/ / Общественно-политические и в области права
02.03.2012

Юрыдычная алімпіяда–2012. Цырымонія ўрачыстага адкрыцця.

ЭмблемаОлимпиада БГУВясна да кожнага прыходзіць у свой час: для кагосьці разам з першай адлігай, вясновай капеллю і лёгкім подыхам паўднёвага ветру, для кагосьці – з чарговым перагорнутым лістком календара і датай 1 сакавіка.

А для студэнтаў-юрыстаў са ўсёй Рэспублікі Беларусь і жыхароў юрыдычнага факультэта БДУ сапраўдная вясна пачынаецца тады, калі на юрфаку праводзяцца вочныя туры Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды.

Сёння, 2 сакавіка 2012 года, юрфак сардэчна вітаў удзельнікаў вочнага адборачнага тура VIII Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды – пераможцаў завочнага тура – 49 індывідуальных удзельнікаў і 12 каманд з 16 ВНУ нашай краіны.

За вокнамі снежныя гурбы і мінусавая тэмпература, а ў будынку юрыдычнага факультэта БДУ з самай раніцы па-вясноваму цёпла, гучна, звонка і светла – натхнёныя твары, задорныя ўсмешкі, ззяючыя вочы…

Дух Спаборніцтва, дух Перамогі. Сапраўдны дух Алімпіяды!

У 9:00 раніцы адбылася цырымонія ўрачыстага адкрыцця Алімпіяды–2012.

На пачатку ўрачыстай цырымоніі ўсіх чакаў прыемны падарунак – відэаролік пра юрыдычныя алімпіяды розных гадоў: з чаго ўсё пачыналася, як развівалася і якога маштабу і размаху дасягнула на сённяшні дзень.

Пераможцы Алімпіяд 2005–2011 гадоў у камандным і індывідуальным заліках, прадстаўнікі аргкамітэта, члены паважанага журы… Такая прыемная настальгія, радасныя эмоцыі і добрыя, душэўныя пачуцці!

У якасці ганаровых гасцей, якія прымаюць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды, на цырымоніі адкрыцця прысутнічалі:

  • Жураўкоў Міхаіл Анатольевіч – Першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар;
  • Жук Аляксандр Іванавіч – Першы намеснік Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, прафесар;
  • Калінковіч Валерый Леанідавіч – намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
  • Рабцаў Віктар Мікалаевіч – намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь;
  • Стук Аляксей Канстанцінавіч – намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;
  • Іпатаў Вадзім Дзмітрыевіч – дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь;
  • Шаршун Віктар Аляксандравіч – намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь;
  • Філіпава Жанна Валянцінаўна – дырэктар установы «Новая Еўразія»;
  • Ярашэвіч Наталля – каардынатар па Беларусі Агенства па міжнароднаму развіццю;
  • Прасолава Наталля Дзмітрыеўна – дырэктар Юрыдычнага Дэпартамента ААТ «БПС – Сбербанк»;
  • Рашчупкін Андрэй Валянцінавіч – намеснік Генеральнага дырэктара Замежнага прадпрыемства «Кока-Кола Беврыджыз Беларусь»;
  • Чумакоў Андрэй Аляксандравіч – дырэктар СТАА «Эрнст энд Янг. Юрыдычныя паслугі»;
  • Ходас Дзмітрый Пятровіч – дырэктар прадстаўніцтва ТАА «МТС» у Рэспубліцы Беларусь;
  • Сцепаноўскі Андрэй Іванавіч – кіруючы партнёр ТАА «Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры»;
  • Сысуеў Цімур Валер’евіч – партнёр ТАА «Бізнэскансалт»;
  • Лазарэнкаў Яўгеній Валянцінавіч – дырэктар ТАА «Траст»;
  • Дз’ячкоў Ігар Уладзіміравіч – член прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў.

Некаторыя з паважаных гасцей Юрыдычнай алімпіяды–2012 звярнуліся да прысутных з прывітальнымі словамі і шчырымі пажаданнямі поспехаў.

