/ / Общественно-политические и в области права
11.11.2014

«Судовы іск да… сына» <em>(Барыс Пракопчык, «Звязда» ад 11 лістапада 2014 г.)</em>

Пракуратура прымушае дзяцей выконваць свае абавязкі па ўтрыманні бацькоў

Вельмі рэдка бывае, калі бацькі звяртаюцца ў суд з прэтэнзіямі да… уласных дзяцей. І гэта можна зразумець. Сапраўды, нават калі і ёсць важкія прычыны для скаргаў, складана патрабаваць ад бацькоў, каб менавіта па іх ініцыятыве ў сямейныя разборкі ўмешвалася праваахоўная сістэма. Але ж праблемы ёсць, і яны павінны вырашацца. Хто ж на іх павінен рэагаваць, калі няма афіцыйнай заявы ад бацькоў?

Зразумела, што ў такіх выпадках павінны дзейнічаць патрабаванні заканадаўства. Паводле артыкула 100 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і «дзеці абавязаны клапаціцца аб бацьках і аказваць ім дапамогу. Утрыманне непрацаздольных бацькоў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, з’яўляецца абавязкам іх паўналетніх працаздольных дзяцей».

– На працягу многіх гадоў мы праводзім адпаведную работу па абароне правоў і законных інтарэсаў састарэлых бацькоў. А з 2012 года, калі гэтыя пытанні былі разгледжаны на каардынацыйнай нарадзе з удзелам усіх зацікаўленых дзяржаўных органаў, мы пайшлі шляхам падачы іскавых заяў у суд. Падставай для гэтага з’яўляецца артыкул 102 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і – ён прадугледжвае спагнанне аліментаў з дзяцей на непрацаздольных бацькоў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, – кажа старшы пракурор аддзела па наглядзе за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх справах пракуратуры Гродзенскай вобласці Ірына Дзятчэня.

Як гэта робіцца на практыцы? Як правіла, самі бацькі па дапамогу не звяртаюцца. Факты невыканання дзецьмі сваіх абавязкаў па ўтрыманні састарэлых бацькоў выяўляюцца ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў. Альбо па інфармацыі з сацыяльных устаноў, калі чалавек знаходзіцца там на ўтрыманні, але памеру яго пенсіі не хапае, каб кампенсаваць расходы дзяржавы. Спачатку дзецям прапануецца добраахвотна выканаць свае абавязкі па доглядзе бацькоў, выносіцца афіцыйнае папярэджанне, а калі выхаваўчыя захады не даюць выніку, то накіроўваюцца іскавыя заявы ў суд.

Сёлета на Гродзеншчыне органамі пракуратуры прад’яўлена ўжо 9 такіх іскаў. Напрыклад, адзін з іх – у інтарэсах састарэлай жыхаркі абласнога цэнтра, інваліда другой групы Марыі Іванаўны. Яе пенсіі не хапае на набыццё дарагіх лекаў, а працаздольнага, але непрацуючага сына, які пражывае разам з маці, гэта не хвалюе. Мала таго, што не дапамагае грашыма на лекі, але і не ўдзельнічае ў аплаце камунальных паслуг, злоўжывае спіртным.

У такіх выпадках іскавыя заявы і судовыя рашэнні павінны прымусіць дзяцей выконваць свае абавязкі па доглядзе бацькоў, садзейнічаць таму, каб людзі прымалі меры да працаўладкавання. Калі ж аліменты спаганяюцца з тых, хто працуе, то выканаўчы ліст накіроўваецца па месцы іх работы, што патрабуе адпаведнага рэагавання з боку наймальніка і працоўнага калектыву. Маецца на ўвазе не толькі разлік па аліментах, але і выхаваўчае ўздзеянне на гэтага чалавека, – зазначае Ірына Дзятчэня.

Цяжкая жыццёвая сітуацыя склалася і ў жыхаркі з Лідскага раёна. Яна пражывае ў неўпарадкаваным доме з пячным ацяпленнем. Прычым жанчына ў такім стане, што не можа правільна эксплуатаваць печ, у сувязі з чым пастаянна адбываецца моцнае задымленне. Найлепшае выйсце ў гэтых абставінах – пасяліцца ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў пры раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Такая магчымасць ёсць, аднак у жанчыны не хапае грошай, каб трапіць туды на абслугоўванне – да пенсіі патрэбна дадаць яшчэ каля 700 тысяч рублёў. Можа, дапамогуць два сыны, кампенсуюць розніцу паміж поўным коштам стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання і пенсіяй сваёй маці? Але вырашыць гэтую праблему аказалася няпроста. Адзін з сыноў згадзіўся аплачваць палову ад патрэбнай сумы, а вось другі ад сваёй часткі катэгарычна адмовіўся. Пасля чаго судом была задаволена іскавая заява пракуратуры аб спагнанні з яго аліментаў.

Дрэнна, вядома, што клапаціцца пра бацькоў дзяцей даводзіцца абавязваць праз суд. Але як інакш? Там, дзе не даюць вынікаў перакананне, заклікі да сумлення, павінен дзейнічаць прымус.

Меркаванне

Вячаслаў Ігнацік, старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці:

– Наша дзяржава сацыяльна арыентаваная, але гэта не значыць, што яна павінна быць чымсьці накшталт аддзела сацыяльнага забеспячэння ва ўсіх сферах жыцця. Людзей неабходна з дзяцінства выхоўваць так, што найперш яны самі адказныя за ўсё – і сваю будучыню, і сваіх старых бацькоў. Па вялікім рахунку, гэта праблема бацькоў, якія не падрыхтавалі сваіх дзяцей да самастойнага жыцця. Пэўна, гэта наша славянская традыцыя, што мы стараемся ўсё аддаць дзецям і дапамагаць ім да апошняга, пакуль ёсць магчымасці і сілы. І тым самым пагаршаючы становішча… сваіх дзяцей. Бо яны не вучацца жыць з уласнай адказнасцю, позна сталеюць, а некаторыя так і не ўпісваюцца ў жыццёвыя рэаліі, патрабаванні, якія становяцца для іх з кожным годам усё больш жорсткімі. Вось і атрымліваем нават у 30–40-гадовым узросце абсалютна няспелых людзей, утрыманцаў, якія абыякавыя ў тым ліку і да сваіх бацькоў.

Дарэчы, сярод гэтай катэгорыі людзей ёсць і тыя, хто сёння падпрацоўвае ў ценявой эканоміцы. Маючы даходы, яны нідзе не фігуруюць у якасці занятых, не плацяць падаткі, хаця карыстаюцца тымі ж сацыяльнымі гарантыямі, як і ўсе. Якое тут выйсце? Устанавіць для іх платныя сацыяльныя паслугі? Аднак будзе вельмі складана гэтую катэгорыю вычленіць. Што прад’явіць у паліклініку? Даведкі з падатковай інспекцыі, па ўзносах у сацыяльны фонд? Уяўляеце, колькі трэба будзе рыхтаваць даведак?!

У многіх іншых краінах, наколькі мне вядома, пайшлі больш рацыянальным шляхам – страхавая медыцына. Працуеш – цябе прадпрыемства страхуе, выдае страхавы поліс. А калі чалавек афіцыйна не працуе, не плаціць падаткаў, то няхай купляе гэтую страхоўку. І тады, калі ласка, заходзь у паліклініку. Такім чынам сацыяльныя паслугі, якія атрымлівае грамадзянін, «прывязваюцца» да яго рабочага месца.

Барыс Пракопчык, «Звязда» ад 11 лістапада 2014 г.