/ / Общественно-политические и в области права
24.08.2015

«Зварот па абарону на новым узроўні. У Савеце Рэспублікі абмеркавалі міграцыйную сітуацыю ў краіне» <em>(Вераніка Пуставіт, «Звязда» ад 22 жніўня 2015 г.)</em>

Парламентарыі ўдасканаляць заканадаўства аб вымушанай міграцыі. Яго асаблівасці, шляхі змянення і сённяшнюю сітуацыю абмяркоўвалі падчас «круглага стала», арганізаванага Пастаяннай камісіяй Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы.

Першы закон аб бежанцах у Беларусі быў прыняты ў 1995 годзе – 20 гадоў таму, – кажа старшыня камісіі Уладзімір Сянько. – За гэты час ён не раз перажываў змены. Зараз урад унёс новы законапраект у Палату прадстаўнікоў. Мы лічым, што гэта зроблена ім даволі своечасова.

На думку сенатара, гэтая мера неабходна, каб прававая база ў сферы міграцыі працавала без перабояў. Менавіта таму на «круглы стол» запрасілі тых, хто амаль штодзённа сутыкаецца з названай праблемай. «Гэта не толькі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў. Да нас завіталі і супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, аблвыканкамаў, грамадскіх арганізацый: Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускага аб’яднання медыцынскіх супрацоўнікаў. І, вядома, прадстаўнік Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў», – дадае парламентарый.

Адказваючы на пытанні журналістаў, намеснік начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр Татура акрэсліў сённяшнюю міграцыйную сітуацыю ў краіне. Па яго словах, на 20 жніўня па міжнародную абарону ў адпаведныя органы ў Беларусі звярнуліся 758 замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.

«Хачу звярнуць увагу, што за аналагічны перыяд мінулага года такіх зваротаў было каля 485. Гэта значыць, фактычна мы назіраем істотнае павелічэнне колькасці асоб, якія звяртаюцца па міжнародную абарону на тэрыторыі нашай дзяржавы. Вядома, гэта звязана з тымі падзеямі, якія адбываюцца вакол нас», – адзначыў ён. Больш за 76 % тых, хто звярнуўся, – грамадзяне Украіны, больш за 11 % – Сірыі, звыш 4 % – Афганістана.

Пры гэтым грамадзяне Украіны, якія прыехалі ў Беларусь, не заўжды звяртаюцца па атрыманне статусу бежанца. «Мы адзначаем, што сёння, з прычыны найперш сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, маецца тэндэнцыя звароту замежнікаў па пытаннях уз’яднання сям’і, набыцця грамадзянства, прасцей кажучы, па ўрэгуляванні прававога статусу ў кантэксце перасялення на тэрыторыю Беларусі», – адзначыў прадстаўнік МУС. Усяго, па апошняй інфармацыі, у краіне афіцыйна знаходзіцца 80 000 грамадзян Украіны. Безумоўна, гэта не значыць, што ўсе яны адначасова прысутнічаюць на тэрыторыі нашай краіны.

Вераніка Пуставіт, «Звязда» ад 22 жніўня 2015 г.