Аляксандр Іванавіч Жук ад імя Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь павіншаваў студэнтаў з удзелам у Алімпіядзе і адзначыў, што ў сучасных умовах інтэлектуальны капітал – гэта найважнейшы капітал, таму натуральна, што Беларуская студэнцкая юрыдычная алімпіяда, маючы мэтай выяўленне не толькі тэарытычных ведаў, але і прафесійных практычных навыкаў, з кожным годам набывае ўсё большыя размах і папулярнасць.

Камандам і індывідуальным удзельнікам Аляксандр Іванавіч пажадаў поспехаў і творчага пад’ёму. Каб перамог мацнейшы, каб журы было строгім, але справядлівым.

Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў адзначыў, што дзяржава вызначаецца па якасці сваёй прававой асновы, таму на сённяшні дзень юрыдычная падрыхтоўка – адзін з прыярытэтных напрамкаў функцыянавання нацыянальнай вышэйшай школы. У гэтым сэнсе ВНУ нашай краіны ажыццяўляюць прыемную і адказную місію – рыхтуюць будучае нашай дзяржавы.

Усім удзельнікам Юрыдычнай алімпіяды Міхаіл Анатольевіч пажадаў выкарыстаць усе магчымасці, якія прадстаўляе ім Алімпіяда: пазнаёміцца са сваімі будучымі калегамі і з Беларускім дзяржаўным ўніверсітэтам. А таксама добрай падрыхтоўкі, добрых ведаў і добрай будучыні.

Валерый Леанідавіч Калінковіч ад імя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і суддзяў усіх агульных судоў звярнуўся з прывітальным словам да прысутных. Валерый Леанідавіч выказаў упэўненасць у тым, што толькі пры наяўнасці значнага кадравага патэнцыялу – высокамаральных, крэатыўных, думаючых юрыстаў – такіх, як удзельнікі Юрыдычнай алімпіяды, можна вырашыць тыя задачы, якія на сённяшні дзень стаяць перад нашай сістэмай правасуддзя. І, насуперак ходкім меркаванням, добрых юрыстаў шмат ніколі не бывае.

Камандам і індывідуальным удзельнікам Валерый Леанідавіч пажадаў, каб Юрыдычная алімпіяда была для іх карыснай і каб перамог мацнейшы і самы годны.

Аляксей Канстанцінавіч Стук шчыра падзякаваў членам арганізацыйнага камітэта і ўсім прысутным за магчымасць дакрануцца да Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды–2012 і ўдзельнічаць у яе падрыхтоўцы і правядзенні.

Аляксей Канстанцінавіч ад усяго сэрца пажадаў поспехаў усім удзельнікам Алімпіяды.

Вадзім Дзмітрыевіч Іпатаў звярнуў увагу на тое, што прафесія юрыста – ўніверсальная, таму што патрабуе добрых ведаў ва ўсіх сферах.

Усім прысутным – сапраўднаму перадавому атраду айчыннай юрыспрудэнцыі – Вадзім Дзмітрыевіч пажадаў выдатных вынікаў для сваіх ВНУ і для саміх сябе.

Юрыдычную алімпіяду–2012 можна лічыць адчыненай!
У добры шлях, каманды і індывідуальныя ўдзельнікі!
Открытие олимпиады

Падрабязную інфармацыю аб першым і другім днях Юрыдычнай алімпіяды хутка чытайце на галоўнай старонцы сайта юрыдычнага факультэта БДУ http://www.law.bsu.by.

Таксама інфармацыю аб Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіядзе можна знайсці на наступных старонках сайта юрыдычнага факультэта БДУ:

http://www.law.bsu.by/site/?49 – Юрыдычная алімпіяда;

http://www.law.bsu.by/content/?5082 – Юрыдычная алімпіяда–2012;

http://www.law.bsu.by/news/?channel=29 – навіны Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіяды.

Па паведамленні юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта