/ / Общественно-политические и в области права
28.04.2015

«Як законна «парэзаць» кватэру? Зрабіць перапланіроўку цяпер можна і без хітрыкаў» <em>(Сяргей Куркач,</em> <em><font size="2">«Звязда» ад 28 красавіка 2015 г.)</font></em>

Адразу пасля набыцця ўласнай двухпакаёўкі нам з жонкай там усё падабалася. Аднак праз 2-3 месяцы наша сям’я даведалася, што купленая на наваселле пральная машына не «пралазіць» у ванны пакой па габарытах. Потым узніклі пытанні з выключальнікамі і маленькай нішай пад халадзільнік. Ужо праз год у маёй жонкі назбіраўся доўгі спіс пажаданняў і прапаноў, якія нагадвалі суцэльную рэканструкцыю жылля з абавязковай перапланіроўкай. І гэта не было нейкай празмернай цягай да шыку. Усе нашы суседзі таксама імкнуліся зрабіць сваю кватэру па-сапраўднаму ўтульнай. Як зрабіць так, каб багатая творчая фантазія асобных грамадзян не супярэчыла існуючым нормам і правілам? Гэта зусім не складана: трэба мець пад рукамі падрабязныя інструкцыі і проста выконваць іх. Але да нядаўняга часу правілы былі вельмі строгімі, нават на ўкладку новай падлогі патрабаваўся дазвол. Цяпер жа іх значна спрасцілі.

Касметычнай перапланіроўцы — вольніца

Пастанова Савета Міністраў Беларусі ад 9 сакавіка 2015 года № 180 значна спрасціла працэдуру атрымання дазволу на перабудову і перапланіроўку. Бо далёка не ўсе работы па жылым памяшканні патрабуюць строгага падыходу. Напрыклад, зрабіць дзвярны праём у апорнай сцяне ці істотна змяніць схему якіх-небудзь інжынерных сетак немагчыма без кансультацыі з вузкімі спецыялістамі і адпаведнага іх дазволу. Але бегаць па інстанцыях дзеля таго, каб перанесці на некалькі сантыметраў разетку або пакласці на падлогу ламінат, напэўна, не зусім мэтазгодна. Карэспандэнт «Звязды» разам са спецыялістамі галіновага часопіса ЖКГ «Жыві як гаспадар» паспрабавалі разабрацца, па якім алгарытме цяпер можна зрабіць з уласнага жылля сапраўдную «цукерачку». 

У новым дакуменце дакладна агаворваецца, што дазвол мясцовых улад і распрацоўка праектнай дакументацыі неабходныя толькі ў тых выпадках, калі гаворка ідзе пра работы, ад якіх залежыць бяспека пражывання ў жылым доме і эксплуатацыйная прыдатнасць яго канструктыўных элементаў.

Выкананне праектных работ — асаблівая місія, з якой можа справіцца толькі прафесіянал, таму пасля працэдуры ўзгаднення ўласнік абавязаны заключыць дагавор падраду з распрацоўшчыкам праектнай дакументацыі. Яе склад, форма і змест вызначаны сумеснай пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ад 23 сакавіка 2015 № 7/8.

Праект узгадняецца распрацоўшчыкам з тэрытарыяльным падраздзяленнем архітэктуры і горадабудаўніцтва. А калі пры перапланіроўцы ажыццяўляюцца змены ў апорных канструкцыях шматкватэрных дамоў, а таксама блакіраваных і аднакватэрных дамоў вышынёй больш за 7 метраў, тады неабходна яшчэ і правядзенне дзяржаўнай экспертызы.

Самі з рукамі

Шкленне балконаў і лоджый, а таксама ўладкаванне ў іх памяшканняў, якія не ацяпляюцца, не лічацца работамі па пераўладкаванні і перапланіроўцы і не патрабуюць цяпер спецыяльных дазволаў. Аднак трэба мець на ўвазе, што падобнага роду ініцыятыва ўплывае не толькі на камфорт асобнай кватэры, але і на знешні выгляд усяго дома, а значыць, і горада. Таму, перш чым прыступіць да рамонту, варта азнаёміцца з варыянтамі шклення, якія прапануюцца тэрытарыяльным падраздзяленнем архітэктуры і горадабудаўніцтва. Асабліва гэта тычыцца дамоў, якія выходзяць на галоўныя вуліцы і плошчы. Гэта паняцце вызначаецца мясцовымі выканкамамі з улікам нормаў Указа Прэзідэнта Беларусі ад 30 жніўня 2011 года № 385 «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў дзяржаўнай горадабудаўнічай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гг.».

У блакіраваных або аднакватэрных жылых дамах, вышыня якіх не перавышае 7 метраў, рамонт памяшканняў можа ажыццяўляцца самастойна. А вось у больш высокіх будынках не абысціся без дагавора будаўнічага падраду з юрыдычнымі або фізічнымі асобамі, якія маюць права на ажыццяўленне такога роду дзейнасці.

