/ / Общественно-политические и в области права
02.12.2015

Нашы праграмісты на вагу золата

Ці захаваецца прэферэнцыйны рэжым для Парка высокіх тэхналогій? У Палаце прадстаўнікоў абмяркоўвалі гэта і іншыя пытанні. Парк высокіх тэхналогій атрымаў унікальныя ўмовы для развіцця. Як адзначае намеснік дырэктара адміністрацыі ПВТ Аляксандр Марцінкевіч, за дзесяць гадоў, пачынаючы з даты рэгістрацыі свайго першага рэзідэнта, кампаніі растуць не толькі колькасна, але і якасна. У Беларусь прыходзіць усё больш вядомых міжнародных гульцоў рынку, ствараюцца цэнтры распрацоўкі. Адсутнічаюць праблемы як з боку бізнесу, так і з боку дзяржавы. А гэта дазваляе пашырацца ІT-сферы не толькі ў Мінску. У Беларусі створаны яшчэ буйныя ІT-кластары ў Гомелі і Брэсце. Таксама ў маі 2016 года філіял Парка высокіх тэхналогій плануецца адкрыць у Гродне.

З’явіцца свой Vіber?

Як расказалі супрацоўнікі ПВТ, падчас прыняцця Дэкрэта № 12 ў Беларусі сярод усіх краін постсавецкай прасторы выкарыстоўваўся экстэрытарыяльны прынцып рэгістрацыі. Гэта азначае, што для карыстання спецыяльным прававым рэжымам няма неабходнасці знаходзіцца толькі на тэрыторыі парка ў Мінску. Сёння любая кампанія можа пачаць весці працу нават у рэгіёнах. Як растлумачыў Аляксандр Марцінкевіч, у краіне ёсць прыклад, калі людзі працуюць у аграсядзібе Магілёўскай вобласці і пры гэтым атрымліваюць дзяржаўную падтрымку згодна з экстэрытарыяльным прынцыпам парка. Варта адзначыць, што прыклады рэалізацыі такіх умоў ва ўсім свеце магчыма пералічыць на пальцах абедзвюх рук.

«Цяпер мы бачым, што бізнес, як правіла, рэдка ўдзельнічае ў падтрымцы кампаній-пачаткоўцаў. Бо заўсёды прасцей купіць гатовы прадукт. Для нас важна забяспечыць падтрымку, каб ад ідэі працэс дайшоў да прататыпу, а потым – да прадукту. Гэта можа рабіць толькі дзяржава. Было прынята адпаведнае рашэнне, і сёння мы вядзём будаўніцтва вялікага інавацыйнага цэнтра ў Гродне, які будзе ў сябе ўключаць цэнтр для правядзення розных ІT-мерапрыемстваў, адукацыйны і бізнес-цэнтр. Думаю, там мы створым магчымасць развівацца не толькі ўжо існуючым ІT-кампаніям, але і тым, хто толькі пачынае бізнес у сферы інфармацыйных тэхналогій», – растлумачыў Аляксандр Марцінкевіч.

Ён нагадаў, што ў кастрычніку адкрыўся бізнес-інкубатар, у задачы якога ўваходзіць работа з маладымі ІT-кампаніямі. Зараз эксперты павінны адабраць 6-7 камандаў, якім будуць прадастаўлены інфраструктура і спецыяльныя адукацыйныя курcы. «На гэтай базе мы паспрабуем падрыхтаваць або вырасціць новы Vіber у Беларусі», – заўважыў спецыяліст.

Акрамя гэтага, адна з задач бізнес-інкубатара – фарміраванне камандаў і стварэнне спрыяльнага асяроддзя для зносін спецыялістаў з інавацыйнымі ідэямі і аб’яднання іх у групы. «Для гэтага мы стварылі каворкінг-цэнтр. У лютым 2016 года скончыцца першая адукацыйная праграма «Асновы інавацыйнага прадпрымальніцтва». Па яе выніках мы будзем ведаць, ці з’явіцца ў нас новы Vіber», – запэўніў Аляксандр Марцінкевіч.

