/ / Общественно-политические и в области права
20.08.2015

«Гістарычным помнікам патрэбна правільная юрыдычная ахова», <em>(Барыс Пракопчык, «Звязда» ад 20 жніўня 2015 г.)</em>

Якая менавіта? Пра гэта гутарка з доктарам юрыдычных навук Ігарам Мартыненкам.

Ігар Эдуардавіч прыйшоў у юрыдычную прафесію пасля службы ў арміі. Скончыўшы факультэт правазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, 14 гадоў праслужыў у органах пракуратуры. У 1997 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю і, дарэчы, быў тады адзіным у Беларусі пракурорскім работнікам з вучонай ступенню. У сувязі з гэтым пазней перайшоў на работу ў «купалаўскі» ўніверсітэт, якому патрабаваліся юрысты-практыкі. Сёлета пасля абароны другой дысертацыі яму прысуджана вучоная ступень доктара юрыдычных навук – дыплом, які пацвярджае гэты высокі навуковы статус, уручыў кіраўнік дзяржавы.

12 гадоў Ігар Мартыненка ўзначальвае кафедру грамадзянскага права і працэсу на юрыдычным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы. Аўтар каля 270 навуковых артыкулаў, якія друкаваліся ў пятнаццаці краінах, шэрагу манаграфій і вучэбных дапаможнікаў. Менавіта яго даследаванні паклалі пачатак фарміраванню новага кірунку ў юрыдычнай навуцы: абарона гісторыка-культурнай спадчыны як праваахоўная дзейнасць.

– Ігар Эдуардавіч, чаму менавіта ахова гісторыка-культурнай спадчыны стала прыярытэтнай сферай навуковых інтарэсаў?

– Гэтай праблемай займаюся ўжо 20 гадоў, матэрыял для даследаванняў збіраў па ўсім свеце. Выязджаў у камандзіроўкі і працаваў у судовых, праваахоўных, кантралюючых органах краін СНД. Вывучыў фактычна ўсе справы, што заводзіліся ў Беларусі за перыяд яе незалежнасці. У ГрДУ імя Янкі Купалы сабрана ўнікальная практыка па прымяненні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якая ўключае матэрыялы крымінальных і адміністрацыйных спраў, акты пракурорскага рэагавання, іскавыя патрабаванні, статыстычныя звесткі. Гэтая база пастаяна папаўняецца.

Сістэмна бачыць праблемы ў гэтай сферы мне самым непасрэдным чынам дапамог вопыт пракурорскага работніка. Яшчэ напачатку 1990-х гадоў, разглядаючы скаргу грамадзян наконт самавольнай прыбудовы да іх дома, выявіў шматлікія парушэнні заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Тады ўдалося прыцягнуць да адказнасці шэраг службовых асоб. Таксама прад’явілі першы ў Беларусі іск (дарэчы, да сёння адзіны) аб кампенсацыі страт, прычыненых гісторыка-культурнай каштоўнасці – комплекснаму помніку горадабудаўніцтва «Гістарычны цэнтр Гродна».

Былі і іншыя пракурорскія праверкі. Напрыканцы 1990-х давялося займацца былым домам купца Мураўёва. Як здарылася, што гістарычны помнік у цэнтры горада аказаўся фактычна безгаспадарным? Дайшло да таго, што ў гэтым будынку, з якога выехала абласная бібліятэка, людзьмі без пэўнага месца жыхарства нават вогнішчы разводзіліся… Справа не абмежавалася толькі крытычнымі артыкуламі ў «Гродзенскай праўдзе» і «Звяздзе». Па матэрыялах праверкі завялі крымінальную справу, былі ўнесены прадстаўленні ў шэраг дзяржаўных органаў, у тым ліку міністру культуры Беларусі. Асабіста дакладваў аб выніках праверкі на пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры. Прынцыповая пазіцыя пракуратуры дазволіла захаваць будынак ад канчатковага разбурэння.

– Аднак нядаўна на пасяджэнні грамадскага Савета пры пракуроры Гродзенскай вобласці ён зноў называўся сярод праблемных. Зацягваюцца тэрміны рэканструкцыі. На пачатку мінулага года з даху ўкралі элемент гістарычнага аб’екта — парапет, які, верагодна, зацікавіў зламыснікаў каляровым сплавам медзі. Толькі пасля пракурорскага прадстаўлення ўласнік аб’екта забяспечыў яго кругласутачнай аховай, але нядаўна зноў выявілі яе адсутнасць. Чаму такім шматпакутным аказаўся лёс гэтага гістарычнага помніка?

– Статус і стан былога будынка Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф. Карскага (менавіта так раней ён называўся) – праблема набалелая. Час ужо і ўладу прымяніць. Міністэрства культуры, органы мясцовага кіравання павінны прыняць узгодненае рашэнне, як і за якія сродкі адрэстаўраваць будынак, як забяспечыць захаванасць існуючых элементаў дэкору, што тут будзе размяшчацца. У мяне ў памяці засталіся печы, кафля, лепка. Удалося знайсці архіўныя дакументы, прасачыць эвалюцыю аб’екта, абгрунтаваць неабходнасць яго захавання і пакараць вінаватых. Зараз неабходна знайсці крыніцы фінансавання рамонтна-аднаўленчых работ на гэтым помніку архітэктуры і горадабудаўніцтва, выкарыстаць механізм дзяржаўна-прыватнага партнёрства. І, зразумела, патрэбны кантроль (не толькі дзяржаўны, але і грамадскі) за правядзеннем работ, навуковае суправаджэнне праекта.