Узаконьванне «шэрых» рамонтаў

Свежым дакументам прадугледжаны парадак атрымання ўзгаднення і ў выпадку самавольна выкананых работ па пераўладкаванні і перапланіроўцы. Дарэчы, за падобную самадзейнасць прадугледжаны даволі жорсткія санкцыі — ад 10 да 30 базавых велічынь (1,8-5,4 млн рублёў). Калі самавольнае пераабсталяванне або перапланіроўка жылых памяшканняў прывялі да зніжэння апорнай здольнасці канструктыўных элементаў будынка, а таксама ў выпадках пераабсталявання вентыляцыйных шахт і каналаў, то штраф павялічваецца да 30-50 базавых велічынь (адна базавая сёння — 180 тысяч рублёў).

Для ўзаконьвання сур’ёзнага рамонту трэба звярнуцца ў мясцовы выканкам. Пры гэтым неабходна падаць тэхнічнае заключэнне аб тым, што зробленыя раней перабудова і перапланіроўка не ўплываюць на бяспеку будынка і выкананы ў адпаведнасці з тэхпатрабаваннямі. Такое заключэнне афармляецца пасля агульнага або дэталёвага абследавання будаўнічых канструкцый і інжынерных сістэм спецыялістамі, якія маюць права на ажыццяўленне такога віду дзейнасці.

У гэтам выпадку кліент абавязаны даць доступ у кватэру прадстаўнікам выканаўчай улады і камунальных службаў для агляду памяшкання. Менавіта на падставе праведзенай працэдуры складаецца акт, які пацвярджае адпаведнасць выкананых работ высновам тэхнічнай экспертызы. На працягу месяца даецца адказ, і ў выпадку станоўчага рашэння можна займацца складаннем тэхнічнага пашпарта. Дакумент удакладняе, што абследаванне, а таксама выраб ведамасці тэхнічных характарыстык на ізаляванае памяшканне робіцца за кошт асобы, якая ажыццяўляла самавольную перабудову і перапланіроўку.

За левую «талерку» атрымаеш штраф

Кандыцыянеры і індывідуальныя антэны сталі настолькі запатрабаванымі ў паўсядзённым жыцці, што іх спрабуюць аднесці да прадметаў першай неабходнасці. Прынамсі, такія канструкцыі на дахах і фасадах шматкватэрных дамоў успрымаюцца амаль як элементы сучаснай архітэктуры. Можна спрачацца пра эстэтыку падобнага ўкаранення тэхнічнага прагрэсу, але перашкаджаць яму няма ніякіх падстаў. Спрашчэнне парадку ўстаноўкі антэн і кандыцыянераў зусім не азначае магчымасць іх хаатычнага з’яўлення ў любым пажаданым месцы, але выбраць ці, наадварот, выключыць гэтае месца цяпер можна значна хутчэй. Для здзяйснення такой устаноўкі неабходна звярнуцца ў тэрытарыяльнае падраздзяленне архітэктуры і горадабудаўніцтва з адпаведнай заявай, да якой прыкладаюцца тэхнічны пашпарт і дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на памяшканне. А вось тых, хто гэтага не зробіць, чакаюць праблемы.

Згодна з артыкулам 21.13 КоАП Беларусі «Парушэнне архітэктурнага рашэння фасада будынка або збудаванняў» за самавольнае ўсталяванне антэн прадугледжаны штраф ад 2 да 15 базавых велічынь. Як і раней, застаецца катэгарычная забарона на ўстаноўку антэн і кандыцыянераў на сценах дамоў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны, а таксама на фасадах будынкаў, якія выходзяць на галоўныя вуліцы і плошчы.

З атрыманнем узгаднення адказнасць ініцыятара ўстаноўкі тэхнавінак не заканчваецца. У выпадку пашкоджання інжынерных сістэм, з’яўлення якіх-небудзь расколін або дэфармацый усе работы неабходна спыніць і неадкладна праінфармаваць камунальныя службы. Усе наступствы ліквідуюцца за кошт грамадзян, якія гэтыя пашкоджанні дапусцілі. Тыя ж дзеянні выконваюцца і тады, калі дэфекты выяўляюцца ў працэсе эксплуатацыі. Акрамя таго, пры рамонце даху або фасада ўладальнік устаноўленай канструкцыі абавязаны забяспечыць яе дэмантаж на час правядзення работ.

Свабода выбару

У шматкватэрных дамах нашых гарадоў асабістая прастора абмяжоўваецца квадратнымі метрамі жылых памяшканняў. Нават сучасныя тыпавыя праекты стандартных кватэр звычайна не супадаюць з нашымі паняццямі аб хатняй утульнасці. А пастанова Саўміна № 180 дае магчымасць уладальнікам кватэр праяўляць ініцыятыву на цалкам законных падставах.

— Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўнясенне паправак ініцыявана для спрашчэння адміністрацыйных працэдур у прыняцці рашэнняў і стварэння для грамадзян спрыяльных умоў пры іх узгадненні, — каментуе дакумент кансультант аддзела па эксплуатацыі жыллёвага фонду, арганізацыі і правядзенні жыллёвай рэформы Мінжылкамгаса Віялета Андрыянава. — Новы дакумент спрыяе ліквідацыі недакладнасці рэгламентацыі разгляданых праваадносін і вызначэнню дзейснага кантролю за рэалізацыяй адпаведных прававых прадпісанняў.

 Сяргей Куркач, «Звязда» ад 28 красавіка 2015 г.