Апраўданая рызыка

Парк высокіх тэхналогій павышае інвестыцыйную прывабнасць Беларусі, укараняе і пашырае вопыт карпаратыўнага кіравання ў сферы ІT, забяспечвае прыцягненне інвестыцый, прадастаўляе пляцоўку са спрыяльнымі ўмовамі для вядзення бізнесу, а таксама дае вялікае станоўчае сальда гандлю паслугамі. Па словах дырэктара адміністрацыі ПВТ Валерыя Цапкалы, зараз рэзідэнтамі парка з’яўляюцца каля 150 кампаній, у якіх працуюць больш за 22 тыс. чалавек. Сёлета аб’ём вытворчасці ПВТ прагназуецца на ўзроўні не менш за 800 млн долараў, налета плануецца нарасціць яго да 1 млрд долараў. Пры гэтым доля экспарту складае 90%, а тэмпы росту – 140-150% за год. Сёння заказчыкамі ПВТ з’яўляюцца кампаніі з 55 краін свету. За першае паўгоддзе сёлета пры імпарце ў памеры 1,7 млн долараў чыстая валютная выручка ПВТ дасягнула 315 млн долараў, што, па звестках Нацыянальнага банка, складае 26% ад сальда знешняга гандлю паслугамі ў плацежным балансе краіны.

За 10 гадоў ІT-сфера змянілася. Сёння, па словах спецыялістаў, на рынку аўтсорсінгу цяжка канкурыраваць. Гэты рынак становіцца перанасычаным і пачынае свой «мядзведжы» рух уніз. Як адзначыў Аляксандр Марцінкевіч, многія дырэктары ІT-кампаній не плануюць выстройваць стратэгію аказання аўтсорсінгавых паслуг. Пры тых заробках супрацоўнікаў, якія сёння вышэйшыя, чым у Расіі, Польшчы, Літве, беларускім ІT-кампаніям цяжка працаваць на еўрапейскім рынку. Цяпер для галіны найбольш перспектыўным рынкам з’яўляецца амерыканскі. Адбываецца трансфармацыя, назіраецца пераход ад аўтсорсінгу (калі частка работы перадаецца арганізацыяй на падставе дагавора на абслугоўванне іншай кампаніі) у бок мадэлі стварэння ўласнага прадукту. Яна больш рызыкоўная для вытворцы з-за таго, што можна ўкласці сродкі, а яны не вернуцца. Але ў выпадку, калі ўсё акупіцца, прыбытак можа быць каласальным.

Стаўка на інавацыі

На думку намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Уладзіслава Шчэпава, інавацыйнае развіццё Беларусі неабходна паскорыць. У сувязі з гэтым у парламенце абмяркоўваюцца змены ў Дэкрэце № 12 «Аб Парку высокіх тэхналогій». Згодна з дакументам пашыраюцца віды дзейнасці кампаній-рэзідэнтаў парка ў новых навукаёмістых напрамках.

«Абмяркоўваецца пытанне захавання прэферэнцыйнага рэжыму для Парка высокіх тэхналогій, нараўне са стабільнымі ўмовамі гаспадарання для ўсіх рэзідэнтаў. Гэта дасць дадатковы эфект для эканомікі нашай краіны ў частцы экспарту і ўкаранення новых тэхналогій», – адзначыў Уладзіслаў Шчэпаў.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў таксама цікавяцца стратэгіяй развіцця парка на далейшую перспектыву, каб дапамагчы ўсім неабходным. «Мы звяртаемся да рэзідэнтаў, кіраўніцтва ПВТ з пытаннем, што трэба змяніць у заканадаўстве, а што пакінуць нязменным для таго, каб парк развіваўся», – адзначыў Уладзіслаў Шчэпаў.

Ён таксама нагадаў, што ў Беларусі распрацавана Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця на 2016-2020 гады, дзе ПВТ фігуруе ў якасці выканаўцы і заказчыка. «Краіне неабходна паскорыць інавацыйнае развіццё, таму мы маем патрэбу ў дадатковых свежых ідэях. Гэта тычыцца, у прыватнасці, удзелу камерцыйнага сектара, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у рэалізацыі праграмы інавацыйнага развіцця», – растлумачыў парламентарый. Таксама ён адзначыў, што ПВТ мае асаблівую важнасць для Беларусі. Парк стымулюе ўкараненне інавацыйных тэхналогій у эканоміку Беларусі, вырашае пытанне падрыхтоўкі спецыялістаў і папярэджвае іх адток за мяжу.

Ілья Крыжэвiч, «Звязда» ад 2 снежня 2015 г.