– Наступны прыклад – з Брэстчыны. У вёсцы Малыя Мурыны Камянецкага раёна разабралі драўляную царкву XVІІІ стагоддзя, якая з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Прадугледжана аднавіць будынак, які быў далёка не ў найлепшым тэхнічным стане. Аднак ці ў прававым рэчышчы гэта робіцца?

– Па гэтым факце ўзнікае пытанне: што за від работ на гісторыка-культурным помніку – разборка? Законам ён не прадугледжаны. А калі так, што гэта за «аднаўленне» помніка шляхам яго разборкі? Ці не адбываецца тут замена гістарычнага аб’екта на муляж? І ці будзе новы аб’ект тым жа «разабраным» помнікам? Напэўна, не.

У любым выпадку патрабуецца прававая ацэнка дзеянняў па разборцы гісторыка-культурнай каштоўнасці.

– Ігар Эдуардавіч, чакаецца, што неўзабаве ў Беларусі будзе прыняты Кодэкс аб культуры…

– Гэта першы вопыт кадыфікацыі сферы заканадаўства аб культуры, сур’ёзны крок па ўпарадкаванні існуючых нарматыўных прававых актаў. Кодэкс мае перад імі безумоўныя перавагі, бо дазволіць сістэмна і лагічна аб’яднаць увесь заканадаўчы масіў. І, разам з тым, максімальна скараціць колькасць актаў і адсылачных нормаў. З прыняццем Кодэкса аб культуры спыняецца дзеянне шэрагу законаў, у тым ліку «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь». Асноўныя яго палажэнні і іншых законаў увойдуць у гэты кодэкс. У выніку яго нормы прамога дзеяння будуць рэгуляваць адпаведныя грамадскія адносіны без іх канкрэтызацыі ў іншых актах.

– Ці ўсе аспекты ў дачыненні да прававой аховы аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ўлічаны пры падрыхтоўцы кодэкса?

– Мяркуючы па праекце, не. На маю думку, не зусім удала вырашаецца пытанне дзяржаўнага ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей. З гэтым заўсёды былі праблемы: выклікае сумненне дакладнасць прынятых на ўлік помнікаў, асабліва археалогіі, дзяржспіс не апублікаваны. Згодна з праектам кодэкса, статус помніка, які ахоўваецца законам, будзе надавацца Міністэрствам культуры, а не ўрадам, як цяпер.

Лічу, што ў Беларусі павінен быць сфарміраваны спіс асабліва значных гісторыка-культурных каштоўнасцей, які зацвярджаецца Прэзідэнтам.

Праблемнае пытанне – ахова археалагічнай спадчыны. У прыватнасці, даўно адстойваю ідэю далучэння Беларусі да Канвенцыі ЮНЕСКА «Аб ахове падводнай культурнай спадчыны», каб выкарыстаць інструменты, якія прапанаваны ў гэтым міжнародным пагадненні. Аднак чамусьці пераважае меркаванне, што Беларусь не марская дзяржава. Прабачце, а хіба ж не з’яўляюцца нашай культурнай (археалагічнай) спадчынай судны, лятальныя апараты, зброя, што затанулі ў рэках і іншых вадаёмах? Альбо старадаўнія пахаванні і скарбы ў вадзе, тыя ж стаянкі (паселішчы на насцілах)…

Акрамя таго, варта ўвесці адказнасць за несанкцыянаванае прымяненне металашукальнікаў, чаго сёння няма. Трэба забараніць грамадзянска-прававыя здзелкі з археалагічнымі прадметамі. Неабходна дакладна прапісаць пытанні ўласнасці на помнікі археалогіі. І ўвогуле вызначыць, хто такія археолаг, археалагічная экспедыцыя.

Мяркую, што трэба дакладна вызначыць паняцце аўтэнтычнасці як прынцып захавання спадчыны. Чаму мы хочам набыць менавіта сапраўдную карціну? Таму што да яе дакраналася рука майстра. Дык чаму ж тады пасля рэканструкцыі, здараецца, з цяжкасцю можна распазнаць помнік? Бо яго адрэстаўравалі «лепш, чым было».

Спадзяюся, што гэтыя і іншыя пытанні будуць заканадаўча адлюстраваны ў Кодэксе аб культуры. Не застанецца ўбаку і наш універсітэт. З 1 верасня на юрыдычным факультэце ўпершыню ў Беларусі пачнём выкладаць аднайменны спецкурс. Будзем знаёміць студэнтаў не толькі з асаблівасцямі айчыннага і міжнароднага заканадаўства ў гэтай сферы, але і навучым іх падрыхтоўцы працэсуальных дакументаў, напрыклад, падачы іскавых заяў у суд па кампенсацыі страт, прычыненых гісторыка-культурнаму аб’екту.

Барыс Пракопчык, «Звязда» ад 20 жніўня 2015 г.
Фота Яраслава Ванюкевіча