымушала 11-гадовую дачку займацца сексам з фермерам. Усе злачынцы арыштаваныя.

На жаль, і злачынстваў, звязаных з педафіламі, таксама хапае. Падобных сёлета ўжо зафіксавана звыш 120. Але радуе, што расце працэнт раскрыцця і ўсё больш вычварэнцаў нясуць заслужанае пакаранне.

Многія з пералічаных выпадкаў сведчаць не толькі пра жорсткасць людзей, але і пра даверлівасць тых, хто гатовы верыць любой аб’яве, каб адправіцца на заробкі. Пры гэтым у Беларусі ўжо 12 гадоў дзейнічае бясплатная гарачая лінія па пытаннях бяспечнага выезду за мяжу, на якой адказваюць на любыя пытанні наконт знаходжання «за кардонам». А таму яшчэ раз падумайце, ці апраўдана гэта рызыка? Калі сумняваецеся, звярніцеся па параду да кампетэнтных органаў. Гэта можа не толькі палегчыць вам жыццё, але і захаваць нервовыя клеткі вашым сваякам. 

Што рабіць, каб засцерагчыся ад небяспекі падчас знаходжання за мяжой?

  • Не аддавайце свой пашпарт у чужыя рукі.
  • Калі ўмовы вашага знаходжання адрозніваюцца ад тых, што былі ўказаны ў пагадненні аб працаўладкаванні, звяжыцеся з агентам ці чалавекам, які з’яўляецца вашым пасярэднікам. Патрабуйце паляпшэння ўмоў. Калі сітуацыя не зменіцца, вы можаце адмовіцца ад працы па дагаворы.
  • Перыядычна падтрымлівайце сувязь са сваімі сваякамі і сябрамі. Аператыўна інфармуйце іх аб любых зменах вашага знаходжання. У выпадку крадзяжу дакументаў альбо пры ўзнікненні пэўных праблем звяртайцеся ў дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі ці ў паліцыю краіны, дзе вы знаходзіцеся.
Тарас Шчыры, «Звязда» ад 31 ліпеня 2015 г.